Чым запомняцца Дзяды-2013?

Фотагалерэя: Шэсьце ў Курапаты

У беларускай сталіцы сёньня па традыцыі адбылося шэсьце ў Курапаты. Удзельнікі акцыі, прымеркаванай да дня памінаньня продкаў Дзяды, сабраліся аб 11-й раніцы каля менскага гадзіньнікавага завода «Прамень» і прайшлі па праспэкце Незалежнасьці, вуліцах Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі да ўрочышча Курапаты, месца расстрэлу і масавага пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў, і дзе, паводле розных ацэнак могуць ляжаць ад 30 да 200 тысяч бязьвінна загінулых.

Сёлета шэсьце ў Курапаты — юбілейнае, 25-е. Першае шэсьце адбылося 30 кастрычніка 1988 года, і з таго часу штогод у Дзяды сьвядомыя беларусы ідуць гэтай нялёгкай дарогай на Курапаты. Арганізатарам акцыі выступіла Кансэрватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Шэсьце і мітынг санкцыянаваныя Менскім гарвыканкамам. На чале калёны — расьцяжкі з надпісам «Дзяды», «Ушануйма ахвяраў Курапатаў», «Малады Фронт», «КХП-БНФ» і іншыя. Удзельнікі акцыі падрыхтавалі драўляныя крыжы, якія плянавалі ўсталяваць ў Курапатах, было шмат бел-чырвона-белых сцягоў, сьцягоў з сымболікай некаторых апазыцыйных партыяў і рухаў. У калёне сёлета шмат моладзі. Сям’я Міколы Дземідзенкі — у поўным складзе: жонка Алеся і шасьцімесячны сын:

«Мы ходзім на Дзяды ў Курапаты зь 2005 года традыцыйна, каб ушанаваць памяць продкаў, памяць людзей, якія сапраўды пакутавалі за Беларусь, аддалі свае жыцьці за радзіму. І мы хаця б сваёй прысутнасьцю можам узгадаць іх».



«Я іду ў Курапаты ўжо другі раз, але мог бы і трэці. Адзін раз прэвэнтыўна затрымалі. Іду, каб ушанаваць бязьвінна загінулых»

«Я ўвогуле з Горадні прыехаў. Адмыслова, каб трапіць у Курапаты, ушанаваць памяць бязьвінна загінулых людзей. Там ляжаць вельмі таленавітыя людзі, эліта нацыі, найлепшыя сыны Беларусі».

«Мы сьвядома ідзем ў Курапаты, не баімся затрыманьняў. Я лічу, што чалавек павінен адстойваць сваю пазыцыю. І мы павінны памятаць Курапаты, усіх гэтых людзей, каб такое ніколі больш не паўтарылася».

Сярод удзельнікаў шэсьця — былы палітзняволены, адзін зь лідараў «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, ягоны намесьнік, экс-кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў, сустаршыня аргкамітэту партыі БХД, былы кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ (КХП-БНФ) Юрась Беленькі, намесьнік кіраўніка руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч ды іншыя.



Зьвяртае ўвагу мужчына ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!» Гутарым зь ім падчас шэсьця. Знаёмімся: гэта Рубцоў Юры Міхайлавіч з Гомля. Пытаюся, ці не баіцца ён хадзіць у такой сьмелай майцы, што вышчымяць з натоўпу, затрымаюць?

«Я хаджу ў гэтай майцы ўжо 5 месяцаў па Гомелі. Міліцыянты спрабавалі прымусіць зьняць, казалі, што гэта забаронена законам. Я папрасіў назваць канкрэтны артыкул, які я парушаю. Міліцыянт ня здолеў. Таму я ў гэтай майцы хаджу свабодна».

Ужо пасьля завяршэньня акцыі стала вядома, што гамельчука Юрыя Рубцова, які ўсё шэсьце прайшоў у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь» усё ж такі затрымалі.

Больш за тры гадзіны доўжылася шэсьце ў Курапаты. Вельмі ўразіла, што сталыя людзі з кіёчкамі, бабулькі і дзядулькі з кветкамі прайшлі пешшу ўвесь гэты няблізкі і нялёгкі шлях да самага ўрочышча Курапаты.



У саміх Курапатах таксама было нямала іншых людзей, якія самі прыйшлі сюды ўшанаваць памяць продкаў. Гутару з жанчынай сярэдняга веку, пытаюся, што яе прывяло ў Курапаты:
Дзяды — гэта адно з найважнейшых нашых нацыянальных сьвятаў, якое пачынаецца з глыбокай старажытнасьці і потым арганічна ўплывае ў традыцыю хрысьціянскай цывілізацыі.

«Я Тацяна Мікалаеўна Сандовіч. Па-першае, гэта дзень памяці нашых продкаў. А па-другое, я, як і амаль кожны беларус, маю да гэтага прамое дачыненьне, бо майго дзеда па прозьвішчы Батура таксама рэпрэсавалі ў 1937 годзе, але невядома дзе. Ён сам жыў у Бабруйску. Але я прыходжу заўсёды сюды, аддаю даніну павагі і яму, і ўсім, хто загінуў, хто быў высланы. Думаю, што ў кожнай сям’і ёсьць тыя, хто пацярпеў. Бачыце, прыходзяць дзеці, ўнукі, ускладаюць кветкі, запальваюць сьвечы. І ня толькі на акцыі, а і проста ў іншы дзень. Гэта вельмі добра... Я, калі была дзяўчынкай, жыла тут побач. І мы доўга ня ведалі, што тут адбывалася. Калі я хадзіла яшчэ ў дзіцячы садок, нас сюды вадзілі ягады зьбіраць... Я заклікаю моладзь: ня трэба баяцца, ня дай Бог, каб трагедыя 1937-га паўтарылася».

А палове на трэцюю ў Курапатах пачаўся мітынг. Спачатку сябра КХП—БНФ Валер Буйвал зачытаў зварот лідара партыі Зянона Пазьняка. Вось невялікі фрагмэнт з гэтага звароту:

«Дзяды — гэта адно з найважнейшых нашых нацыянальных сьвятаў, якое пачынаецца з глыбокай старажытнасьці і потым арганічна ўплывае ў традыцыю хрысьціянскай цывілізацыі. Найперш гэта сьвята салідарнасьці зь вечнасьцю. Па-другое — гэта сьвята народнага адзінства, калі адкладаюцца ў бок усе канфлікты, і людзі ідуць на могілкі ўшанаваць памерлых. Памяць продкаў лучыць жывых».

Юрась Беленькі



Выступае намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

«Дзякуй Вам, што адолелі гэты нялёгкі шлях, што вы ў гэты восеньскі дзень прыйшлі да магілаў нашых продкаў... Дзяды — гэта ня толькі сьвята памінаньня продкаў, Дзяды — гэта повязь, якая бярэ пачатак ад мінулых пакаленьняў, але скіраваная ў будучыню... Таму мы жывем, жывем сёньня і будзем жыць. Жыве Беларусь! Жыве!»

Пасьля мітынгу ў Курапатах усталявалі дзясятак новых крыжоў. Людзі запалілі сьвечкі, усклалі кветкі. Напрыканцы ўсе прысутныя прасьпявалі «Магутны Божа».