У Менску 13 студзеня праходзіць паседжаньне кантактнай групы па Ўкраіне. У сталіцу Беларусі прыбылі экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, расейскі прадстаўнік Барыс Грызлоў і іншыя ўдзельнікі перамоваў па Данбасе.
Удзельнікі Трохбаковай кантактнай групы на першай у 2016 годзе сустрэчы ў Менску 13 студзеня засяродзяцца на абмеркаваньні пытаньняў палітычнага ўрэгуляваньня.
Свабода распытала маскоўскага палітоляга Канстанціна Калачова, ці надасьць новы прадстаўнік Расеі імпульс перамовам, якія ўжо працяглы час адбываюцца безь відавочных вынікаў, і чаму расейскія тэлеканалы перастаюць выпускаць сюжэты пра так званыя ДНР і ЛНР.
— Парадкам дня сустрэчы прадугледжана інтэнсіўнае абмеркаваньне ключавых аспэктаў палітычнага ўрэгуляваньня — пытаньні пра рэалізацыю асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, дэцэнтралізацыю ўлады і канстытуцыйную рэформу ва Ўкраіне, правядзеньне мясцовых выбараў на Данбасе. Зрэшты, гэтыя самыя пытаньні абмяркоўваліся ўжо раней і безь відавочных вынікаў. Як вы лічыце, як будзе разьвівацца сытуацыя ў гэтым годзе?
— Галоўным новым элемэнтам першай у гэтым годзе сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу будзе ўдзел у гэтым раўндзе перамоваў новага ўпаўнаважанага прадстаўніка Расеі Барыса Грызлова. Ён атрымаў гэтую пасаду ў сьнежні мінулага году. Відавочна, што прызначаючы Грызлова, прэзыдэнт Уладзімер Пуцін хацеў надаць перамовам новы імпульс, асабліва ўлічваючы, што апошнім часам перамовы сапраўды ў тупіку. Іншымі словамі, сытуацыя ў канцы 2015 году была патавая: ні згоды выконваць менскія пагадненьні, ні нават адзінага разуменьня менскіх пагадненьняў дасягнута бакамі не было.
— Ці Барыс Грызлоў прынясе той новы імпульс у перамовы?
— Ёсьць розныя вэрсіі адносна яго прызначэньня. Некаторыя лічаць, што яго «выштурхнулі» ў кантактную групу, бо ён паспрабаваў аднавіць свае пазыцыі ў партыі «Единая Россия» і пачаў актыўную дзейнасьць у сувязі з выбарамі ў Дзяржаўную Думу. На думку некаторых экспэртаў, такім чынам людзі, якія маюць дачыненьне да кіраваньня расейскай унутранай палітыкай, вырашылі праблему лішняга гульца. Аднак я лічу, што ўсё трохі сур’ёзьней. Іншае пытаньне, што зьяўленьне новага ўпаўнаважанага ад Расеі зусім не азначае зьмены падыходаў Расеі да зьместу саміх перамоваў. Я лічу, што сур’ёзнага прагрэсу чакаць ня варта. Але для расейскіх палітыкаў будзе важным сказаць, што Расея робіць усе намаганьні, нават замяніла галоўнага перамоўшчыка, але застаецца праблема ва ўпартасьці і дэканструктыўнай пазыцыі ўкраінскага боку, які ня хоча прызнаваць цяперашніх лідэраў ДНР і ЛНР суб’ектамі прамога дыялёгу і ў гэтым катэгарычна разыходзіцца з Расеяй. Такім чынам, тэма аўтаноміі ДНР і ЛНР будзе ўздымацца неаднаразова. Гэта будзе адбывацца паводле прынцыпу — «што адбудзецца раней: ішак здохне ці памрэ падзішах». Кожны з бакоў разумее, што час працуе на яго, таму сытуацыя бліжэйшым часам ня зьменіцца і ніякага прарыву ня будзе.
Кожны з бакоў разумее, што час працуе на яго, таму сытуацыя бліжэйшым часам ня зьменіцца і ніякага прарыву ня будзе
— Як зьмянілася цяпер украінская тэма ў расейскіх навінах?
— Можна сказаць, што яна адышла ў глыбокі цень. Калі яшчэ год таму расейскае тэлебачаньне можна было характарызаваць як «навіны Ўкраіны, ДНР і ЛНР», то цяпер сюжэтаў на ўкраінскую тэматыку становіцца менш і менш. На першы плян выйшла сытуацыя ў Сырыі, у цэлым на Блізкім Усходзе, адносіны з Турэччынай, праблемы Саудаўскай Арабіі і Ірана. Такім чынам, міжнародны парадак дня — за межамі постсавецкай прасторы. Украіна адышла ў цень, хоць і засталіся экспэрты, якія назіраюць за сытуацыяй і часам выступаюць з крытыкай Пятра Парашэнкі, але ўсё гэта падобна да інэрцыі. Увогуле, сытуацыя з ДНР і ЛНР для Расеі нагадвае чамадан бяз ручкі, які несьці цяжка, але выкінуць шкада. Можна сказаць, што ў сувязі з тупіковасьцю перамоўнага працэсу па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу ўвагу расейскага тэлегледача пераключылі на сюжэты з Сырыяй, у якіх Расея займае вядучую ролю.
— Ці значыць гэта, што тэлебачаньне ўжо ня можа знаходзіць пазытыўныя моманты ў тым, што зьвязана з праектам «Наваросія»?
— Так, забясьпечыць плынь пазытыўных навінаў з ДНР і ЛНР вельмі складана. Часам паказваюць навіны культурнай скіраванасьці, напрыклад, пра гастролі расейскага тэатра на тэрыторыі ДНР і ЛНР. Але даваць карціну таго, што там адбываецца ў сацыяльна-эканамічным ракурсе, для расейскай прапаганды нявыгадна. Вядома, можна паказваць жыцьцё на акупаваных тэрыторыях і ківаць на Ўкраіну, кажучы, што яна кінула ДНР і ЛНР на волю лёсу, але, відаць, і гэта ўжо не спрацоўвае. Так званыя гуманітарныя канвоі ўжо не зьяўляюцца сур’ёзнай інфармацыйнай нагодай, а казаць пра нейкі ўздым і росквіт у ДНР і ЛНР вельмі праблематычна. Калі паглядзець рэйтынгі цытаванасьці Платніцкага, а таксама герояў «рускай вясны», — яны мізэрныя, фактычна роўныя нулю. Гэта не параўнаць з тым, што было год назад, калі асобныя прозьвішчы гучалі часьцей, чым прозьвішчы лідэраў расейскай грамадзкай думкі. Цяпер гэтая тэма згасла ці яе прыглушылі, таму што ўжо немагчыма патлумачыць грамадзянам Расеі, што выйгралі жыхары тэрыторыяў, акупаваных ДНР і ЛНР, супрацьпаставіўшы сябе Кіеву.