22 сьнежня экспэртная група Міжнароднага саюзу біятляністаў (IBU) агучыць рашэньне ў зьвязку з расьсьледаваньнем кіраўніка незалежнай камісіі Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Рычарда Макларэна аб ужываньні забароненых прэпаратаў расейскімі біятляністамі.
Калі выкладзеныя факты будуць пацьверджаныя дакумэнтальна, зборнай Расеі пагражае адхіленьне ад міжнародных турніраў, а заплянаваны на наступны год этап Кубку сьвету ў Цюмені і ўсясьветнае першынство сярод юніёраў у Востраве Пскоўскай вобласьці перанясуць у іншае месца. Пагрозы негаласлоўныя: днямі з тых жа прычынаў у Сочы забралі чэмпіянат сьвету ў бабсьлеі і скелетоне.
У допінгавым скандале фігуруюць тры дзясяткі расейскіх спартоўцаў. Гэта амаль 90% пашыранага складу каманды, які трэнэрскі штаб заяўляў перад пачаткам сэзону, — 40 чалавек. Прозьвішчы пакуль не называюцца, ёсьць толькі зьвесткі, што ўсе яны парушалі антыдопінгавыя правілы ў прамежку 2011-2015 гадоў. Як заявіў з гэтай нагоды прэзыдэнт IBU Андэрс Бэсэбэрг, некаторыя з падазраваных ужо дыскваліфікаваныя ці завершылі карʼеру, аднак ёсьць і тыя, хто дагэтуль выступае на топавых спаборніцтвах.
Першыя нумары біятлённага рэйтынгу на чале з французам Мартэнам Фуркадам і чэшкай Габрыелай Коўкалавай ужо заявілі, што будуць заклікаць калегаў байкатаваць міжнародныя старты, калі злоўжываньні расейцаў паспрабуюць спусьціць на тармазах. Зразумела, што гонкі без фаварытаў нічога ня вартыя, таму наўрад ці заявы будуць праігнараваныя.
Цяпер усё залежыць ад таго, наколькі доказна абгрунтаваныя высновы канадзкага юрыста Рычарда Макларэна і ў якой ступені яны ўразяць экспэртаў IBU. У залежнасьці ад гэтага могуць быць агучаныя некалькі варыянтаў: пакараньне выключна фігурантаў «сьпісу 31», дыскваліфікацыя Саюзу біятляністаў Расеі разам з нацыянальнай зборнай, пазбаўленьне Расеі права праводзіць усе міжнародныя турніры.
Шэраг расейскіх СМІ называе чарговае антыдопінгавае разьбіральніцтва працягам гісторыі зь лёгкаатлетамі і паралімпійцамі, яшчэ раней адхіленымі ад усіх міжнародных спаборніцтваў, уключна з Алімпійскімі гульнямі і Паралімпіядай. Маўляў, ва ўсіх выпадках тырчаць вушы «ўсясьветнай закулісы», якая намагаецца такім чынам нэўтралізаваць моцных канкурэнтаў, бо ня можа адолець іх у вочным паядынку
Былая біятляністка: апрыёры разьлічваем на роўныя ўмовы
Адна з наймацнейшых беларускіх біятляністак Сьвятлана Парамыгіна — алімпійская прызэрка, пераможца ўсясьветных першынстваў і ўладальніца Кубку сьвету — нараджэнка расейскага Сьвярдлоўску. Ніколі не хавала сымпатыяў да спартоўцаў-суайчыньнікаў, але, як сказала ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды, у гэтым выпадку найперш выступае за роўныя ўмовы для ўсіх:
Як бы там ні было, цярпіць наш любімы від спорту. З аднаго боку, гэта адварочвае ад яго спонсараў, зь іншага — пасяляе скептыцызм у заўзятараў
«У дакумэнтах няма ніводнага прозьвішча. Магчыма, заўтра некаторыя ўсплывуць, вось тады можна будзе размаўляць больш прадметна. Пакуль жа нічога не застаецца, як сачыць за сытуацыяй... Безумоўна, я заўсёды з расейскім біятлёнам выяўляю салідарнасьць. Але, напэўна, гэта якраз ня той выпадак. Як бы там ні было, цярпіць наш любімы від спорту. З аднаго боку, гэта адварочвае ад яго спонсараў, зь іншага — пасяляе скептыцызм у заўзятараў. Ды што казаць — у саміх спартоўцаў. Таму што ўсе мы, калі выходзім на дыстанцыю, спадзяемся, што будзем у роўных умовах. Аказваецца, не зусім. Але ў біятлёне і так хапае сюрпрызаў: аднаму вецер пад руку дзьме, іншаму — не, пад адным траса разьбітая, другі ідзе па роўным. І без таго дастаткова выпрабаваньняў».
