Ад 10 сьнежня між Менскам і Вільняй пачнуць хадзіць новыя хуткасныя электрацягнікі. З боку Літоўскай чыгункі будзе хадзіць двухпавярховы электравік вытворчасьці Škoda, зь беларускага боку — аднапавярховыя пяцівагонныя Stadler. Ці будуць адрозьнівацца цэны на новыя цягнікі ад цяперашніх, не паведамляецца.
Першая тэставая паездка двухпавярховага электрацягніка без пасажыраў адбылася 10 кастрычніка — ён прыбыў на станцыю «Менск-Пасажырскі» а 6:10, адправіўся а 8:10.
Двухпавярховая мадэль, што ходзіць на Менск, можа мець да 304 сядзячых месцаў, разганяцца да 160 км/г. Але фактычна будзе выкарыстоўвацца 290 месцаў (23 месцы — першай клясы), а разагнацца цягнік зможа толькі да 120 км/г, бо прамых участкаў на маршруце недастаткова. Цягнік таксама абсталяваны месцамі для інвалідных вазкоў.