Канстытуцыя сучаснай Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 году — роўна 24 гады таму.
Першая Канстытуцыя ў гісторыі Беларусі была прынятая 11 кастрычніка 1918 году — часовая Канстытуцыя Беларускай Народнай Рэспублікі. А першы дакумэнт пад назвай Канстытуцыя, што тычыўся тэрыторыі сучаснай Беларусі, быў прыняты 3 траўня 1791 году, менш як праз тры гады пасьля прыняцьця Канстытуцыі ЗША — гэта была Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, уніі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Да таго ў ВКЛ былі статуты — дакумэнты, шмат у чым падобныя да Канстытуцыяў.
Праект першай Канстытуцыі сучаснай Беларусі згадваў і БНР, і ВКЛ, у фінальны варыянт гэтыя згадкі не ўвайшлі. Канстытуцыя афіцыйна мянялася двойчы праз рэфэрэндумы: 1996-м і ў 2004-м. Кожны раз рэфэрэндумы ў Беларусі прызначаліся з парушэньнямі дзейных законаў, праходзілі са шматлікімі парушэньнямі.
Падпісант першай Канстытуцыі: Беларусі варта адмовіцца ад прэзыдэнцкай формы кіраваньня
Па выніках другога ў гісторыі Беларусі рэфэрэндуму Канстытуцыя была перапісаная: Аляксандар Лукашэнка атрымаў вельмі шырокія паўнамоцтвы на пасадзе прэзыдэнта, Дзень Незалежнасьці быў перанесены на 3 чэрвеня (калі саветы выбілі нацыстаў зь Менску ў 1944 годзе), сьмяротнае пакараньне не было скасаванае. Трэці рэфэрэндум 2004 году зноў зьмяніў Канстытуцыю, дазволіў Лукашэнку балятавацца ў прэзыдэнты неабмежаваную колькасьць разоў.
Па выніках рэфэрэндуму 1995 году, які фармальна не мяняў Канстытуцыі, расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, дзяржаўная сымболіка замененая з нацыянальнай на мадыфікаваную савецкую, а Лукашэнка атрымаў права распусьціць Вярхоўны Савет.
Канстытуцыю парушаюць нават у дзіцячых садках, і няма надзейнага законнага шляху процістаяць гэтаму
Нядаўні «дэкрэт пра дармаедаў» ня раз абвінавачвалі ў парушэньні Канстытуцыі, бо, паводле яе, прымусовай працы быць ня можа, але да працы змушалі абавязковай сплатай збору за беспрацоўе.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая паспрабавала разабрацца, як такі дэкрэт мог быць прыняты, але выявіла, што ня толькі гэты дэкрэт, але і любы іншы закон можа парушаць Канстытуцыю, і няма надзейнай працэдуры, каб гэта выправіць сіламі дэпутатаў або народу.
«Дэкрэт пра дармаедаў» у выніку мадыфікавалі і пераназвалі, але ён можа парушаць Канстытуцыю па-новаму: напрыклад, можа пазбавіць «дармаедаў» бясплатнай мэдыцыны, гарантаванай Канстытуцыяй (нават можа ўвесьці «праязны дармаеда» і «праязны недармаеда», як бы абсурдна тое не гучала).
Беларусы бачаць парушэньні Канстытуцыі шмат у якіх галінах. Напрыклад, Канстытуцыя гарантуе роўны статус беларускай і расейскай моваў. Але законы складаюцца так, што ў Менску становіцца нуль беларускамоўных дзіцячых садкоў, а на скаргі бацькоў чыноўнікі спакойна адказваюць нешта накшталт «бацькі самі вінаватыя» і «хочаце беларускамоўную дашкольную адукацыю — рабіце за свае грошы».
Нярэдка беларускія журналісты і простыя грамадзяне сутыкаюцца з парушэньнем 34-га артыкулу Канстытуцыі, які гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюд інфармацыі. Напрыклад, здымаць відэа на выбарчым участку могуць забараніць проста таму, што гэта ніяк не прапісана ў законах (не дазволена і не забаронена). Працу журналіста на мітынгу могуць прыраўняць да правядзеньня гэтага мітынгу. А стварэньне відэа звычайным чалавекам для асабістай старонкі ў сацсетках могуць назваць парушэньнем закону «Аб СМІ».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.