Пазаштатны выкладчык БДУ Аляксандар Гарашчэня, які апублікаваў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках абразьлівыя словы на адрас народнага паэта Рыгора Барадуліна, там жа разьмясьціў сёньня пост са словамі выбачэньня.
«Кароткі камэнтар з нагоды маёй колішняй пабытовай замалёўкі, у якой мной была дадзеная ацэнка паэту Рыгору Барадуліну... Палітычныя погляды палітычнымі поглядамі, але... я ня ведаў яго асабіста, а завочныя ацэнкі, якія базуюцца на тым, што пішуць у інтэрнэце, часьцей за ўсё бываюць беспадстаўнымі. Прыношу свае прабачэньні блізкім паэта. Мае словы выглядалі недастойна...»
Яшчэ год таму дырэктар агенцтва «Акадэмнерухомасьць», выкладчык БДУ Аляксандар Гарашчэня зьневажальна выказаўся пра паэта Рыгора Барадуліна, назваўшы яго «нацысцкай сволаччу», бо той належаў да Партыі БНФ. Сёньня гэты пост здабыў вялікі розгалас у сацыяльных сетках. У камэнтары для СМІ Гарашчэня пацьвердзіў свае словы, дадаўшы зьняважлівыя выказваньні і на адрас Васіля Быкава. Журналісты зьвярнуліся ў БДУ, дзе выкладае Гарашчэня. Загадчыца катэдры катэдры кіраваньня нерухомасьцю Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тацяна Барздова паведаміла Свабодзе, што ў ВНУ паступіла шмат абураных званкоў:
«Безумоўна, гэта недапушчальныя, антыбеларускія выказваньні для выкладчыка ўнівэрсытэту. Не павінен такога сабе выкладчык дазваляць», — дадала Барздова.
Празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага ў Фйэсбуку зьявіўся пост Гарашчэні з выбачэньнямі.