Даляры вязуць не для абменьнікаў, — Чалы

Аляксандар Лукашэнка ў пятніцу заявіў пра нармалізацыю сытуацыі ў эканоміцы і на валютным рынку краіны. Старшыня Нацбанку Надзея Ермакова запэўніла, што дэфіцыту валюты ў краіне няма, яшчэ 23 сьнежня ў Беларусь завезена вялікая сума валюты, 29-га чакаецца яшчэ каля 200 мільёнаў даляраў, таму няма ніякіх падставаў для замарожваньня валютных укладаў. Як ставяцца да гэтых заяваў адмыслоўцы і абываталі?

Вялікіх чэргаў у банках і абменьніках няма. Валюта ёсьць амаль паўсюль, але ў невялікай колькасьці — ад 10 да 300 даляраў. Але прадаюць толькі тое, што народ здае. А людзі перад Новым годам заўсёды больш здаюць валюты — дастаюць з «заначак», бо трэба і стол сьвяточны накрыць, і падарункі родным і блізкім набыць. Што да валютных паступленьняў, то іх пакуль няма, кажа касірка «Беларусбанку»:

«Зараз банку валюту на продаж не даюць. Мы працуем „з абароту“: мы прадаём тое, што здалі».

У той жа час старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова ў пятніцу паведаміла журналістам, што праблема дэфіцыту валюты ў абменьніках вырашана. Маўляў, яшчэ 23 сьнежня ў краіну па замове Нацбанку была завезена вялікая сума наяўнай валюты (якая сума, Ермакова не ўдакладніла). А неўзабаве даставяць яшчэ каля 200 мільёнаў даляраў — заяўку Нацбанк падаў на 29 сьнежня.

Старшыня Нацбанку прызнала, што ў банках назіраюць адток валютных укладаў. Але запэўніла, што ў Беларусі няма перадумоў для замарожваньня валютных укладаў насельніцтва.

Сяргей Чалы

Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што менавіта для забесьпячэньня ўкладаў і была замоўлена валюта за мяжой:

«Дык валюта для гэтага і была завезеная. Яе даставілі не для таго, каб у абменьніках прадаваць. Гэта проста банкам нявыгадна, таму яны і працуюць у такім рэжыме: колькі купілі, столькі і прадалі».

Карэспандэнтка: «А што тычыцца валютных укладаў: можна верыць, што іх не замарозяць?»

«Канечне. Навошта дзяржаве гэта? Менавіта для гэтага валюта і прывезена: народ здымаў уклады, таму гэтую тэндэнцыю трэба пагасіць».

У пятніцу Аляксандар Лукашэнка заявіў пра нармалізацыю сытуацыі ў эканоміцы і на валютным рынку краіны. І запэўніў, што «трэнд на кантроль за цэнамі ў краіне захаваецца назаўсёды». Да Новага году ўрад загадаў цэны замарозіць. Ці верыць у гэта народ?

Пытаюся ў наведніцы Камароўскага рынку пэнсіянэркі Валянціны Сьцяпанаўны:

Карэспандэнтка: «Ці заўважылі рост цэнаў апошнім часам?»

«Рост цэнаў, канечне ж, заўважыла, літаральна на ўсё. Калі на прадукты быццам бы пакуль істотна цэны не павялічыліся, то пасьля Новага году, зразумела, ня можа заставацца ўсё так, як ёсьць зараз. Цэны вырастуць на ўсё: і на камунальныя паслугі, і на харчы, на адзеньне, абутак. Таму што беларускі рубель знаходзіцца не тым месцы, дзе ён павінен быць».

Карэспандэнтка: «Але ўрад кажа, што курс Нацыянальнага банку ўтрымліваецца, што ўведзены толькі 30% падатак, ён ня кажа, што гэта дэвальвацыя».

«30-працэнтны падатак — гэта тая ж самая дэвальвацыя, толькі назоў ёй прыдумалі іншы. Пасьля Новага году, зразумела, што даляр скокне яшчэ, больш за гэтыя 30%. Беларускі рубель занадта высокай думкі пра сябе».