У вёсцы Каплічы Калінкавіцкага раёну дэпутатам мясцовага сельскага савету мае стаць, паводле папярэдніх вынікаў, незалежная кандыдатка Роза Стрэльчанка.
Жанчына атрымала бальшыню галасоў, хоць супраць яе выставілі «кандыдатку ад улады» — загадчыцу амбуляторыі. Стрэльчанка адзначае, што раней акруга была заўсёды «безальтэрнатыўнай», а на 11 месцаў у Капліцкім савеце выстаўляліся звычайна 11 кандыдатаў.
Стрэльчанка гаворыць, што сама яна цяпер не працуе, мае 3-ю групу інваліднасьці праз стан ног. Яна ня мае вышэйшай адукацыі (недавучылася, бо хварэў сын), працавала раней у дзіцячым садку, апошнім часам — прыбіральшчыцай. У аграгарадку, дзе жыве Стрэльчанка, 942 жыхары, зь якіх 144 — дзеці. Самыя балючыя пытаньні, паводле яе, гэта лазьня і школа.
Адзіны абраны апазыцыйны дэпутат расказаў, як улады прапусьцілі яго ў сельсавет
Роза Стрэльчанка кажа, што на пасьлявыбарчую сустрэчу ў мясцовым клюбе прыйшло каля 50 чалавек. Яна сказала ім, што не ўяўляла сябе ў ролі дэпутаткі, але спадзяецца, што паўнамоцтваў хопіць, каб разабрацца з закрыцьцём мясцовай школы (паўтара года казалі, што яна закрытая, у канцы лета міністар адукацыі растлумачыў, што не закрытая зусім — дзейнасьць часова прыпыненая).
Пра Стрэльчанку да выбараў рабіў сюжэты тэлеканал «Белсат»:
«Я спадзяюся, будуць паўнамоцтвы, атрымаецца данесьці да людзей праўду, якую не даносяць мясцовыя ўлады, і з жыхарамі нашага аграгарадка далей адстойваць нашыя інтарэсы, — кажа Стрэльчанка Свабодзе. — Мы, простыя людзі, ня верым, што нельга дагрукацца да Аляксандра Лукашэнкі пры такой праблеме, як у нас з нашымі дзеткамі.
На адзін Капліцкі сельсавет, на пяць вёсак адна школа была — і нас яе пазбавілі. Мы лічым, што пазбавілі незаконна, што будынак мэтанакіравана зьнішчаюць, другі год ён не ацяпляецца».