Аляксандар Лукашэнка паведаміў 22 сьнежня пра падпісаньне дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Поўны тэкст дэкрэту пакуль не апублікаваны, але некаторыя пункты вядомыя: дазваляюць крыптавалюты, пашыраюць спэктар дзейнасьці Парку высокіх тэхналёгій і даюць кампаніям ПВТ шматлікія льготы.
Што там у новым «ІТ-дэкрэце»? Каротка пра асноўнае
Вадзім Іосуб, фінансавы аналітык, старшы аналітык кампаніі «Альпары», і Багдан Каравец, дырэктар IT-кампаніі Astronim, што займаецца распрацоўкай сайтаў і электроннай камэрцыяй, але не ўваходзіць у ПВТ, разважаюць у камэнтары Свабодзе пра доўгатэрміновыя наступствы дэкрэту.
Ці заменяць ІТ-кампаніі нафту ды сельскую гаспадарку?
Дэкрэт тычыцца кампаній, зьвязаных з высокімі тэхналёгіямі (і толькі тых, якія ўваходзяць у ПВТ), але гэта далёка ня ўся беларуская эканоміка. Ці адчуюцца наступствы дэкрэту на ўзроўні ўсёй дзяржавы?
Іосуб: «Як мне здаецца, у самай спрыяльнай сытуацыі выручка ў гэтым сэктары можа павялічыцца разы ў два, з аднаго мільярда даляраў да двух мільярдаў. Але ІТ-сэктару наўрад ці ўдасца замяніць рэальны сэктар эканомікі і прыносіць адчувальныя грошы для краіны, параўнальныя з тымі, якія прыносіць прамысловасьць, ці, у прыватнасьці, нафтаперапрацоўка, ці сельская гаспадарка».
Каравец: «Гэты дэкрэт уведзены, каб аўтсорсэры мянялі юрысдыкцыю на Беларусь і павялічвалі фінансавыя патокі праз краіну. У ПВТ ужо амаль мільярд даляраў абароту за год — я думаю, цягам некалькіх год гэтая лічба ў некалькі раз павялічыцца, дзеля таго ўсё і робіцца. А далей лічыце, колькі гэта будзе ў адсотках ВУП».
Ці варта даць такія льготы ўсім?
Прэфэрэнцыі ствараюцца не для ўсіх беларускіх кампаній і не для ўсёй эканомікі: толькі для кампаній, якія далучыліся ці далучацца да ПВТ. Ці ня лепей было б даць адразу ўсім нейкія льготы?
Іосуб: «Вядома, было б лепей, каб прэфэрэнцыі тычыліся ўсёй эканомікі. Не зусім такія — гэта маларэальна, бо значная частка прэфэрэнцый зьвязаная з істотным зьніжэньнем падаткаў (на заробкі, на прыбытак, на дададзеную вартасьць...). Калі б гэта распаўсюдзіць на ўсіх, не зьбіраліся б падаткі і не было б чым напаўняць бюджэт.
Элемэнты „ангельскага права“ варта распаўсюдзіць на ўсю эканоміку
Але што да элемэнтаў „ангельскага права“, напрыклад, або адсутнасьці субсыдыярнай адказнасьці, то было б лепей, каб гэта адносілася ня толькі да ПВТ, а распаўсюджвалася на ўсю эканоміку.
Трэба адзначыць, што ў прыхільнікаў дэкрэту ёсьць аргумэнт, што ў будучыні нейкія прэфэрэнцыі, выпрабаваныя на ПВТ, мажліва, будуць распаўсюджвацца і на іншыя часткі эканомікі».
Каравец: «Я думаю, што гэтыя законы і схемы будуць адпрацоўвацца ў вузкім коле ПВТ, а потым іх варта распаўсюджваць далей. Пакуль гэта робіцца ў замкнёным коле, каб зручней было кантраляваць. Спадзяюся, гэта пойдзе далей і для ІТ-кампаній, і для ўсяго бізнэсу».
Your browser doesn’t support HTML5
Ці не ўвядуць супраць Беларусі санкцыі за біткойны?
Крыптавалюты дазваляюць праводзіць «шэрыя» апэрацыі, пры якіх ні адпраўнік, ні атрымальнік грошай не вядомыя. Дый курсы крыптавалютаў могуць за дзень абваліцца на 30% або падскочыць у дзесяць разоў безь відавочнай прычыны. Ці ня варта было б дзяржаве сьцерагчыся крыптавалютаў?
Іосуб: «Прадметна на гэтую тэму цяпер разважаць складана: указ ёсьць, але як гэта будзе рэалізоўвацца і ўва што выльецца, ня вельмі зразумела. Сама па сабе сфэра крыптавалютаў не ўтварае вялікіх рызыкаў.
Сама па сабе сфэра крыптавалютаў не ўтварае вялікіх рызыкаў
Але ёсьць рызыкі на мяжы звычайных грошай і крыптавалютаў. Чыста тэарэтычна там магчымыя і ўцёкі ад падаткаў, і іншыя крымінальныя рэчы. Калі гэтая сфэра атрымае актыўнае разьвіцьцё, калі ў Беларусі будуць актыўна абменьвацца „брудныя“ грошы на крыптавалюты, можна меркаваць, што Беларусь трапіць у „чорныя сьпісы“ афшораў. Але казаць з упэўненасьцю, што такі ўказ рэалізуецца, яшчэ рана».
Каравец: «Апэрацыі з крыптавалютамі дазваляюцца ў замкнёнай сыстэме ПВТ, а дзяржава нічога ня страчвае, бо і ня ўкладвае. Думаю, гэта добры экспэрымэнт — паглядзець, што атрымаецца.
[Пра магчымыя замежныя санкцыі супраць дзяржавы] я думаю, выпадкі будуць розныя: можа, прыкладна як гандаль зброяй, што камусьці можна, камусьці нельга, камусьці санкцыі».