На месцы будаўніцтва офіснага цэнтру ў Курапатах — на месцы расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў — актывісты «Маладога фронту» на чале са Зьмітром Дашкевічам паставілі намёт і абяцаюць ладзіць кругласутачнае дзяжурства па прыкладзе доўгатэрміновай акцыі 2001–2002 гадоў, калі тут будавалася Менская кальцавая дарога.
Дашкевіч кажа Свабодзе, што актывісты будуць стаяць «да таго моманту, пакуль ня будзе спыненая будоўля… або зачышчаная тэрыторыя спэцназам». Ён мяркуе, што прыйсьці разганяць актывістаў могуць у любы момант, але ў адказ на пытаньне пра плян на такі выпадак сьмяецца: «Які плян, адстрэльвацца?»
«Наколькі будуць дазваляць нашыя сілы, будзем трымаць гэтую абарону, круглыя суткі вахтавым мэтадам. Калі зачысьцяць, перасаджаюць, якія тут пляны? — разважае Дашкевіч. — Колькі нас — шэсьць чалавек маладафонтаўцаў!»
Маладафронтаўцы абвясьцілі вахту абароны Курапатаў — фотагалерэя:
Іншыя арганізацыі і рухі пакуль не прапаноўвалі падтрымкі — Дашкевіч тлумачыць гэта тым, што акцыя толькі-толькі пачалася. Але падтрымку ўжо прапануюць мясцовыя жыхары:
«Мясцовых за будаўніцтва няма нікога. Людзі вельмі абураныя. Мы з многімі размаўлялі, яны кажуць, што даведаліся толькі тады, калі пасьпілоўвалі дрэвы, прыехала тэхніка… Многія людзі прапануюць зайсьці, пагрэцца, цяпер пояць хлопцаў гарбатай з тэрмасаў. Ёсьць падтрымка, думаю, супраца з жыхарамі раёну будзе».
Наўпроставых сілавых канфліктаў з будаўнікамі ў актывістаў пакуль няма. Але акцыя замінае будоўлі:
«Будаўнікі целяпаюцца, ходзяць-будуюць. Мы станавіліся пад тэхніку — яна спыняла працу. Незразумелыя рухі, бо намёт стаіць пасярод будаўнічай пляцоўкі, хлопцы перашкаджаюць тэхніцы… Выйсьці тут два: ці гэтая будоўля будзе закрытая канчаткова, ці нейкімі сілавымі захадамі будуць зачышчаць усё гэта. Але ў любым выпадку, нават калі сёньня зьнясуць гэты намёт, заўтра ён будзе выстаўлены яшчэ раз. Тымі сіламі, якія мы маем, мы будзем працягваць гэтую працу да завяршэньня».
Жыхары раёну ля Курапатаў пра будоўлю, відэа 19 лютага:
Your browser doesn’t support HTML5