У сэпаратысцкай групоўцы «ДНР», што дзейнічае на тэрыторыі Ўкраіны, увечары нядзелі, 16 кастрычніка заявілі, што, паводле папярэдніх зьвестак, забойства аднаго з кіраўнікоў групоўкі Арсэна Паўлава, вядомага па мянушцы «Матарола», ажыцьцявіла ўкраінская «дывэрсійна-выведная група».
Кіраўнік прарасейскай групоўкі «ДНР» Аляксандр Захарчанка пасьля забойства ў выступіў з пагрозамі на адрас украінскіх вайскоўцаў, супрацоўнікаў СБУ і Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, а таксама іх родзічаў:
«Хадзіце зараз і бойцеся, бо для нас гэтая сьмерць не звычайны выклік ... Усе афіцэры, падпалкоўнікі, маёры, якія дзейнічаюць на нашай тэрыторыі, усе вашыя агенты, сем'і зь сёньняшняга дня знаходзяцца па-за законам. Ня толькі тут, але і ў Жытоміры, Кіеве, Харкаве, Днепрапятроўску, — заявіў Захарчанка. — Я так разумею, Пятро Аляксеевіч Парашэнка парушыў замірэньне і абвясьціў нам вайну. Цяпер чакайце».
Тым часам дырэктар дэпартамента камунікацыяў Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Арцём Шаўчэнка ў сацсетках заявіў, што, хутчэй за ўсё, забойства «Матаролы» зьдзейснілі яго ж «пабрацімы» з «тэрарыстычнага інтэрнацыяналу».
Грамадзянін Расіі Паўлаў прыехаў на Данбас у 2014 годзе і ўзначаліў там незаконнае ўзброенае фармаваньне — батальён «Спарта», якое ваюе ў складзе групоўкі «ДНР». Паўлаў неаднаразова выхваляўся зьдзекамі з захопленых у час баявых дзеяньняў украінскіх вайскоўцаў і казаў, што «расстраляў 15 палонных» вайскоўцаў узброеных сілаў Украіны.
У мінулым годзе Ўкраіна зьвярнулася ў Інтэрпол з просьбай аб абвяшчэньні “Матаролы” ў вышук, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала расьсьледаваць дзеяньні, у якіх прызнаўся «Матарола».