Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч выказаў падзяку супрацоўнікам МУС за працу ў час мясцовых выбараў. Заява разьмешчаная на сайце ГУУС Менгарвыканкаму.
Паводле Ігара Шуневіча, на выбарах ад міліцыянтаў «патрабаваліся выключная арганізаванасьць, сабранасьць, вытрымка, строгае выкананьне законаў, высокая асабістая дысцыплінаванасьць і прафэсіяналізм». Давер, «аказаны кіраўніцтвам дзяржавы і беларускім народам», для сілавікоў «стаў стымулам самаадданага, добрасумленнага выкананьня задач».
У дзень выбараў міліцыянты зьбілі на менскім выбарчым участку Андруся Козела — давераную асобу кандыдата Мікалая Казлова і апэратара «Белсату». Яго скрываўленага павезьлі ў пастарунак, на ноч пакінулі ў турме на Акрэсьціна. На наступны дзень яго судзілі за «непадпарадкаваньне міліцыі», але справу адправілі на дапрацоўку.
Паводле міліцыі, мэдычная дапамога Козелу «не спатрэбілася», ён «аказаў актыўнае непадпарадкаваньне міліцыі» і вызначыўся «задзірлівымі паводзінамі», калі ад яго «законна» (папраўдзе, не зусім) патрабавалі спыніць здымкі падліку галасоў (на відэа Козела нейкіх «актыўных» ці «задзірлівых» паводзінаў не відаць). Паводле вэрсіі міліцыі, падчас выправаджэньня з участку Козел «нагой пашкодзіў шыбу дзьвярэй выбарчага ўчастку», а паводле сьведкаў, гэта міліцыянты ягонай галавой разьбілі шкло (у час суду на галаве Козела быў характэрны сьлед).
Таксама ў дзень выбараў асудзілі за «нецэнзурную лаянку» на ўчастках у Бараўлянах назіральніка Арцёма Скарабагатага. Як сьцьвярджаў брат затрыманага, днём раней яго забралі з участка «людзі ў цывільным», якія не прадставіліся і не паказалі дакумэнтаў, і запхалі ў машыну (урэшце ён аказаўся ў аддзяленьні міліцыі). Але ў выбарчай камісіі сьцьвярджалі, што «людзі ў цывільным» былі ў форме і склалі пратакол.
Акрамя таго, у дзень выбараў міліцыя прыйшла ў кватэру да Дзяніса Дашкевіча, рэдактара сайту, на якім раней зьявілася навіна пра жорсткае зьбіцьцё мужчыны бяз флікера. Па словах Дашкевіча, прэтэнзіі міліцыі да сайту грунтуюцца на тым, што гвалт над мужчынам учынілі супрацоўнікі не патрульна-паставой службы, як сказана ў публікацыі, а дэпартамэнту аховы.
Дзякуючы ў тым ліку міліцыі ў Ельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 3 не адбыліся выбары ў раённы савет — быў затрыманы адзіны на акрузе кандыдат, прадстаўнік Камуністычнай партыі Віталь Васілёнак, які лічыўся праўладным кандыдатам. За што менавіта затрыманы Васілёнак, не ўдакладняецца. На ўчастку маюць адбыцца перавыбары.
Але міліцыя была актыўнай не заўсёды, калі мусіла, сьцьвярджае Пётра Маркелаў — давераная асоба Мікіты Красналуцкага. Паводле Маркелава, міліцыя не адрэагавала на неналежныя паводзіны п’янага вартаўніка на ўчастку.