У Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту студэнт Ян Шпічынецкі ў 2017 годзе абараніў дыплёмную работу «Сучасная сацыяльная журналістыка: уплыў мэмаў і сацыяльных сетак на візуальнае і зьмястоўнае ўспрыманьне навінаў (на прыкладзе інтэрнэт-мэдыяў «Лентач» і TJournal)».
Тэкст работы нядаўна быў цалкам выкладзены ў вольны доступ тут. За работу паставілі 8 балаў з 10. Гэта ня першая студэнцкая работа пра інтэрнэт-мэмы — у 2016 годзе студэнтка Інстытуту журналістыкі абараніла работу пра мэмы ў рэкляме.
Як кажа Свабодзе Ян Шпічынецкі, тэма мэмаў — пазнавальных вобразаў, што часта паўтараюцца ў іранічным ці гумарыстычным кантэксьце — цалкам сур’ёзная. У мэдыя і журналістыцы, кажа ён, гэта вельмі моцны інструмэнт, якім проста трэба навучыцца карыстацца.
«Асабліва гэта важна ў кантэксьце той адукацыі, што я атрымліваў, — дадае Шпічынецкі. — Там пра гэта мала кажуць. Чамусьці ў нас на журфаку такія рэчы слаба браліся да ўвагі, калі я там вучыўся. На жаль, многія несур’ёзна да гэтага ставяцца. Думаюць, я выбраў тэму з мэмамі, бо гэта прыкольна, я паглядзеў сьмешныя карцінкі — мне паставяць адзнаку. Але мала хто сур’ёзна, у навуковых аспэктах гэтую тэму вывучае».
Інтэрнэт-мэм гэта не абавязкова карціка, візуальны мэм, кажа ён. У глябальным сэнсе мэмам ён называе «ня тое, што зьбірае кучу лайкаў і рэпостаў, а нейкі адбітак падзеі, цытаты». Часам яны становяцца «віруснымі» — карыстальнікі самі спантанна распаўсюджваюць мэмы.
«У лік вірусных часта трапляюць нейкія фэйлы [правалы, няўдачы. — РС], нечыя неабдуманыя цытаты, у палітычных навінах часта ўзводзяць цытаты ў мэмы. Але няма нейкага рэцэпту — мэмам можа стаць што заўгодна», — дадае ён.
У сацсетках мэмы часам займаюць тое месца, што раней у газэтах займалі карыкатуры. Хоць «з аднаго можа вырасьці другое», кажа Шпічынецкі, гэта розныя жанры: часопіс Charlie Hebdo ніколі ня стане публікаваць мэмы замест карыкатураў. У друкаваныя СМІ мэмы трапляюць рэдка, а ў беларускія газэты кшталту «Советской Белоруссии» ці «Звязды» не трапляюць зусім — яны «дастаткова кансэрватыўныя, закрытыя для такіх інструмэнтаў».
Але мэмы могуць быць эфэктыўным інструмэнтам нават у палітычнай барацьбе:
«Палітычныя навіны, так званыя hard news, даволі складаныя, — тлумачыць Шпічынецкі. — Складаныя асабліва для людзей, якія ў гэтым не разьбіраюцца, доўга ня ўдумваюцца.
Тое, як некаторыя вядомыя СМІ гэтыя рэчы прадстаўляюць у мэмах, гэта вельмі зручная інфармацыя. Прасьцей зразумець, калі сутнасьць навіны ўкладаецца ў карцінку, прасьцей паглядзець на карцінку з кароткай падводкай і зразумець сутнасьць, каб адкрыць і прачытаць канкрэтную навіну, чым гартаць манатонную стужку зь незразумелымі загалоўкамі, якія ў нас часта яшчэ і не адлюстроўваюць сутнасьць.
У палітычных навінах гэта добры інструмэнт, які цяпер актыўна выкарыстоўваецца. Я цяпер жыву ў Расеі — бачу, што і расейская апазыцыя выкарыстоўвае мэмы, і ўладныя, дзяржаўныя СМІ выкарыстоўваюць. Гэта стала нормай».
У каляжы выкарыстаная выява парсюка Пятра, якая атрымала папулярнасьць з подпісам «Поросёнок Пётр *** [уцякае] из *** [клятай] Рашки, *** [скраўшы] *** [кляты] трактор»
Шпічынецкі разглядаў менавіта расейскія СМІ — «Лентач» і TJournal. У першым ён некаторы час працаваў бясплатна, перапісваў навіны і рабіў карцінкі. «Лентач», які стаў першым СМІ, што працуе перадусім у сацсетках і падае навіны з карцінкамі-мэмамі, «проста парваў навіновую карцінку», кажа ён. TJournal, які піша і пра сеткавую культуру, і пра ІТ, і пра палітыку, ён разглядаў як «ня меней цікавы, але меней нахабны» ў сваіх дзеяньнях і выявах.
У Беларусі ж, мяркуе Шпічынецкі, цяпер «няма чаго разглядаць». Ён згадвае сеткавае выданьне «Чай з малінавым варэньнем», зроблены выхадцам зь «Лентача», і твітэр «РБ головного мозга», мэмы ў якіх ён называе добрымі. Але там «мала рэсурсаў і навінаў» у параўнаньні з расейскімі, у якіх было больш даступнай інфармацыі і большы раскід тэмаў навінаў.
На каляжы выкарыстанае фота мужчыны-мадэлі, які праз напружаную ўсьмешку стаў вядомы як «Гаральд, які хавáе боль»
На пытаньне аб тым, якія беларускія мэмы ён можа прыгадаць, Шпічынецкі задумваецца. Кажа, памятае, што нейкія былі, але нічога канкрэтнага не засталося ў памяці, бо апошні час не жыве ў Беларусі:
«Па размовах з маімі сябрамі, з калегамі ў Расеі і ня толькі, галоўны мэм у Беларусі быў і застаецца, і застанецца яшчэ нейкі час, гэта Аляксандар Рыгоравіч».