«Сёлета працягваўся працэс хуткай дэсакралізацыі ўлады», — Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі, архіўнае фота

У праекце «Інтэрвію тыдня» ацэньваем вынікі 2017 году з кіраўніком аналітычных праектаў кампаніі «Белапан» Аляксандрам Класкоўскім. Ён вызначае галоўныя падзеі і тэндэнцыі году, заяўляе, што створаная Лукашэнкам палітычная сыстэма не дазваляе істотна зблізіцца з Эўразьвязам, і тлумачыць, чаму ў краіне так і не адбываюцца эканамічныя рэформы.

«У гэтай сыстэмы яшчэ ёсьць рэсурс, у тым ліку і сілавы»

— Якім застанецца 2017 год для беларускай гісторыі?

— Гэты год ня быў прарыўны, але ён ня быў і ардынарны. Калі нейкай фармулёўкай вызначаць ягоную квінтэсэнцыю, то гэта пратэсты «дармаедаў». Яны пачаліся ў лютым, свайго піку дасягнулі ў сакавіку, і гэта быў момант спалоху для ўладаў. Некалькі тыдняў Лукашэнка маўчаў, ніяк не рэагаваў, пакуль хваля пратэстаў кацілася па краіне.

А для апазыцыі гэта быў момант драйву, і, можа, нават эўфарыі — «няўжо пачалося?». Столькі гадоў клікалі на Плошчу — а тут раптам апалітычныя людзі з глыбінкі пачалі рыфмаваць гэтую крычалку: «Лукашэнка, сыходзь». Але цягам году сытуацыя стабілізавалася, і на сёньня стала зразумела, што, па вялікім рахунку, Беларусь застаецца ранейшай, пад жорсткай аўтарытарнай уладай Аляксандра Лукашэнкі. І нейкіх рэвалюцыйных зрухаў у агляднай пэрспэктыве тут ня будзе.

— Улады сапраўды ўзялі спачатку паўзу, але потым даволі рэзка адрэагавалі — і пернікам, і пугай. Пернікам — фактычна адмянілі дэкрэт, пугай — жорстка разагналі Дзень Волі 25 сакавіка. Наколькі ўлада паказала сваю эфэктыўнасьць — менавіта з гледзішча абароны сваіх інтарэсаў?

— Калі коратка, то ўлада сапраўды прадэманстравала сваю эфэктыўнасьць. Так што ў гэтай сыстэмы яшчэ ёсьць рэсурс, у тым ліку і сілавы. Калі 25 сакавіка на вуліцы былі выведзеныя шыхты гэтых «рабакопаў» — стала зразумела, што нездарма столькі гадоў Лукашэнка песьціў сілавыя структуры, не шкадаваў на іх грошай. І мы ўбачылі гэтую аснашчанасьць, вышкаленасьць і гатовасьць дзейнічаць жорстка.

Затрыманьні на Дзень Волі 2017 ў Менску

Улада праявіла жорсткасьць, паказала, што ня будзе зважаць на тое, што там скажа Захад — бо захаваньне ўлады на першым месцы.

Але разам з тым паказала і гнуткасьць. Бо адкруцілі фактычна гэты дэкрэт. Калі ён і зьявіцца, то ў вельмі рэдукаваным выглядзе, і ўжо ня будзе так балюча закранаць сотні тысяч людзей. Перад летняй сэсіяй Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ яны паціху выпусьцілі фігурантаў «справы патрыётаў», а потым закрылі і ўсю гэтую справу. Пры гэтым, наколькі я ведаю, інтэнсіўна працавалі беларускія дыпляматы, якія пераконвалі, што «болей мы так ня будзем», што «будзем вучыцца ў вашай школе дэмакратыі». Да таго ж пасьля доўгай рэцэсіі пачаўся невялікі эканамічны рост, і гэта дазваляе трошкі падвышаць заробкі.

— Яшчэ адной нечаканай для многіх праявай грамадзкай актыўнасьці стала беспрэцэдэнтна масавае абмеркаваньне трагічных падзей у войску. Беларусы гінулі там і раней, але толькі цяпер гэта выклікала такі вялікі рэзананс. Падаецца, што невядома, дзе «прарвецца» абурэньне наступным разам...

— На жаль, гэта ня першы такі выпадак у беларускім войску. Але тут беларусаў закранула, бо мы ўбачылі сёлета працяг працэсу хуткай дэсакралізацыі ўлады. Традыцыйна беларусы законапаслухмяныя, раней рэйтынг Лукашэнкі быў высокі, бо ў ім бачылі «моцную руку». Але цяпер беларусы ўсё больш пераконваюцца, што гэта міт (пра моцную руку), а сапраўднага парадку няма. Могуць траву фарбаваць у войску, але за гэтымі сьценамі ў казармах бардак і гвалт.

