За сьнежань 2015 году золатавалютныя рэзэрвы Беларусі ў міжнародным вызначэньні скараціліся адразу на 408 млн даляраў. У чым прычыны такога рэзкага зьмяншэньня? На што трацяцца золатавалютныя рэзэрвы? Якія пэрспэктывы іх папаўненьня?
Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Сяргей Чалы.
У чым прычыны рэзкага зьмяншэньня золатавалютных рэзэрваў?
Валер Карбалевіч: «Нацбанк паведаміў, што за апошні месяц 2015 году золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) Беларусі ў міжнародным вызначэньні скараціліся адразу на 408 млн даляраў, склаўшы на 1 студзеня 4,176 млрд даляраў у эквіваленце. Увогуле, за год яны скараціліся на 17,5%.
Калі не лічыць пачатку 2015 году, то цягам усяго году ЗВР зь месяца ў месяц то патрошку скарачаліся, то павялічваліся. І вось у канцы году такі абвал. Чым гэта выклікана?»
Сяргей Чалы: «Апошнія два месяцы пагаршаецца замежнагандлёвая сытуацыя. У лістападзе пагоршылася адмоўнае сальда — прыкладна на 500 млн даляраў.
Другі момант. У студзені 2014 году Нацбанк нечакана аднекуль з-за мяжы атрымаў каля 900 млн даляраў. Прычым кіраўніцтва Нацбанку ня кажа, адкуль яны ўзяліся. Выкажу вэрсію, што, магчыма, Азэрбайджан пазычыў такую суму. І яе далі на год. Вось цяпер у сьнежні 2015 году прыйшоў час вяртаць гэтыя грошы. Таму такі абвал ЗВР».
Леанід Злотнікаў: «У 2015 годзе Беларусь вярнула каля 6 млрд даляраў замежных пазыкаў. А паступленьне валюты ў краіну скарацілася. Давялося пазычыць унутры краіны ў насельніцтва каля 1 млрд даляраў. Замежныя пазыкі нам даюць мала, бо нізкі крэдытны рэйтынг».
Якія пэрспэктывы захаваньня ЗВР гэтым годам?
Карбалевіч: «Але ж цяпер абменны курс рубля свабодны, траціць валюту на яго ўтрыманьне ня трэба. І замежнагандлёвае сальда, здаецца, палепшылася ў параўнаньні зь мінулымі гадамі. У такіх умовах ЗВР не павінны, здаецца, шмат расходавацца?»
Чалы: «Так. Але трэба вяртаць старыя даўгі. Таму і дадатковая нагрузка на ЗВР. Апошнія два месяцы падаў расейскі рубель. І беларускі рубель адносна расейскага рубля ўмацаваўся. У выніку канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў на расейскім рынку ўпала. І з гэтым часткова зьвязана пагаршэньне замежнагандлёвага сальда».
Злотнікаў: «У 2015 годзе адносна нядрэнныя паказчыкі замежнагандлёвага балянсу былі дзякуючы падарунку Расеі. Маю на ўвазе тое, што РФ згадзілася, каб нафтавае мыта заставалася ў бюджэце Беларусі. У выніку гэтага мы атрымалі 1,4 млрд даляраў. Сёлета, у зьвязку з падзеньнем цэнаў на нафту, даход бюджэту ад згаданага чыньніка будзе значна меншы. А Беларусі ў 2016 годзе патрэбна будзе вярнуць 6 млрд даляраў пазык».
Карбалевіч: «Афіцыйныя асобы Беларусі называюць лічбу 3,3 млрд даляраў доўгу, які трэба вярнуць сёлета».
Беларусі ў 2016 годзе патрэбна будзе вярнуць 6 млрд даляраў пазык
Злотнікаў: «Яны кажуць толькі пра дзяржаўны доўг. А я лічу даўгі і дзяржаўных прадпрыемстваў, банкаў. Замежныя крэдыторы гатовыя даць новыя крэдыты толькі пад рынкавыя рэформы. А Лукашэнка адмаўляе неабходнасьць іх правядзеньня. І хто ж тады дасьць нам новыя крэдыты?»
Чалы: «У 2015 годзе дзейнічала некалькі спрыяльных для ЗВР Беларусі чыньнікаў. Па-першае, рэзка скараціўся імпарт. Гэта і імпарт прамежкавых тавараў, бо прадпрыемствы менш працавалі. Таксама скараціўся і спажывецкі імпарт. І сёлета шмат будзе залежаць ад таго, як будзе працаваць рэальны сэктар, ці будуць расьці даходы насельніцтва. У 2015 годзе палітыка стрымліваньня росту даходаў спрыяла ўстойлівасьці курсу беларускага рубля. Бо чым менш у насельніцтва грошай, тым меншы попыт на замежную валюту.
Думаю, сёлета замежны гандаль будзе скарачацца. То бок аб’ём прытоку валюты скарачаецца, а аб’ём адтоку — пастаянны. Таму шмат будзе залежаць ад магчымасьці рэфінансаваньня замежнага доўгу. Думаю, у першым квартале зьявіцца крэдыт Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця.
Ствараецца піраміда. І мы памятаем, чым скончылася ўся гэтая гісторыя ў 2010–2011 годзе
У 2010 годзе Нацбанк займаўся бухгальтарскімі трукамі, маю на ўвазе зьдзелкі СВОП з камэрцыйнымі банкамі. І такім чынам „малявалі“ ЗВР. А цяпер ролю СВОП выконваюць валютныя аблігацыі. Аб’ём апэрацыяў з аблігацыямі нарастае. Даводзіцца плаціць высокія працэнтныя стаўкі па гэтых аблігацыях (каля 8%), каб вяртаць мінулыя даўгі. Ствараецца піраміда. І мы памятаем, чым скончылася ўся гэтая гісторыя ў 2010–2011 годзе».
«Моцна зьвязанаму пацыенту анэстэзія не патрэбная»
Карбалевіч: Якія наступствы можа мець такое скарачэньне ЗВР? Ці можа яно псыхалягічна паўплываць на настроі насельніцтва? Людзі пойдуць купляць валюту ці здымаць банкаўскія ўклады?
Злотнікаў: «Мы пачынаем жыць па сродках. Таму што раней мы жылі лепш, чым дазвалялі магчымасьці эканомікі, за кошт вонкавых крэдытаў. Думаю, сёлета ўзровень спажываньня зьменшыцца на 10–15%. Таму асабліва няма за што ў людзей купляць даляры ў абменьніках. Хутчэй, больш будуць прадаваць. А здымаць уклады будуць толькі тады, калі банкі панізяць працэнты».
Чалы: «Сапраўды, 2015 год паказаў, што людзі ў асноўным праядалі запасы. Няма ў насельніцтва шмат сродкаў, каб яно магло стварыць нейкую пагрозу стабільнасьці. Гэта сытуацыя, калі моцна зьвязанаму пацыенту анэстэзія не патрэбная».