Сябра АГП Аляксандар Дабравольскі часта сустракаўся з Барысам Нямцовым, зь якім пазнаёміўся прыканцы 90-х гадоў.
«Нямцоў быў мужным чалавекам. Ён знаходзіў у сабе мужнасьць, калі большасьць казала адно, казаць іншае. За гэта яго варта паважаць нават тым людзям, якія зь ім не згаджаліся. Я думаю, менавіта за тое, што ён гаварыў, яго і забілі.
Я памятаю выпадак, калі Нямцоў і Ірына Хакамада ехалі ў Беларусь на канфэрэнцыю, і іх не пусьцілі. Яны тады яшчэ былі дэпутатамі Дзярждумы Расеі. Ад таго часу Нямцоў яшчэ больш увагі надаваў супрацоўніцтву зь беларускімі дэмакратамі.
Сказаць, што шкада, гэта сказаць вельмі мала. Ёсьць людзі наяўнасьць якіх дае магчымасьць дыхаць больш свабодна астатнім. І цяпер адной з такіх асобаў ня стала.
А калі казаць пра сытуацыю ў Расеі, я думаю, што там заўсёды былі заказныя палітычныя забойствы. Але цяпер, калі ідзе такая мілітарысцкая гістэрыя, калі фашысты ходзяць на антымайдан так, як некалі хадзілі ўсялякія гітлерюгенды, то зьдзіўляцца, на жаль, не даводзіцца. Народ расейскі страціў пачуцьцё рэальнасьці, і будзе балюча вяртацца да гэтай рэальнасьці. Але давядзецца».