Магіла Аляксандра Коржыча

Лукашэнка хутка зразумеў усю небясьпеку гэтай сытуацыі і нават выказаў такую думку, што, можа, ня трэба адзінага сына ў сям’і забіраць у войска. Вядома, наўрад ці гэта рэалізуецца, бо прызыўны рэсурс у Беларусі вельмі абмежаваны. І на гэтым тле была проста абуральнай тактыка, якую адпачатку абрала Міністэрства абароны. І гэта паказчык таго, што войска па-ранейшаму застаецца «саўковым», бо ўся сыстэма «саўковая». І тут цяжка казаць пра нейкія рэформы — трэба мяняць усю сыстэму.

«Створаная Лукашэнкам у Беларусі сыстэма не дазваляе істотна зблізіцца з Эўразьвязам»

— У сфэры замежнай палітыкі цягам году адбывалася даволі шмат падзей — і вучэньні «Захад-2017», і скандальныя сытуацыі з Украінай, і непрыезд Аляксандра Лукашэнкі на саміт «Усходняга партнэрства» ў Брусэль. Ці можна сказаць, што за гэты год афіцыйны Менск адчуў, што ў нармалізацыі адносін з Захадам, магчыма, няма асабліва куды і рухацца далей? Магчыма, назіраецца нават пэўнае расчараваньне ў гэтым працэсе?

— Я б не казаў пра расчараваньне, бо адпачатку ўсё было разьлічана вельмі прагматычна. Разьвіваць заходні вэктар пачалі дзеля таго, каб атрымаць прастору для геапалітычнага манэўру ва ўмовах ціску з боку Масквы. І гэтая патрэба застаецца. Іншая рэч, што Менск адчуў, што бакі падышлі да нейкай мяжы разьвіцьця дачыненьняў з Эўразьвязам. Яна ўмоўная, адносная і ў пэўнай ступені рухомая.

Вось некаторыя казалі — «Пуцін не пусьціў Лукашэнку ў Брусэль». Гэта вельмі грубая і не зусім карэктная абмалёўка сытуацыі. Натуральна, што беларускае кіраўніцтва азіраецца на Маскву. Але калі б Лукашэнка хацеў, ён бы туды паехаў. Я думаю, ён зразумеў, асэнсаваў, што створаная ім у Беларусі сыстэма не дазваляе істотна зблізіцца з Эўразьвязам. А ламаць сыстэму ён ня хоча. Бо захаваць уладу для яго найважней. Таму нейкі рух будзе, але вельмі павольны, і прарываў у Эўропу не адбудзецца менавіта праз спэцыфіку беларускай палітычнай сыстэмы.

— Ці стаў гэты год паваротным з гледзішча той дыскусіі, якая вядзецца апошнія гады, — пра магчымасьць эканамічных рэформаў у Беларусі? Маўляў, нават аўтарытарная ўлада можа пайсьці на эканамічныя пераўтварэньні — проста ад неабходнасьці. Але доўгачаканы дэкрэт нумар 7 не прынёс прадпрымальнікам таго, чаго многія чакалі, і пакінуў пераважна расчараваньне. Чаму?

— Гэты дэкрэт аб разьняволеньні прадпрымальніцтва — гэта такое дэжавю. Бо напрыканцы 2010 году ўжо была дырэктыва аб разьвіцьці прадпрымальніцтва. Выходзіць, сем гадоў таўкліся на месцы.
Цяпер вось робяць вялікую прамоцыю дэкрэту аб ІТ-краіне, і там нібыта элемэнты ангельскага права. Дык вось, у нас хоць ангельскае права, хоць марсіянскае ўводзь — але ўсё адно ў дзяржавы і рэжыму кепская рэпутацыя. А досьвед кажа, што ў іх псыхалёгія бальшавіцкага камісара з маўзэрам. Узгадаем, як адбіралі бізнэс у беларуска-амэрыканскага прадпрымальніка Марата Новікава, як бізнэсоўца Мураўёва закавалі ў кайданкі.

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Ты можаш быць у фаворы, табе створаць райскія ўмовы для інвэстыцый, — а заўтра трапляе чалавек у апалу, і апынаецца на нарах, і рады выплаціць выкуп за сваю свабоду. Дарэчы, у гэтым сэнсе паказальная гісторыя ІТ-бізнэсоўца Пракапені, які цяпер выступае адным з палкіх прамоўтэраў гэтага дэкрэту. Ён жа таксама праседзеў 9 месяцаў у сьледчым ізалятары, цалкам сплаціў «шкоду».

Калі казаць коратка, то ў нас няма прававой дзяржавы. Пакуль у краіне няма дэмакратыі і незалежнага суду, то ня будзе і прыстойных рамкавых умоваў для разьвіцьця бізнэсу.