Больш за палову выпускнікоў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту сёньня пражываюць у Беларусі, і большасьць зь іх працаўладкаваныя ў сфэрах, якія зьвязаныя з атрыманай у ЭГУ адукацыяй, паведамляе сайт ВНУ.
Паводле дадзеных апытаньня выпускнікоў ЭГУ, якое праводзілася ў лістападзе — сьнежні 2015 году, 62,2% выпускнікоў ЭГУ пражываюць у Беларусі, куды яны вярнуліся пасьля заканчэньня навучаньня ва ўнівэрсытэце. 83,3% рэспандэнтаў маюць сталае месца працы, якое ў большасьці выпадкаў цалкам альбо часткова адпавядае кірунку іх навучаньня ў ЭГУ. Выпускнікі працуюць як у прыватным сэктары (64,6%), няўрадавых арганізацыях (17,4%), так і ў дзяржаўных установах Беларусі (10,1%). 49,4% выпускнікоў ЭГУ зарабляюць вышэй за сярэднямесячны заробак па Менску.
89,1% рэспандэнтаў пацьвердзілі, што навучаньне ў ЭГУ дапамагло ім атрымаць карысныя тэарэтычныя веды і грунтоўную практычную падрыхтоўку, якая аблягчыла іх працаўладкаваньне і кар’ерны рост у Беларусі.
Да ўдзелу ў апытаньні запрашаліся ўсе выпускнікі, якія скончылі адукацыйныя праграмы ЭГУ як у Менску, так і ў Вільні.
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, у 2004 годзе быў закрыты беларускімі ўладамі. З 2005 году ўнівэрсытэт знаходзіцца ў Вільні. Фінансуе ЭГУ кааліцыя міжнародных донараў, якія падтрымліваюць унівэрсытэт як альтэрнатыву дзяржаўным ВНУ Беларусі.