Пасьля маршу на Менск кітайскія рабочыя ў Добрушы ўжо другі тыдзень не працуюць. Чакаюць рэшты заробку і квіткоў на радзіму. Калі не дачакаюцца — ізноў будуць пратэставаць.
Кітайскія рабочыя ў Добрушы працавалі зусім без выходных, прынамсі 10 гадзін на дзень з 15-хвілінным перапынкам на абед. Пры гэтым у іх забралі пашпарты, і нават беларускіх сім-картак яны не маглі набыць. Свабода пагаварыла з будаўнікамі празь перакладчыка і знайшла відэа іх сутыкненьня зь міліцыяй на шашы.
Марш пратэсту ў некалькі сотняў чалавек — такога ў Гомелі даўно ня памятаюць. Але чаму кітайскія будаўнікі вырашылі пратэставаць, мясцовыя даведаліся толькі з інтэрнэту — з прычыны моўнага бар’еру кітайцы й беларусы камунікуюць выключна жэстамі.
Каб даведацца больш, Свабода паехала ў Добруш зь перакладчыкам. Першы прыпынак — каля рынку, што праз дарогу ад фабрыкі, якую будуюць кітайцы. Як толькі будаўнікі пачулі «свайго», вакол перакладчыка імгненна ўтварыўся натоўп. З боку магло падацца, што кітайцы наперабой дзеляцца нейкімі добрымі навінамі. Аднак сытуацыя зусім адваротная.
«Яны просяць, каб пра іх напісалі, каб кітайская амбасада націснула на кампанію і ім нарэшце выплацілі рэшту запазычанасьці, каб набылі ім квіткі дадому», — тлумачыць перакладчык.
Высьвятляецца, што будаўнікам выплацілі толькі частку заробку — за два месяцы з трох. За кампаніяй «Сюань Юань» (Xuan Yuan Industrial Development Co., LTD), якая вядзе будаўніцтва ў Добрушы, застаецца яшчэ доўг за адзін месяц.
«Яны жывуць, як у турме: без пашпартоў, безь мясцовых сім-картак. Жывуць і харчуюцца на тэрыторыі фабрыкі. Нікуды з Добруша выехаць ня могуць, бо выходных няма», — перакладаюць скаргі кітайскіх будаўнікоў.
На прапанову запісаць інтэрвію на відэа будаўнікі адмахваюцца. Кажуць, што «кітайскі бос» іх і без таго палохае наступствамі пасьля мінулага пратэсту.
«Ён нас раздушыць, як мурашоў», — кажуць будаўнікі.
Your browser doesn’t support HTML5
Працуем 10 гадзін на дзень, абед — 15 хвілін
Як расказваюць кітайцы, большасьць іх — выхадцы зь вёсак ды малых гарадоў, за мяжу прыехалі працаваць першы раз. За тое, каб атрымаць працу ў Добрушы, яны заплацілі агенцыі ад 200 да 2000 даляраў. Але ўмовы працы аказаліся іншыя, чым ім абяцалі ў Кітаі.
ЭКСКЛЮЗІЎНАЕ ВІДЭА: КІТАЙЦЫ ПРАРЫВАЮЦЬ МІЛІЦЭЙСКУЮ ЗАСЛОНУ
Your browser doesn’t support HTML5
«Яны працуюць зусім без выходных, — перакладаюць нам. — Ім абяцалі два вольныя дні на месяц, але й таго не было. А калі яшчэ затрымалі заробак за тры месяцы, яны адважыліся на пратэст».
Пасьля маршу на Менск з добрускімі будаўнікамі сустрэліся прадстаўнікі амбасады. Ім выплацілі запазычанасьць за два месяцы і паабяцалі даць два абяцаныя выходныя на месяц. Але на працу кітайцы ўсё адно ня выйшлі.
«Яны ня хочуць тут заставацца. Грошай вялікіх зарабіць ня могуць».
Тое, што кітайцы называюць «невялікімі грашыма», для жыхароў Добруша — завоблачны заробак. Па словах будаўнікоў, яны зарабляюць ад 6 да 12 тысяч юаняў на месяц — гэта прыблізна ад 1000 да 2000 даляраў.
Але праца насамрэч цяжкая. Як і ўмовы жыцьця. Многія будаўнікі трымаюць пакункі зь ежай: сьвежай гароднінай ды мясам з рынку. Як яны тлумачаць, іх вельмі дрэнна кормяць на фабрыцы, адзін і той самы суп і хлеб штодня, ніякай кітайскай ежы. А таму мусяць самі гатаваць.
