Зь Берасьця выходзіць цягнік, а ў Менск прыяжджае поезд. Карэспандэнт Радыё Свабода ў Берасьці прыкінуўся турыстам і прайшоў квартал ад вакзалу ў пошуках беларускага.
Шукаць беларускую мову ў Берасьці можна пачынаць з чыгуначнага вакзалу. Тут шмат надпісаў па-беларуску, а электроннае таблё раскладу руху цягнікоў чаргуе беларускую і ангельскую мовы.
Абвяшчаюць адпраўленьне цягнікоў тут спачатку па-беларуску.
«Цягнік міжрэгіянальных ліній эканом-клясы нумар 652 Берасьце — Менск адправіцца зь першага пуці Маскоўскага боку вакзалу», — кажа жаночы голас.
Разынка Берасьцейскага вакзалу — тое, што цягнікі тут называюць менавіта цягнікамі, а не паяздамі, як у Менску. Атрымліваецца, што зь Берасьця выходзіць цягнік, а ў Менск прыбывае поезд...
Заходжу ў кавярню на вакзале, замаўляю па-беларуску чорную гарбату з цукрам.
«Вам какую?» — ні сэкунды не вагаецца прадавачка. Бачна, што па-беларуску разумее, але адказаць на ёй не сьпяшаецца:
«С лимончиком будете?»
Не пытаньне, папіў «с лимончиком».
Ад вакзальнага пешаходнага мосту ў цэнтар Берасьця ідзе вуліца Камсамольская. Прыкідваюся турыстам, надзяваю на шыю здымач ды шчоўкаю надпісы па-беларуску.
Прызнацца, прайшоўшы квартал, такіх надпісаў заўважыш няшмат — зрэдку шыльда з назвай вуліцы ды пару бігбордаў па-беларуску.
Затое на слупе вісіць расейскамоўная абвестка з прапановай паехаць на адпачынак у Крым праз Расею.
На прыпынку падыходзіць хлапец, пытаецца, ці я немясцовы, што тут усё фоткаю. Кажу, што так, турыст-журналіст. Пытаецца:
«А вы всегда на белорусском разговариваете?»
«Збольшага», — адказваю. І пытаюся, што б ён параіў паглядзець аматару беларушчыны, акрамя крэпасьці, якую ўжо бачыў. Хлопец, не вагаючыся, адразу прапануе схадзіць на суседнюю вуліцу да сьпіртзаводу.
Да размовы далучаецца бабулька і раіць схадзіць далей у цэнтар да музэю. І ў хлопца, і ў бабулькі гутарка зь беларускамоўным чалавекам спакойная, зычлівая. У бабулі выразны беларускі акцэнт.
Такім чынам, прайшоўшы ўсяго некалькі дзясяткаў мэтраў ад прывакзальнага мосту, любы беларускамоўны турыст можа зь лёгкасьцю знайсьці гіда, які падкажа, што ў Берасьці можна пафоткаць. Хай сабе і сьпіртзавод.
Дзе я?