Як дзьве гарадзенкі стварылі экалягічны дзіцячы садок

Рыма Ушкевіч і выхаванцы дзіцячага эка-садку "ВЕТКА"

Ідэя праекту простая, але аналягаў на Гарадзеншчыне ён ня мае.

Эка-садок "ВЕТКА" нагадвае звычайны дзіцячы садок. Толькі дзеці сюды прыходзяць не на ўвесь дзень, а ня больш як на чатыры гадзіны. Адразу кідаецца ў вочы, што ў памяшканьні няма плястыкавых цацак — амаль усе драўляныя, шмат самаробных. Мэбля, іншыя рэчы — усё не зусім падобнае да звычайнай сучаснай абстаноўкі.

Адна з гаспадынь — Рыма Ўшкевіч, журналістка паводле адукацыі, кажа, што прыйшла да ідэі такога садку, выхоўваючы сваё дзіця. Знайшла аднадумцу — Тацяну Валошчык, пэдагога-псыхоляга, якая выхоўвае траіх сваіх дзетак. Доўга думалі, абмяркоўвалі і вырашылі дзейнічаць.

— Я прыйшла да высновы, — кажа Рыма Ўшкевіч, — выхоўваючы сваё дзіця, што чалавек можа дасягаць большага, калі ў дашкольны пэрыяд ягоным выхаваньнем насамрэч займаюцца, а ня проста аддаюць у садок.

Рыма Ушкевіч

Экалягічнай ідэяй Ушкевіч захапілася пасьля ўнівэрсытэту ў Менску, калі была сябрам экалягічнай арганізацыі. Там набралася тэарэтычных ведаў, навучылася любіць і шанаваць прыроду. А таксама заўважыла, што многія сёньняшнія дзеткі нават не ўяўляюць, адкуль бяруцца харчы.

— Мы вырашылі стварыць такую прастору для дзетак, каб кожны, хто сюды заходзіць, адчуў тут гэтую ідэю экалягічнасьці, аховы навакольнага асяродзьдзя, адчуў нашу традыцыю, аўтэнтычнасьць, — працягвае Ўшкевіч. — І на ўсіх нашых занятках мы ўсе вучымся адзін у аднаго, дапамагаем адзін аднаму, і ў нас няма лепшых і горшых. І тут мы ўсе як маленькія галіначкі, якія вырастаюць у вялікія і прыгожыя дрэвы.

Тацяна Валошчык дадае, што і заняткі пабудаваныя адпаведным чынам. Паводле яе, у сваёй працы яны імкнуцца карыстацца дасягненьнямі розных пэдагагічных школаў, напрыклад сыстэму Мантэсоры.

Выхаванцы эка-садку "ВЕТКА"

Згодна з вальдорфскай пэдагагічнай сыстэмай, заняткі праводзяцца па тэмах у залежнасьці ад пары году. Увосень тут стараюцца рабіць і пазнаваць тыя рэчы пра прыроду і чалавека, якія датычаць восені, а не вясны і лета. Кожны дзень — праца зь нейкім прыродным матэрыялам, маляваньне, лепка, ручная творчасьць, шыцьцё. Плянуецца наладзіць навучаньне ткацтву і іншым традыцыйным беларускім заняткам.

— Кожны раз, калі мы выходзім на вуліцу гуляць, то вітаемся з дрэўцамі. У нас у пакоі жыве птушачка-сінічка. Кожны зь дзяцей бярэ яе ў рукі, гладзіць, а калі адыходзім дахаты, становімся ў кола і разьвітваемся зь ёю.

Тэатральныя заняткі, паводле Валошчык, таксама адыгрываюць спэцыфічную ролю, бо праз гэта ляжыць шлях да самараскрыцьця дзіцяці.

— Гэта дзеля таго, — кажа спадарыня Тацяна, — каб дзеці ня толькі сядзелі за столікамі і нешта рабілі рукамі, а яшчэ каб маглі свабодна ляжаць на падлозе, маляваць на вялікіх лістах паперы, каб яны вучыліся раскрываць сваю індывідуальнасьць.

Цацкі ў экастудыі

— Кожную нядзелю мы паказваем нейкае тэатральнае прадстаўленьне, а пасьля гэтага дзеці самі выбіраюць для сябе ролі таго ці іншага героя. Рыхтуемся да таго, што пастаноўкі будуць ставіць самі дзеці.

Belarus -- Children's ecological garden in Grodno

Рыма Ўшкевіч кажа, што бачыць цікавасьць бацькоў да іхняй студыі. Паводле яе, гэта раней людзі ставілі перад сабой задачу выгадаваць генія або нейкага незвычайнага чалавека, а цяпер усё болей людзей задумваюцца пра тое, каб іх дзеці расьлі звычайнымі нармальнымі добрымі і здаровымі людзьмі.

— Мы і ставім задачу, каб чалавек з маленства навучыўся жыць у гармоніі з прыродай і людзьмі, каб любіў і ахоўваў сваю зямлю, даглядаў свой гарод, быў гаспадаром сваёй невялічкай справы. Хочацца, каб жыцьцё ў чалавека ня проста мінула, а каб ён меў для сябе як мага болей прасторы для рэалізацыі сваёй асобы за адведзены яму час. Хочацца, каб нашы дзеткі стварылі нешта большае...