10 малавядомых фактаў пра дачыненьні Беларусі і Ўкраіны

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 20–21 ліпеня наведае з афіцыйным візытам Украіну. Ён правядзе перамовы з сваім украінскім калегам Пятром Парашэнкам — у фармаце «сам-насам» і ў пашыраным складзе.

Кіраўнікі дзяржаваў абмяркуюць разьвіцьцё палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай супрацы паміж Украінай і Беларусьсю.

«Асноўная ўвага будзе нададзеная цяперашняму стану і пэрспэктывам узаемадзеяньня ў эканоміцы, у тым ліку ў такіх сфэрах, як гандаль, інвэстыцыі, прамысловая каапэрацыя, нафтахімічны комплекс, энэргетыка, сельская гаспадарка, транспартна-лягістычная галіна, разьвіцьцё міжрэгіянальнага дыялёгу. Плянуецца таксама ўзгадніць падыходы да далейшага разьвіцьця прымежнай супрацы. Лукашэнка і Парашэнка абмяркуюць сытуацыю ў рэгіёне ў цэлым, абмяняюцца думкамі ў галіне міжнароднай праблематыкі», — паведамляе прэсавая служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

1.

Вельмі імаверна, што сёлета таваразварот Беларусі і Ўкраіны перасягне 4 мільярды даляраў. За паўгода адпаведная лічба перавысіла 2 мільярды. Летась дзяржавы здолелі зьліквідаваць ключавыя бар’еры для ўзаемнага доступу на рынкі. У выніку ў 2016 годзе аб’ём таваразвароту склаў 3,8 мільярда даляраў з прыростам у 10%. Украіна пацьвердзіла статус другога паводле значнасьці гандлёвага партнэра Беларусі. Яе доля ў агульным таваразвароце Беларусі склала 7,5%. У сваю чаргу доля беларускай прадукцыі ва ўкраінскім імпарце таксама складае больш за 7%.

За студзень-сакавік 2017 году Беларусь экспартавала ва Ўкраіну 1799 трактароў

2.

Крэмль пакуль трывае тое, што беларускім бэнзінам і саляркаю з расейскае нафты ўкраінцы запраўляюць танкі і бронетранспартэры. Беларусь прадае ва Ўкраіну найперш прадукты перапрацоўкі расейскай нафты. Украінцы запраўляюць гэтым бэнзінам і саляркай танкі і бронетранспартэры, якія рушаць у зону АТА. Крэмль пакуль гэта трывае. Магчыма, паміж Крамлём і Лукашэнкам ёсьць нейкая дамова на гэты конт, пра якую мы ня ведаем. Афіцыйна Расея дагэтуль ня ставіць рубам гэтага пытаньня. І гэта дзіўна, бо каб такое было, напрыклад, у Злучаных Штатах альбо ў Нямеччыне, там палітыкі адразу ўзьнялі б велізарны вэрхал.

3.

Беларускія нафтапрадукты для Ўкраіны найтаньнейшыя. Беларусі такія пастаўкі выгодныя. Украіна бярэ нафтапрадукты ў нас ахвотна. Такую ж прадукцыю нашы суседзі купляюць у Румыніі, Польшчы, Вугоршчыне. Але попыт на беларускія вырабы найбольшы, бо яны больш якасныя.

4.

Ці прадаюцца празь Беларусь украінскія рухавікі для расейскіх баявых караблёў? Раней Расея купляла ва Ўкраіне рухавікі для баявых караблёў. Пасьля акупацыі Крыму гэтыя ўгоды спыніліся. І ў расейскім флёце, асабліва Балтыйскім, зьявіліся сур’ёзныя праблемы. Экспэрты не выключаюць, што Расея таемна празь Беларусь закупляе гэтыя рухавікі.

5.

Беларусь найперш купляе ва Ўкраіне мэтал і харчы. Мэтал неабходны для будаўніцтва. А ўкраінскія харчы і якасныя, і таньнейшыя. Пакуль у нашым рэгіёне на рынку харчаваньня дамінуе Расея. Але экспэрты прагназуюць: гадоў праз 5–6 лідэрскія пазыцыі пяройдуць да Украіны ў вельмі шырокім спэктры, пачынаючы з пшаніцы і канчаючы гарбузамі. У нашых паўднёвых суседзяў тут добрыя пэрспэктывы.

6.

На ўкраінскіх адыходах сланечніку трымаецца ўся немалая беларуская курыная прамысловасьць. Ёсьць такая цікавая і, магчыма, незразумелая для неспэцыялістаў пазыцыя — закупы ва Ўкраіне адыходаў сланечніку. Летась Беларусь закупіла іх больш чым на 100 мільёнаў даляраў, і гэта стала першай пазыцыяй паводле цэнаў у нашым імпарце з Украіны.Сакрэт такі: на гэтых адыходах трымаецца ўся немалая беларуская курыная прамысловасьць.

7.

Празь некалькі гадоў плынь тавараў паміж Беларусьсю і Ўкраінай будзе ўсё ж зьніжацца. Кіеў абраў курс на Эўразьвяз, і менавіта гэты рынак становіцца для яго найбольш пэрспэктыўным. Гэта працэс аб’ектыўны. Ён адлюстроўвае эўрапейскі вэктар Украіны.

8.

Ці называе Лукашэнка Парашэнку Пецем альбо Пятром, застаецца толькі здагадвацца. Трэба аб’ектыўна аддаць належнае Лукашэнку. Калі ён захоча камусьці спадабацца, то ён гэта зробіць. Можа тут не зусім правільна казаць «заваяваць давер». Але «выклікаць сымпатыі» ён можа. Таму ці называе Лукашэнка Парашэнку Пецем альбо Пятром, застаецца толькі здагадвацца. Цалкам такую імавернасьць экспэрты не выключаюць.

9.

Падобна, што адносіны двух лідэраў усё ж прыязныя.. Мы ня можам прысутнічаць на іхных асабістых размовах, але гэта відаць падчас тэлевізійных трансьляцыяў. Многія памятаюць нэгатыўную рэакцыю ўсіх трох расейскіх прэзыдэнтаў — Ельцына, Пуціна, Мядзьведзева — на пэўныя выказваньні Лукашэнкі. І гэтая рэакцыя лёгка праглядалася на іхных тварах. Пра Парашэнку такога ня скажаш. Калі ў сталіцы Беларусі афармляліся менскія пагадненьні, тэлебачаньне колькі разоў паказвала моманты камунікацыі двух прэзыдэнтаў. І нейкай непрыязнасьці на тварах ані Лукашэнкі, ані Парашэнкі не было. А вось з прэзыдэнтам Расеі ў Менску непаразуменьні былі, што і падкрэсьлівалі розныя мэдыі.

10.

У Беларусі Парашэнка мае свае асабістыя бізнэс-інтарэсы. Гэта ягоны «Roshen». І бізнэс прэзыдэнта Ўкраіны ў Беларусі дастаткова пасьпяхова разьвіваецца. Але ж усякі вялікі бізнэс тут ня можа існаваць бяз добразычлівасьці беларускага прэзыдэнта. І гэта яшчэ адзін чыньнік сяброўскіх адносінаў Лукашэнкі і Парашэнкі".