У Менску затрымалі расейскага псыхоляга Міхаіла Казлова. Ці то за махлярства, ці то за наркотыкі і гандаль людзьмі

Міхаіл Казлоў

Падчас правядзеньня псыхалягічнага трэнінгу 14 жніўня ў Менску быў затрыманы расейскі псыхоляг Міхаіл Казлоў. Цяпер ён знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУС Менску. Як сказалі Свабодзе ў Сьледчым камітэце, матэрыялы ягонай справы яшчэ не паступілі да сьледчых.

Менская міліцыя распавяла, што адносна Казлова праводзіцца праверка паводле заявы аб махлярстве: 14 жніўня жанчына паведаміла па тэлефоне 102, што ў час трэнінгу яе абражалі, а таксама што Казлоў махлярскім шляхам завалодаў ейнымі 250 далярамі. Удзельнікаў трэнінгу даставілі ў міліцыю для разбору, пазьней адпусьцілі.

Але Казлова затрымлівалі ня толькі шараговыя міліцыянты, а і супрацоўнікі наркакантролю. Як заявіў Onliner.by памочнік Казлова, расейца падазраюць у гандлі людзьмі і адным з артыкулаў, зьвязаных з наркотыкамі.

Казлоў працаваў псыхолягам расейскага тэлеканалу ТНТ і рэаліці-шоў «Дом-2». Праводзіць трэнінгі па асабістым разьвіцьці, зь якімі ня раз прыяжджаў у Менск. Называе сябе лідэрам незарэгістраванай «Партыі абароны пазычальнікаў» і кандыдатам у прэзыдэнты Расеі (у якасьці такога не рэгістраваўся).

У верасьні 2016 году на Казлова ў Расеі падавалі заяву ў міліцыю за тое, што ён нібы «ладзіў оргіі»: у якасьці заданьняў для самаразьвіцьця прапаноўваў сваім кліентам групавы сэкс або танцы голымі. Паводле той заявы Казлова не прыцягвалі да адказнасьці.