Міністэрства адукацыі Чэхіі пасьля скаргі Ўкраіны выключыла з абарачэньня школьныя атлясы, на якіх Крым намаляваны як тэрыторыя Расеі.
На сытуацыю з «расейскім Крымам» яшчэ ў лістападзе зьвярнуў увагу пасол Украіны ў Чэхіі Яўген Перабійніс і зьвярнуўся ў кампанію, якая выпусьціла карты. У лісьце ў адказ кампанія прынесла амбасадзе Ўкраіны прабачэньні і паведаміла аб зьняцьці некарэктнай карты з продажу, – напісаў дыплямат у «Фэйсбуку».
Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман, нядаўна перавыбраны на новы тэрмін, выказваўся за адмену санкцый, уведзеных у сувязі з анэксіяй Крыму і вайной на ўсходзе Ўкраіны. Саму анэксію Зэман назваў «фактам, які адбыўся» і прапанаваў Кіеву дамовіцца з Масквой аб кампэнсацыі за паўвостраў.
Чый Крым? Вайна глёбусаў дакацілася да Беларусі
У Магілёве прадаюць глёбусы з расейскім Крымам і кажуць, што гэта сувэнір, а Упраўленьне гандлю Магілёўскага аблвыканкаму заяўляе, што Крым украінскі. Беларускія ўлады і ў прыватнасьці Міністэрства замежных справаў не казалі, ці прызнаюць Крым расейскім пасьля фактычнай анэксіі ўкраінскай тэрыторыі Расеяй, але ў міжнародных галасаваньнях па Крыме падтрымліваюць расейскі бок.