Наракаюць кітайцы й на сваё жыльлё — пакоі з трох’яруснымі ложкамі, у якіх жыве з тузін чалавек. На кожны пакой — адзін санвузел, на паверсе — агульная кухня.
«Яны ня хочуць жыць і працаваць у такіх умовах. Таму большасьць усё адно не працуе — толькі некаторыя кітайцы. Усе яны хочуць атрымаць заробленыя грошы ды паехаць дамоў».
І хоць кітайцы абураныя і гавораць пра гэта адкрыта, распавесьці ўсе тое самае на камэру яны не пагаджаюцца. А калі з прахадной выйшаў іхні мэнэджэр, натоўп зь дзесяці чалавек умомант зьнік.
Да беларускіх уладаў прэтэнзіяў ня маем — толькі да кітайцаў
Каб распавесьці пра свае праблемы, у пазамінулую пятніцу, па розных сьведчаньнях, ад 200 да 400 кітайцаў рушылі пехатою праз Гомель на Менск. Паведамлялася, што яшчэ ў Гомелі яны разышліся ды вярнуліся назад. Але адзін з рабочых паказвае відэа сутычкі кітайцаў зь беларускімі міліцыянтамі на трасе.
«Кітайскія босы патэлефанавалі ў міліцыю і сказалі, што будаўнікі выступаюць супраць беларускага ўраду. Таму іх спынілі на трасе й вярнулі ў Добруш», — тлумачыць перакладчык.
Як кажуць будаўнікі, міліцыянты іх ня білі. Дый увогуле кітайцы ня маюць ніякіх прэтэнзіяў ні да беларускіх уладаў, ні да міліцыянтаў. Яны толькі хацелі прыцягнуць увагу да сваіх праблемаў.
«Аднак калі ім не заплацяць рэшту запазычанасьці, заробак за адзін месяц, яны гатовыя на новы пратэст», — перадае словы будаўнікоў перакладчык.
У затрымках заробку, як і ў цяжкіх умовах працы, кітайцы абвінавачваюць агенцыю, якая прывезла іх у Беларусь.
«Мы працуем, як рабы, — кажа адзін з будаўнікоў. — Я раней ніколі не працаваў за мяжой. А пасьля такой сытуацыі ўжо больш за мяжу не паеду».
Каб усе пайшлі, я б далучыўся — беларусы таксама гатовыя да пратэсту
Пра праблемы кітайскіх рабочых мясцовыя ведаюць. Большасьць, каго апытала Свабода, салідарныя зь імі.
«Правільна зрабілі, падтрымліваю іх цалкам, — кажа будаўнік Уладзімер, які езьдзіць на працу з Добруша ў Гомель. — А каб ты не атрымліваў заробак тры месяцы? У нас таксама вялікія затрымкі, але ж мы трываем. Але ня тры месяцы — ёсьць жа нейкая мяжа. Ну, месяц пачакай, ну, два ад сілы».
Падтрымлівае кітайскі пратэст і іншы мясцовы — 37-гадовы Алег. Каб у такой сытуацыі апынуліся беларусы, ён лічыць, што мог бы далучыцца да пратэсту.
«Беларусы больш маўклівыя і талерантныя, — кажа Алег. — Але калі б разам, я б пайшоў. Адзін у полі ня воін, аднаму гэта бессэнсоўна. А калі б усе пайшлі, можа, я таксама пайшоў бы».
Ці адновяць кітайцы працы на будаўніцтве, ці зьедуць, пакуль невядома. Як бачна праз плот будаўнічай пляцоўкі, рабочых на тэрыторыі фабрыкі зусім мала.
Як расказаў Свабодзе прэс-аташэ амбасады КНР у Менску Сунь Хунчжы, заробкі кітайскім рабочым павінны выплаціць на гэтым тыдні.
«Падрабязнасьці я ня вельмі добра ведаю. Нядаўна нашы прадстаўнікі былі на сходзе гэтага прадпрыемства. Яны сказалі, што на гэтым тыдні ўсё выплацяць. Яны атрымаюць заробкі на гэтым тыдні. Цяпер яны афармляюць усе патрэбныя дакумэнты для вяртаньня на радзіму. Калі яны гэтага хочуць. Астатняе ня вельмі ясна, бо гэта камэрцыйныя справы, якія не ўваходзяць у сфэру кампэтэнцыі амбасады. Мы раім, каб яны самі вырашылі пытаньне. То бок гэта камэрцыйныя, эканамічныя пытаньні».