Паведамленьні аб сьмерці прэзыдэнта Туркмэністану зьявіліся ў мінулыя выходныя. Аднак Ашгабат абвергнуў гэтую інфармацыю.
Раней дзяржаўныя тэлеканалы паказвалі, як 62-гадовы Гурбангулы Бердымухамедаў падчас адпачынку працуе над чарговым томам сваёй энцыкляпэдыі «Лекавыя расьліны Туркмэністану» і слухае свае ж песьні.
У апошнія гады пэрыядычна зьяўляюцца чуткі пра цяжкую хваробу Бердымухамедава, ён рэгулярна зьнікае з поля зроку публікі на працяглы час. Але гэтыя чуткі афіцыйна не пацьвярджаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяліць «скуру прэзыдэнта» дачасна. Чуткі пра сьмерць Бердымухамедава абвяргаюцца, але ніхто ня бачыў яго жывымКанал «Настоящее время» сабраў выпадкі «зьнікненьняў» іншых лідэраў на постсавецкай прасторы.
Бакіеў. Чуткі пра інсульт і бойку
У сакавіку 2008-га «зьнік» тагачасны прэзыдэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў. Сталі зьяўляцца чуткі аб «цяжкай хваробе», а потым і «сьмерці» Бакіева. Гучалі вэрсіі, што ў яго інсульт, хвароба нырак і нават што ў яго нібыта страляў і параніў ягоны сын Максім.
Курманбек Бакіеў вярнуўся ў Кыргызстан праз 25 дзён пасьля «зьнікненьня». Ён паведаміў, што з 3 па 28 сакавіка знаходзіўся ў адпачынку ў Нямеччыне, куды першапачаткова паехаў на два тыдні, каб «адпачыць» і «прайсьці мэдыцынскае абсьледаваньне», аднак лекары прапанавалі яму больш дэталёвы агляд. Пры гэтым Бакіеў сказаў, што не разумее, «чаму адміністрацыя прэзыдэнта рабіла з гэтага тайну».
Пуцін. «Грып» і «Аліна Кабаева»
У сакавіку 2015 году зьявіліся чуткі аб зьнікненьні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Распаўсюдзіліся вэрсіі, што ён памёр, захварэў на грып, быў скінуты ў выніку дзяржаўнага перавароту ці паехаў у Швайцарыю, дзе Аліна Кабаева нібыта нараджала яго дзіця (пра адносіны Пуціна і Кабаевай пісалі некалькі расейскіх выданьняў, у прыватнасьці «Маскоўскі карэспандэнт», які перастаў існаваць неўзабаве пасьля гэтай публікацыі).
Прэс-сакратару Пуціна Дзьмітрыю Пяскову даводзілася абвяргаць усе гэтыя чуткі.
Уладзімір Пуцін зьявіўся на публіцы толькі празь 10 дзён на сустрэчы з тагачасным прэзыдэнтам Кыргызстану Алмазбекам Атамбаевым. Атамбаеў заявіў журналістам, што насуперак чуткам Пуцін адчувае сябе добра: «Толькі што Ўладзімір Уладзіміравіч мяне па тэрыторыі [Канстанцінаўскага палацу] вазіў, сам сядзеў за рулём. Прэзыдэнт Расеі ня толькі ходзіць, ён ганяе толькі так, гасьцей катае за рулём. Як гэта гаворыцца па-руску, не дачакаюцца».
«Сумна было б бяз плётак», – адзначыў Пуцін.
Лукашэнка. «Мяне пахавалі і цябе могуць»
У ліпені 2018 году зьявіліся чуткі, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка нібыта перанёс інсульт.
26 ліпеня ён плянаваў наведаць Гомель, аднак гэты візыт не адбыўся. Туды прыбыла яго ахова і журналісцкі пул, але сам Лукашэнка так і не прыехаў. А чыноўнікі, якія чакалі яго, не атрымалі ніякіх тлумачэньняў.
Лукашэнка зьявіўся на публіцы 2 жніўня. У час наведваньня месца збору ўраджаю ён запатрабаваў ад мясцовага кіраўніка даць справаздачу аб працы праз год, а затым усумніўся, ці дажыве той. «Ты ж дажывеш да будучага году? Але ты асабліва не заракайся. Мяне суткі таму пахавалі і цябе могуць пахаваць», — сказаў Лукашэнка.
