Нацыянальны банк увёў 12 сакавіка часовую адміністрацыю па кіраваньні закрытым акцыянэрным таварыствам «Дэльта Банк».
Як гаворыцца ў паведамленьні Нацбанку, гэта зроблена на падставе аналізу паказьнікаў бягучай дзейнасьці беларускага ЗАТ «Дэльта Банк» «на фоне нэгатыўных падзей, якія адбываюцца ў АТ „Дэльта Банк“ (Украіна), у тым ліку зьвязаных з прызнаньнем яго неплацежаздольным».
Часовая адміністрацыя павінна знізіць рызыку інтарэсам укладчыкаў і іншых крэдытораў гэтага беларускага банку.
Паўнамоцтвы праўленьня ЗАТ «Дэльта Банк» падчас дзеяньня часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя.
Камэнтуючы сытуацыю карэспандэнту Свабоды, былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч адначыў, што казаць аб прычынах такога рашэньня складана.
«Я думаю, што беларускі банк не павінен адказваць па дрэнных справах украінскага. У нас банк поўнасьцью сувэрэнны, ён рэзыдэнт Беларусі. Магчыма, у яго таксама нейкія праблемы зь ліквіднасьцю ці крэдытамі? Але якія адносіны ён мае, калі абанкруціўся банк ва Ўкраіне? Ну і што? Капітал ён ня можа забраць зь беларускага банку. Ён можа толькі прадаць іншаму ўласьніку. Можа, беларускі „Дэльта Банк“ мае свае праблемы, але пра гэта мне цяжка меркаваць».
Выданьне afn.by адзначае, што рашэньне Нацбанку Ўкраіны абвясьціць банкрутам «Дэльта Банк» дэстабілізавала кіраўніцтва аднайменнага беларускага банку і справакавала паніку ў яго шэрагах.
Выданьне не выключае, што Нацбанк Украіны прызнаў неплацежаздольнымі яшчэ два ўкраінскія банкі, уладальнікам якіх, як і ўладальнікам беларускага «Дэльта Банку» зьяўляецца грамадзянін Украіны Мікалай Лагун.
Беларускі «Дэльта Банк» распаўсюдзіў інфармацыю, што не зьяўляецца даччыным банкам украінскага. Потым банк паведаміў, што ўжо знойдзены новы акцыэянэр і цяпер вядзецца праца па афармленьні ўгоды.
Далей зьявілася інфармацыя пра тое, што «Continent Finance Holding (Лёндан) і „Дэльта Беларусь Холдынг Б.В.“ (Нідэрлянды) (уладальнік „Дэльта Банку“, Беларусь) падпісалі пагадненьне пра стратэгічнае партнэрства на рынку Беларусі на 500 млн эўра. „Дэльта Банк“ абраны партнэрам як асноўны фінансавы агент па гэтым пагадненьні.
Выданьне АФН адзначае, што Нацбанк увёў часовую адміністрацыю пасьля паведамленьняў, што „Дэльта Банк“ пачынае супрацоўніцтва зь нейкімі замежнымі структурамі, фінансавы стан якіх, дакладней, яго паходжаньне выклікала шэраг пытаньняў.
«Абяцаньні будучага партнэра „Дэльта-банку“ — нейкай Continent Finance Holding Group — і зусім выглядалі банальным разводам.
Зрэшты, асноўная праблема палягае ў тым, што дырэктар згаданай замежнай структуры зь Лёндана Андрэй Пятроўскі, паведамілі крыніцы ў МУС РБ, арыштаваны праваахоўнымі органамі Расеі ў Ніжнім Ноўгарадзе па абвінавачваньні ў адмываньні грошай.
Застаецца дадаць, што вывад грошай з РФ — ня самае сур’ёзнае абвінавачваньне, якое можа пагражаць Пятроўскаму, мяркуючы па артыкулах ў сэтцы Інтэрнэт», — піша АФН.