У гарадзенскіх школах апытваюць дзяцей — ці хочуць яны вывучаць гісторыю і геаграфію Беларусі па-беларуску. Большасьць на гэта не пагаджаецца.
Навучаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове павінна, згодна з рашэньнем Міністэрства адукацыі, распачацца з наступнага навучальнага году. Цяпер у школах Горадні вывучаюць стаўленьне вучняў да пераводу гэтых прадметаў на беларускую мову.
Завуч школы № 7 Горадні спадарыня Натальля кажа, што такое апытаньне ў іх правялі, але большасьць дзяцей ня хочуць вучыць гісторыю і геаграфію па-беларуску. Асабліва пра гэта выказваюцца старшаклясьнікі, якія ўвесь час у школе навучаліся па-расейску. А вось сярод вучняў сярэдняга зьвяна болей дзяцей, якія хочуць навучацца па-беларуску. Праўда, яны не заўсёды кажуць пра гэта ў адкрытую:
«Хто саромеецца сказаць у адкрытую, то падыходзяць індывідуальна да настаўніка і кажуць, што хацеў бы альбо хацела навучацца па-беларуску, але, маўляў, усім пра гэта не кажыце».
Падобныя вынікі апытаньняў і ў многіх іншых школах.
Сытуацыя кардынальна адрозьніваецца там, дзе настаўнікі-энтузіясты, нягледзячы на расейскамоўнае навучаньне, працягвалі выкладаць свой прадмет на роднай мове.
Адзін з бацькоў 11-клясьніка з школы № 28 сказаў мне, што такой праблемы ў іх наагул няма, паколькі дзеці адпачатку вывучаюць гісторыю Беларусі на беларускай мове:
Відавочна, што тут вельмі шмат залежыць ад настаўніка, бо калі ён хоча выкладаць па-беларуску і цікава гэта робіць, то праблемаў ня будзе
«Мой сын навучаецца ў 11 клясе, і гісторыю Беларусі ў іх увесь час выкладаюць па-беларуску. Прычым гэта ня толькі ў іхняй клясе, а і ў астатніх таксама. Відавочна, што тут вельмі шмат залежыць ад настаўніка, бо калі ён хоча выкладаць па-беларуску і цікава гэта робіць, то праблемаў ня будзе. А што тычыцца дзяцей, то яны нармальна ўсё гэта ўспрымаюць. Не ствараюць канфліктных сытуацыяў і ня кажуць, што нечага не разумеюць».
Старшыня гарадзенскага ТБМ Алесь Крой распавядае, што разам зь іншымі сябрамі таварыства займаўся гэтай праблемай даўно. Сытуацыя са стаўленьнем дзяцей да навучаньня па-беларуску, паводле яго, у розных раёнах горада і школах розная:
«Тут фактычна ўсё залежыць ад самога настаўніка і адміністрацыі школы. Калі адміністрацыя была ня супраць, а настаўнік меў добры кантакт зь дзецьмі, то і не было праблемы. Але калі настаўнік правакуе дзяцей, то атрымліваецца наадварот. Калі павольна, спакойна настаўнік падводзіць дзяцей да выкладаньня па-беларуску, усё тлумачыць, каб дзеці разумелі, то ў такіх сытуацыях няма праблемы».
Спадарыня Галіна, маці вучня 7 клясы, кажа, што ейны сын падчас апытаньня ў школе сказаў, што хоча вывучаць гісторыю і геаграфію па-беларуску. У яго няма праблемаў зь беларускай мовай і літаратурай. Але ягоныя аднаклясьнікі, як яна заўважае, ня вельмі добра разумеюць беларускую мову, бо праграма і навучаньне не дазваляюць усім дзецям ёй авалодаць. Яна таксама вельмі спадзяецца, што падручнікі па гісторыі і геаграфіі Беларусі будуць цікавымі, бо толькі гэта яшчэ, на яе думку, зможа паўплываць на дзяцей:
«Калі б падручнікі былі напісаныя цікавай мовай, то дзеці б іх чыталі і разумелі. Але там жа так панапісваюць, што я нават ня кожнае слова магу патлумачыць дзіцяці. А пра гісторыю Беларусі ж можна так цікава напісаць у падручніку! Але там усё такімі тэрмінамі напісана, што складана дзецям».