Назарбаеў. Першакрасавіцкі розыгрыш
Чуткі пра тое, што ў экс-прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева праблемы са здароўем, узьнікаюць пэрыядычна. У 2011 годзе нямецкая газэта Bild напісала, што 14 ліпеня ён перанёс апэрацыю ў гамбурскай клініцы. У 2013 годзе зьявіліся паведамленьні, што Назарбаеў лячыўся ў Ізраілі.
У 2014 годзе ў сацыяльных сетках распаўсюдзілася вестка, што Назарбаеў памёр пасьля цяжкай хваробы. Зрэшты, навіна аказалася першакрасавіцкім розыгрышам.
У кастрычніку 2016 году Нурсултан Назарбаеў павінен быў адправіцца з афіцыйным візытам у Ерэван. Але паездку адмянілі. Тады ўпершыню прэс-служба афіцыйна заявіла, што казахстанскі прэзыдэнт знаходзіцца на лячэньні ў сувязі з прастудным захворваньнем. Палітолягі тады выказалі здагадку, што Назарбаеву патрэбная была падстава, каб не ляцець у Армэнію (Казахстан негалосна падтрымлівае Азэрбайджан у шматгадовай тэрытарыяльнай спрэчцы з Армэніяй з-за Нагорнага Карабаху).
Апошняе зьнікненьне Назарбаева таксама выклікала масу чутак. 29 чэрвеня ён наведаў цэнтральны апарат яго партыі «Нур Атан». Гэта быў апошні яго выхад на публіку. 5 і 6 ліпеня Назарбаеў прымаў віншаваньні з нагоды Дня сталіцы і свайго дня нараджэньня. Потым на працягу двух тыдняў навінаў пра яго не было. І толькі 21 ліпеня Назарбаеў парушыў маўчаньне, павіншаваўшы мэталюргаў з прафэсійным сьвятам.
Карымаў. Павіншаваў пасьмяротна
Сьмерць прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава была афіцыйна пацьверджаная 2 верасьня 2016 году. Аднак першыя чуткі пра гэта зьявіліся 27 жніўня. Некаторыя незалежныя СМІ паведамілі аб клінічнай сьмерці Карымава пасьля бяседы з алімпійскай зборнай Узбэкістану (тады ўзбэцкія спартоўцы прывезьлі дадому чатыры «золата» — гэта быў самы лепшы паказчык для краіны).
Але Карымаў яшчэ некалькі дзён заставаўся фармальна «жывым» і нават завочна «павіншаваў» народ Узбэкістану зь Днём незалежнасьці 1 верасьня.
Аліеў. Паўгода невядомасьці
Афіцыйна інфармацыя пра сьмерць прэзыдэнта Азербайджану Гейдара Аліева зьявілася 12 сьнежня 2003 году. Аднак апошні раз ён зьявіўся на публіцы за восем месяцаў да гэтага — у красавіку. Падчас гэтага выступу яму пару разоў станавілася дрэнна.
Пасьля гэтага чуткі пра сьмерць Гейдара Аліева пачалі зьяўляцца амаль кожны дзень — а за імі абвяржэньні.
У траўні Гейдар Аліеў прайшоў абсьледаваньне і пачаў лячыцца ў стамбульскай клініцы «Гюльхане», а ў ліпені быў перавезены ў шпіталь у ЗША. Пазьней зьявілася тэлевізійнае інтэрвію з Гейдарам Аліевым у шпітальнай палаце, нібыта ўзятае ў амэрыканскай клініцы.
У ліпені ЦВК зарэгістраваў кандыдатуру Гейдара Аліева для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, якія былі заплянаваныя на 15 кастрычніка. Сваю кандыдатуру на выбарах высунуў і яго сын Ільхам, які адразу ж заявіў: «Прэзыдэнтам будзе Гейдар Аліеў, а мая рэгістрацыя ў якасьці кандыдата дасьць мне дадатковыя магчымасьці весьці прапаганду на карысьць дзейнага прэзыдэнта».
Аднак 2 кастрычніка на дзяржаўным тэлебачаньні быў зачытаны зварот Гейдара Аліева, у якім ён заявіў, што здымае сваю кандыдатуру на карысьць сына. Ільхам Аліеў быў абраны прэзыдэнтам, атрымаўшы 76,86% галасоў. Але бацька не павіншаваў яго зь перамогай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іншаплянэтны Туркмэністан: чаму Лукашэнка зайздросьціць Бердымухамедаву