Аўтары першай маштабнай беларускамоўнай відэагульні «Легенды Айзэнвальда», студыя Aterdux Entertainment завершыць 20 верасьня збор грошай на Kickstarter на распрацоўку новай відэагульні «Айзэнвальд: Кроў лістапада».
Мэтай 20-дзённага збору былі 12 тысяч даляраў, за 8 гадзінаў да завяршэньня набралася 12 359 даляраў. Праект падтрымаў сярод іншых дырэктар Kickstarter Янсі Стрыклер. Лічбавая копія відэагульні каштавала ў час збору ад 7 даляраў.
Анонс і першыя падрабязнасьці пра гульню «Кроў лістапада»
Распрацоўшчыкі абяцаюць не дапаўненьне да мінулай гульні, а паўнавартасную новую гульню ў сьвеце Айзэнвальда — сьвеце сярэднявечнай Сьвятой Рымскай імпэрыі, дапоўненым магіяй і містыкай. Жанр гульні вызначаюць як «олдскульную прыгоду з пакрокавымі баямі з элемэнтамі RPG і стратэгіі ў стылі пясочніцы».
«У „Крыві лістапада“ мапа будзе запоўненая заняткамі, здавалася б, не зьвязанымі адзін з адным, — распавядалі распрацоўшчыкі ў час збору грошай. — Але дзякуючы новай апрацоўцы квэстаў большасьць дзеяньняў гульца будзе паступова ўплываць на вынік і зробіць наступныя квэсты даступнымі альбо недаступнымі. Уплыў ня будзе відаць адразу, і мы лічым, што толькі на сярэдзіне або ў канцы гульні гулец зразумее, які шлях ён ці яна прыняла. З улікам таго, што будуць і нейкія выпадковыя квэсты, геймплэй кожны раз будзе адрозьнівацца ў пэўнай ступені».
Распрацоўшчыкі абяцаюць пачаць распаўсюд лічбавых копіяў гульні ў кастрычніку 2016 года. Яны кажуць, што цяпер працуюць над балянсам квэставай сыстэмы і спадзяюцца здаць гульню ў належны тэрмін.