Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны пра Малюту: Уражаньне ад яго пазытыўнае, ён — абаронца Ўкраіны

Антон Герашчанка

Наданьне ўкраінскага грамадзянства беларусу Сяргею Кароткіх, які ў складзе батальёну «Азоў» абараняў Марыюпаль ад расейскіх танкаў, па-ранейшаму шырока камэнтуецца ў грамадзтве з прычыны мінулага Сяргея Кароткіх. Паводле некаторых зьвестак, ён, магчыма, быў зьвязаны з прарасейскай фашыстоўскай арганізацыяй РНЕ.

Беларус Сяргей Кароткіх (былая мянушка «Малюта», а цяперашні пазыўны ў батальёне «Азоў» — «Боцман») атрымаў украінскі пашпарт 5 сьнежня з рук прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Мэдыі ды інтэрнэт, прычым ня толькі ва Ўкраіне і Беларусі, адгукнуліся на падзею шквалам публікацыяў і меркаваньняў, якія ў асноўным грунтуюцца на зьвестках пра супярэчлівае палітычнае мінулае новага ўкраінскага грамадзяніна. У прыватнасьці паведамляецца, што ў Беларусі Сяргей Кароткіх уваходзіў у прафашыстоўскую арганізацыю «Рускае нацыянальнае адзінства» (РНЕ), куды яго нібыта прывёў вядомы спэцназавец Валер Ігнатовіч, пазьней асуджаны за выкраданьне тэлежурналіста Зьмітра Завадзкага.

Што думаюць пра гэтыя зьвесткі ва Ўкраіне? Не давяраюць ім, лічаць хлусьнёй ці не зьвяртаюць увагі на гэта ў сьвятле таго, што зрабіў Сяргей Кароткіх для Ўкраіны?

Ужо вядома, што міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў паабяцаў правесьці дадатковую праверку інфармацыі пра датычнасьць Сяргея Кароткіх да праварадыкальных арганізацыяў, але лічыць яе «ілжывай». На чым грунтуецца такое меркаваньне? Дарадца міністра Антон Герашчанка разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку допіс ў абарону беларуса Сяргея Кароткіх, у якім пералічыў вайсковыя апэрацыі з удзелам «Малюты-Боцмана», дзе ён выявіў сябе з найлепшага боку.

«Калі тыя, хто палае праведным гневам, салодка спалі ў канцы жніўня, Сяргей Кароткіх і палкоўнік Кузьміч, які загінуў сьмерцю адважных, і іх група ўсталёўвала міны і фугасы вакол Новаазоўска, на якіх потым падрываліся танкі і БТР агрэсара», — у тым ліку напісаў Антон Герашчанка пра беларуса Сяргей Кароткіх.

Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да дарадцы ўкраінскага міністра Антона Герашчанкі і спытаў яго пра тое, як ён ставіцца да таго, што ў мінулым Сяргей Кароткіх, магчыма, быў зьвязаны з РНЕ? Спадар Герашчанка ўстрымаўся ад камэнтару і пры гэтым пацьвердзіў сваё стаўленьне да беларуса.

«Я ўсё напісаў у Фэйсбуку і больш нічога дадаваць ня буду. Так, я асабіста ведаю Сяргея. У мяне ад яго — станоўчае ўражаньне, станоўчае. Ён — абаронца Ўкраіны», — сказаў Антон Герашчанка.

У батальёне «Азоў», у складзе якога ваюе Сяргей Кароткіх, пацьвердзілі добрыя водгукі пра вайсковую дзейнасьць беларуса. Са мной размаўляў прэсавы сакратар батальёну Мікалай Цішчанка.

Карэспандэнт: «Афіцыйныя асобы кажуць, што Сяргей Кароткіх падбіў некалькі танкаў праціўніка. Гэта так і было?»

Цішчанка: «Так».

Карэспандэнт: «Непасрэдна сам падбіў, ці як атрымалася?»

Цішчанка: «Так. Не, глядзіце. Тая інфармацыя, якой мы валодаем, ёсьць на нашых афіцыйных старонках у „Фэйсбуку“ і „Укантакце“. Больш ніякай інфармацыі я вам даць не магу».

На пытаньне пра магчымую сувязь Сяргея Кароткіх з РНЕ прэсавы сакратар «Азова» нічога не адказаў, пераадрасаваўшы пытаньне самому беларусу. Аднак у батальёне «Азоў» не даюць асабістыя тэлефоны байцоў, таму наўпрост зьвязацца зь Сяргеем не ўдалося. Пазьней Мікалай Цішчанка паведаміў, што перадаў нумар карэспандэнта Свабоды Сяргею, які абяцаў патэлефанаваць і даць камэнтар да абвінавачаньняў у сувязях з РНЕ. Пакуль гэтага званка не было.

Пра Сяргея Кароткіх (Малюту) пішуць у інтэрнэце, што ў канцы 1990-х ён мог удзельнічаць у акцыях РНЕ супраць дэмакратычных актывістаў Беларусі, і ў прыватнасьці — ў зьбіцьці Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнкі і Алега Бябеніна ў лютым 1999 году. Зьміцер Бандарэнка, які папрасіў прытулку ў Польшчы, паведаміў Свабодзе, што ня бачыў твараў нападнікаў падчас нападу, бо тыя былі схаваныя. «Сярод тых, каго мне паказвалі на вочных стаўках падчас сьледзтва, яго я таксама не пазнаю», — сказаў Зьміцер Бандарэнка пра Сяргея Кароткіх.

Ці прыцягваўся Сяргей Кароткіх да крымінальнай адказнасьці ў Беларусі? «Абсалютна дакладна, што ў Беларусі Сяргей Кароткіх не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар КДБ Артур Стрэх.