«Сядзім надгаладзь», — вяскоўцы дамагаюцца права гадаваць сьвіней

Жыхары вёскі Дубна

Рэпартаж Свабоды зь вёскі Дубна Мастоўскага раёну, дзе з прычыны сьвіной чумы сялянам забаранілі гадаваць на сваіх падворках сьвіней.

Жыхары вёскі Дубна зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй да галоўнага санітарнага ўрача Беларусі, у Міністэрства сельскай гаспадаркі і да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дазволіць трымаць у прыватных гаспадарках сьвіней. Людзі кажуць, што ня маюць за што жыць на вёсцы, і спадзяюцца, што Лукашэнка паправіць сытуацыю.

Жыхары Дубны зьбіраюць подпісы паўторна. Увесну яны пісалі ў раён і аблвыканкам, але, як кажуць, атрымалі толькі адпіскі. Цяпер ужо сабралі больш за сто подпісаў і зьбіраюцца дасылаць іх на тры адрасы: галоўнаму санітарнаму ўрачу Беларусі, у Міністэрства сельскай гаспадаркі і асабіста Аляксандру Лукашэнку.

Цікаўлюся ў жыхароў Дубны — ці ведаюць яны, што адмысловая забарона трымаць сьвіней на прыватных падворках зьвязаная з успышкай афрыканскай чумы ў Гарадзенскай вобласьці? Аказваецца, што ўсе добра памятаюць, з-за чаго забаранілі трымаць сьвіней. Але людзі падаюць і свае аргумэнты.

Царква ў Дубне

Мужчына сярэдняга веку кажа, што нарадзіўся ў Дубне, жыве тут усё жыцьцё, працуе ў сваім калгасе, і ніколі не было так, каб стала немагчыма выжываць. Ён кажа, што за два гады ў іхнай вёсцы не было ніводнага выпадку афрыканскай чумы, тым больш што сьвінагадоўчы комплекс — за тры кілямэтры ад вёскі.

— У мяне заробак два — два з паловай мільёны, за камунальныя плацім амаль як у горадзе, усё трэба купіць у краме, бо ні мяса, ні малака свайго ўжо няма. Як можа быць так, што, жывучы ў вёсцы, ты нічога ня можаш трымаць ва ўласнай гаспадарцы...

На гародах добры ўраджай, але людзі ня ведаюць, куды яго падзець

Іншы спадар яго перабівае і дадае свае аргумэнты:

— У нас раней у вёсцы кароў было на прыватных падворках каля пяцісот, а цяпер — пяць на ўсю вёску. Гароды зарастаюць бурʼяном, іх таксама няма сэнсу садзіць. Вось выкапалі бульбу, а куды дзець дробную, калі няма сьвіней? Пасадзіць — трэба гной, а цяпер яго купляй у калгасе, і гэта дорага. Абрабіць поле — трэба выпісаць трактар, гэта таксама дорага. Кармоў для каровы не даюць, пасьвіць няма дзе. Усё робіцца дзеля таго, каб мы нічога ня мелі. А як нам жыць?

Да размовы далучаецца спадарыня:

— У нас у краме прадаюць другую катэгорыю сьвініны, і яна каштуе 5 з паловай рублёў за кіляграм, людзі ня хочуць купляць такога мяса. А выбару ў нас няма — інакш едзь у Масты або ў Горадню. А мы сабе можам выгадаваць сьвіньню па сабекошце адзін рубель за кіляграм. Прычым сваю, сьвежанькую, вы ўяўляеце розьніцу? А ў нас, да ўсяго, дзеці — школьнікі і студэнты. Іх трэба карміць, наймаць кватэру, калі яны вучацца ў горадзе, плаціць за навучаньне. А ў каго двое-трое дзяцей — як нам быць?

Цэнтральная вуліца Дубны

Спадарыня пэнсійнага веку ледзьве не са сьлязьмі распавядае, што мясцовае начальства разам з правяраючымі з раёну ходзіць па вёсцы, і нават калі нікога няма ў хаце, самі залазяць у хлеў і шукаюць сьвіней, каб потым аштрафаваць чалавека. Гэта, паводле яе, вельмі крыўдзіць усіх людзей.

— Пэнсія тая мізэрная, нават паесьці няма за што купіць, сядзіш надгаладзь, а яны яшчэ ходзяць па падворках і стукаюць па сьцяне хлява, каб паслухаць, ці адклікнецца там сьвінчо якое. Вось якое стаўленьне да нас.

Яшчэ адзін спадар узгадвае, як пасьля іхнага ліста ў раён сабралі ў клюбе людзей — маўляў, прыедзе начальства з раёну і патлумачыць сытуацыю.

Самая старая вуліца Дубны — Нёманская

— Начальства прыехала, але ня тое. Прачыталі лекцыю пра ўвядзеньне новых грошай, а пра сьвіней так ніхто нічога і не сказаў. Людзей гэта моцна пакрыўдзіла. Мы нават і на выбары асабліва не хадзілі, а калі хто і быў, то галасавалі супраць усіх, бо так да нас ставяцца.

А вось маладая спадарыня кажа, што працуе на фэрме, зарабляе тры мільёны, хоць раней даходзіла да шасьці.

— У мяне двое дзетак у школу ходзяць, я часам ня ведаю, чым іх накарміць. А яны ўсё душаць і душаць, нават газэты прымушаюць падпісваць. А за што я іх выпішу, калі мне няма за што жыць? За адзін садзік трэба заплаціць 60 рублёў, а камунальныя...

Цікаўлюся ў людзей — як мясцовае начальства ставіцца да іхніх праблемаў? У адказ людзі толькі жартуюць. Адна спадарыня сурʼёзна кажа:

— Мы нічога не патрабуем ні ад нашага начальства, ні ад нашае дзяржавы — ніякай помачы. Дайце нам магчымасьць сваімі ўласнымі рукамі выгадаваць сьвіней і трымаць гаспадарку. А потым хадзіце і кантралюйце тое, як мы трымаем гэтых сьвіней, ці не парушаем вэтэрынарныя нормы. І мы ў гэты няпросты час выжывем бяз вашае дапамогі, якое і так ніколі не дачакаесься. Мы самі ўсё вырасьцім і ўтрымаемся — так жылі нашы бацькі, і мы памятаем гэта. Калі існуе ў краіне ўлада, то яна павінна служыць народу. То зрабіце хоць нешта дзеля гэтага народу...

Намесьнік старшыні гаспадаркі па ідэалёгіі Адрыян Клімовіч ведае, што ёсьць у людзей такая праблема. Ён бы і рад быў нечым дапамагчы, але, маўляў, загад з раёну, «а мы толькі выканаўцы».

Галоўны вэтэрынарны ўрач Мастоўскага раёну Ігар Невяртовіч, пачуўшы ў слухаўцы, што яго турбуе Радыё Свабода, адказаў:

— Няхай Свабода прыедзе да мяне ў кабінэт, каб яе бачыў, тады і пагаворым...

Нёман каля Дубны

Вёска Дубна ў Мастоўскім раёне — цэнтар гаспадаркі, хоць апошнім часам далучаная да агракамбінату «Скідзельскі». Яна паміж Горадняй і Мастамі, у вельмі жывапісным месцы над Нёманам. Пустых дамоў тут практычна няма.