У Расеі прайшлі нарады «на ўсіх узроўнях» з прычыны магчымага ўвядзеньня чарговых санкцый з боку ЗША. Пра гэта са спасылкай на неназваную высокапастаўленую крыніцу ў Крамлі паведамляе газэта «Коммерсант».
Паводле суразмоўцы выданьня, нарады з нагоды санкцый прайшлі як на ўзроўні асобных галіновых прадпрыемстваў, так і ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі.
Іншы фэдэральны чыноўнік заявіў «Коммерсанту», што агульнага пляну процідзеяньня магчымым санкцыі «пакуль не прыдумана». Ён адзначыў, што разуменьне захадаў у адказ можа зьявіцца толькі пасьля ўвядзеньня Вашынгтонам новых абмежаваньняў. Пры гэтым прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў раней заяўляў, што Крэмль ужо «прапрацаваў меры засьцярогі» на выпадак увядзеньня чарговых санкцый.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША, як чакаецца, да канца студзеня прадставіць Кангрэсу краіны так званы «крамлёўскі даклад». У дакумэнце будуць паказаныя імёны набліжаных да Ўладзіміра Пуціна, у дачыненьні каго плянуецца ўвесьці санкцыі. Усяго, паводле СМІ, у новы санкцыйны сьпіс могуць трапіць каля 300 чалавек, у ліку якіх прадпрымальнікі і высокапастаўленыя расейскія чыноўнікі, а таксама іхныя сямейнікі.
26 студзеня ЗША ўжо пашырылі санкцыі ў дачыненьні Крамля праз анэксію Крыму і ўмяшаньне Расеі ў сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны. У чорным сьпісе апынуліся 21 чалавек і дзевяць кампаній. У іх ліку намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Андрэй Чарэзаў, кампанія «Технапрамэкспорт» і даччыныя прадпрыемствы «Сургутнефтегаза» і «Силовых машин».