Пакуль у сацыяльных сетках разгортваецца кампанія #ДзядзькаРыгор, у межах якой карыстальнікі публікуюць вершы Рыгора Барадуліна ў адказ на зьнявагу паэта дырэктарам менскай агенцыі нерухомасьці і пазаштатным выкладчыкам БДУ Аляксандрам Гарашчэням , на краўдфандынгавай плятформе talaka.by актыўнага ўдзелу чакаюць ажно два праекты, зьвязаныя са славутым паэтам.
Першы праект — гэта стварэньне і мантаж шыльды на доме ў Менску, дзе жыў і пісаў народны паэт Беларусі. Паводле арганізатараў, для таго, каб зрабіць і ўсталяваць яе, неабходна сабраць 8000 рублёў. Пакуль праект сабраў толькі 27 % сродкаў.
Самыя шчодрыя ахвярадаўцы ў канцы праекту атрымаюць падарункі — дыскі з голасам Рыгора Барадуліна, яго кнігі, экскурсію ад Глеба Лабадзенкі ва Ўшачы — у залежнасьці ад шчодрасьці ахвяраваньня. Калі знойдзецца той, хто аддасьць на праект усе 8000, то такі чалавек атрымае гаманец, які належаў Рыгору Барадуліну.

Вечарына «Песьні матчыны з Вушаччыны», прысьвечаная 80-годзьдзю народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, 2015 год
Другі праект — выданьне дыска з народнымі песьнямі з малой радзімы Рыгора Барадуліна «Песьні матчыны з Вушаччыны». Для рэалізацыі неабходна сабраць 3000 рублёў, пакуль ёсьць толькі 7 %.
У якасьці падзякі за падтрымку праекту арганізатары абяцаюць выдадзеныя дыскі, сувэніры, білеты на канцэрты і прэзэнтацыі.