Калі пытаньне пайменнай ці калектыўнай адказнасьці збольшага застаецца адкрытым, то перанос спаборніцтваў у якасьці пакараньня Расеі амаль гарантаваны. А гэта значыць, ужо неўзабаве давядзецца шукаць альтэрнатыву Цюмені і Востраву.
Кіраўніцтва Раўбічаў: маем усё, акрамя сьнегу
Паводле некаторых зьвестак, у сьпісе кандыдатаў на магчымую замену Цюмені фігуруе Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі зімовых відаў спорту ў Раўбічах пад Менскам. Вядомы яшчэ ад савецкага часу біятлённы комплекс некалькі гадоў таму быў капітальна адрамантаваны, і допінгавы «залёт» Расеі, здавалася б, нарэшце можа паслужыць добрай справе — беларускі бок рэгулярна падае заяўкі на правядзеньне спаборніцтваў вышэйшага рангу, але пакуль бясплённа.
Праўда, шанцы на посьпех намесьніца дырэктара Алена Маляўская ацэньвае стрымана — восьмы этап Кубку сьвету прызначаны на 9-12 сакавіка:
«Каб вы разумелі: этапы плянуюцца і расьпісваюцца на два гады наперад. Зыходзячы з гэтага, рыхтуецца і рэзэрвовы сьпіс. Нават з аналёгіі зь мінулым годам, калі ў Эўропе была складаная сытуацыя са сьнежным покрывам, два запар этапы праходзілі ў швэдзкім Эстэрсундзе, дзе сьнег быў. Вядома, дачакаемся вынікаў, але Раўбічы і сакавік месяц пры нашых умовах надворʼя мала сумяшчальныя. Міжнародны зьвяз біятляністаў вывучае кліматычную сытуацыю ня толькі нашага комплексу, а абсалютна ўсіх. Адпаведна ўсе цудоўна ведаюць, што сьнег на лета ў нас не нарыхтоўваецца. Значыць, з улікам гэтага будзе і рэзэрвовы плян. Скажам, апошні этап праходзіў у чэскім Новым Месьце, дзе натуральнага сьнегу амаль няма, але ёсьць нарыхтаваны, па ім і бегалі. Таму важны яшчэ такі аспэкт».
Літаральна праз лыжню ад біятлённага стрэльбішча кожны люты Раўбічы прымаюць адзін з апошніх у сэзоне этапаў Кубку сьвету сярод фрыстайлістаў. Спаборніцтвы заслужылі высокую ацэнку з боку Міжнароднай фэдэрацыі лыжных відаў спорту і зьбіраюць вялікую колькасьць заўзятараў. Але, удакладняе Алена Маляўская, абʼектыўна не выпадае ставіць біятлён і фрыстайл у адзін шэраг як з гледзішча прысутнасьці краінаў, так і колькасьці ўдзельнікаў — арганізацыйныя і фінансавыя выдаткі, зьвязаныя з падрыхтоўкай трасы ды інфрастуктуры для біятляністаў, непараўнальна большыя.