Часам падобныя словы ў дзьвюх мовах азначаюць непадобнае ці нават адваротнае (як „блага“ і „благо“). Вам прапанавалі пераначаваць „на диване“ або на дыванé (а мо і на дыванку́ пад дзьвярыма)? Начальнік выклікаў „на дыван“? Гэта не „диванчик“, розьніца — прынцыповая. Хоць расейскае і беларускае словы маюць аднаго продка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блага — ня „благо“! Па-беларуску зусім наадварот
Залататканы абрусы
З сталоў зьвісаюць дыванамі,
на абрусах чысьцей расы
Віно красуецца каўшамі.
Янка Купала. На Куцьцю. 1911
Лупцаваць на дыванé, сядзець на канапе
Ціхон Пратасавіцкі, герой „Пінскай шляхты“ Дуніна-Марцінкевіча, роспачна камэнтуе прысуд Кручкова:
— У... у... у... бацькі мае родныя! Хрэн яму ў вочы, — 25 лоз ды яшчэ і не на дыванé, а на голай зямлі! Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі.
Хто ведае толькі расейскую, падзівіцца арыстакратызму беларускае шляхты, якая пагаджалася на лупцаваньне лозамі толькі „на диване“.
І калі начальнік выклікае нядбаліцу „на дыван“ — гэта зусім пра іншае, чым расейскае „посидим на диванчике“...
Таму — ня блытайма!
Дыван — каб лётаць і каб ложак накрываць
Дыван у беларускай мове абжыўся даўно. Ёсьць і ў казках:
Вот, скора, як чэрці разьбеглісь, каторы сабе пашыбча, ён злажыў золата на дыван узяўшы, боты надзеўшы на ногі і шапку-нявідку на галаву, сеў на дыван і гаворыць: дыван, нясі мяне к маёй жонцы ў дварэц! Дыван падняўся і паляцеў.
(Казку „Іван-рыбак“ у Сеньненскім павеце запісалі ад мешчаніна Міхаіла Ляховіча, каталіка-літвіна, прычым „рускай граматы“ ён ня знаў. Апублікаваў знакаміты Еўдакім Раманаў у „Бѣлорусском сборникѣ“, т. 1, вып. 3, Віцебск, 1887.)
Дыван — ня толькі ваўнянае покрыва на падлогу (або на сьценку). У нашых гаворках слова перайшло і на ўласнаручныя вырабы. Гэта і ‘саматканае пакрывала на ложак’ (а куплёнае пакрывала будзе кáпа — напрыклад, у Астравецкім раёне), і ‘коўдра ці дыван, тканыя з рызьзя’, а таксама ‘посьцілка з узорамі’ (Мёрскі раён), і ‘адзіночнае тканае пакрывала’, прычым чамусьці толькі ў клетку (Каменец; прычым там ёсьць і кавёр ‘падвойнае тканае пакрывала з воўны’).
Знак Драздовіча і Алены Кіш
Творы арыгінальнага народнага жанру — маляваныя дываны на льняной аснове — тварылі і ананімныя аўтары, і выбітны жывапісец Язэп Драздовіч, і знакамітая мастачка-прымітывістка Алена Кіш.
Перакласьці тэрмін „маляваныя дываны“ на расейскую ня так проста: знойдзем і „рисованные“, і „нарисованные“, і ўрэшце „расписные ковры“, але сэмантыкі жанру ніводзін з варыянтаў не перадае: і дыван у нас ня толькі тоўсты выраб з воўны, і маляваць не зусім тое самае, што „расписывать“.
Ад пэрсыдзкага ўзору
Прыйшло слова да нас зь цюрскіх моваў— з турэцкай (праз польскую), а мо і з крымскататарскай (тады наўпрост) — дзе азначала двор, раду вэзыраў (міністраў), а таксама залю для прыёмаў, дзе ўзвышэньні для сядзеньня былі дыванамі і засланыя.
Але прарадзіма слова — Пэрсія. І беларускі дыван, і расейскі диван паходзяць ад пэрсыдзкага dīvān са значэньнямі ‘архіў, сьпіс’, ‘канцылярыя, урадавы орган’ і нават ‘хрэстаматыя выбраных вершаў’.
А ў расейскую мову слова диван трапіла кніжным шляхам у канцы XVIII ст. з францускай са значэньнем „від мэблі“ — так сэмантыка памянялася на складаным шляху з Пэрсіі праз туркаў і/ці арабаў у Заходнюю Эўропу. Пры гэтым расейскія народныя гаворкі такога слова ня ведалі.
Дарэчы, францускае й нідэрляндзкае, гішпанскае, італьянскае словы douane, aduana, dogana, якія ўсе азначаюць ‘мытню’, таксама ад таго ж усеабдымнага пэрсыдзкага першакораня.
Каберцавыя грошы
Маем сынонімы да слова дыван. Гэта кілім — цюркізм, даволі стары, фіксуецца з XVII стагодзьдзя, прыйшоў ад крымскіх татараў. Гэта і каберац (або кабелец), патрэбны ў вясельным абрадзе: дыванок, на які ставалі жаніх і нявеста, беручы шлюб.
Дарэчы, грошы, што кідалі маладым „на падножкі“ пры вянчаньні, звалі „каберцавыя“ (паводле Івана Насовіча). Слова зусім прыдатнае і сёньня — для вясельных грашовых падарункаў.
Канапа — сродак ад камароў
Не, канапаю лупіць камароў ня трэба. Беларуская назва мяккай мэблі ў выглядзе лавы са сьпінкай і падлокніцамі для сядзеньня (цяпер і для спаньня) — канапа — лацінскага кораня. Canapeum — ложак з заслонай ад камароў. Але самыя рымляне калісьці ўзялі слова ад грэкаў: κώνωψ ‘камар’. (Лічыцца, што да нас слова канапа прыйшло з польскай, але яно пашырана на ўсёй беларускай дыялектнай тэрыторыі, нават у Заходняй Браншчыне, а таму, магчыма, нашы продкі яго непасрэдна ўзялі зь сярэднявечнай лаціны.)
Расейскае кніжнае слова „канапе“ (стылізаваная пад даўніну канапа) —ад францускага canapé з звычайным для нас значэньнем ‘канапа’. Таксама так завуць маленькія лусьцікі (бутэрбродзікі) у розных мовах.