Паводле зьвестак сьледзтва, злачынная групоўка ад 2009-га да 2015 году ўчыніла 6 выкраданьняў і забойстваў. Злачынцы імкнуліся завалодаць жытлом сваіх ахвяраў.
Групоўка падшуквала людзей з сацыяльна ўразьлівай катэгорыі насельніцтва. Зламысьнікі ўгаворвалі ўладальніка кватэры прадаць яе. Пасьля былога гаспадара заваблівалі ў бязьлюднае месца і забівалі. Целы закопвалі ў загадзя падрыхтаваных магілах.
Напойваў і забіваў
На лаве падсудных Магілёўскага абласнога суду пад узмоцненай аховай міліцыі тры маладыя мужчыны і адна жанчына. Нягледзячы на пагрозу сьмяротнага пакараньня, нэрвознасьці ў паводзінах абвінавачваных не відаць. Працэс доўжыцца блізу двух месяцаў.
20 сьнежня на пытаньні суду і пракурора адказваў Ігар Гершанкоў. Высьвятляліся абставіны забойства ўладальніка кватэры з прозьвішчам Ларыёнаў. Яго забілі ў чэрвені 2013 году. Цела закапалі на могілках у Чэрыкаўскім раёне.
Ігар Гершанкоў у вывешаным на ўваходзе ў судовую залю сьпісе абвінавачваных пазначаны першым. Яму інкрымінуецца забойства двух і болей чалавек пры абцяжлівых акалічнасьцях, а таксама падрыхтоўка да забойства, выкраданьне чалавека, махлярства. Акрамя таго, падсуднага вінавацяць у незаконным абарачэньні наркатычных рэчываў.
У Ігара Гершанкова была судзімасьць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Ён спэцыялізаваўся на махінацыях з абменам кватэраў.
Абвінавачваны настойваў: ён не забіваў Ларыёнава. Гэта нібыта зрабіў ягоны саўдзельнік Сямён Беражны.
Як вынікала з адказаў Гершанкова, менавіта Беражны быў завадатарам злачынстваў. Сам жа Гершанкоў спрабаваў давесьці суду, што ён вымушана падпарадкоўваўся саўдзельніку, бо быў яму вінаваты буйную суму грошай – 45 тысяч даляраў.
Паводле Гершанкова, Беражны спачатку напаіў Ларыёнава, потым сеў зь ім на задняе сядзеньне машыны, дзе і пазбавіў яго жыцьця.
«Мне сказаў ехаць у бок могілак. Па дарозе я пачуў гукі намотваньня скотчу. На пад’езьдзе да могілак мне сказаў: «Усё, ён гатовы. Давай хутчэй». Пад’ехалі да могілак. Як паркаваў машыну, я ня памятаю. Беражны выцягнуў гэтага чалавека і кажа: «Давай, дапамагай мне». Я ўзяў яго за ногі. І мы яго там пахавалі», — апавядаў пра забойства Ігар Гершанкоў.
«Потым Беражны дастаў з «бардачка» ў машыне пакет, а зь яго грошы, — пасьля непрацяглай паўзы працягнуў ён. — У пачку было каля шасьці тысяч (даляраў. — РС). Чатыры тысячы ён забраў сабе, а дзьве тысячы сказаў забраць мне. Яшчэ сказаў, каб я вяртаў хутчэй рэшту доўгу».
«Махінацыі раней з кватэрамі былі. Забойстваў не было»
Сямён Беражны ў клетцы сядзіць за Гершанковым. У сьпісе абвінавачваных значыцца трэцім, з тымі ж, акрамя наркотыкаў, інкрымінаванымі злачынствамі. Апусьціўшы галаву, ён, здаецца, і ня слухае саўдзельніка. Час ад часу ўздымае на ягоную сьпіну вочы і тут жа іх апускае. У залю не паглядае.
На судзе прагучалі зьвесткі, што Беражны – «звычайны рабацяга». Выяжджаў на заробкі ў Расею. Ніколі не займаўся пытаньнямі, зьвязанымі зь нерухомасьцю. Знаходзіўся ў расейскім вышуку. Памяняў прозьвішча.
Паводле агучаных на судзе зьвестак, у 2009 годзе доўг Гершанкова Беражному складаў 5 тысяч даляраў. За тры гады ён вырас да 45 тысяч.
«Гэта цяпер я стаю тут спакойным. А на той момант (калі быў на волі. — РС) сама абстаноўка была іншай. Не зусім спакойнай», — апраўдваў сябе Гершанкоў.
«Неспакой выяўляўся ў патрабаваньні ад мяне кватэры. А потым гэта перайшло ў 45 тысяч, — блытаючыся даводзіў суду абвінавачваны. — Яму (Беражному. — РС) і ягоным сябрам я тлумачыў, што прадаць кватэру не магу, бо прапісаны ўладальнік. Калі выйшаў з калёніі, ён мне сказаў, каб я рабіў усё дзеля выпіскі ўласьніка, прадаваў кватэру і вяртаў грошы».
Займацца махінацыямі з кватэрамі Ігар Гершанкоў, як вынікала з судовага сьледзтва, пачаў да 2009 году. Ён запэўніваў суд, што ў той час забойстваў не было.
5 ліпеня 2009 году яго арыштавалі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Абвінавачванай у справе праходзіла таксама і жонка Ігара Гершанкова Тацяна. Сямейная пара шукала для продажу кватэры, прадавала іх. За час такой дзейнасьці, як прагучала на судзе, сямейнікі выручылі блізу 50 тысяч даляраў. У зьняволеньні Гершанкоў прабыў да 2012 году.
«Я не забіваў. Дапамагаў толькі хаваць забітага»
Неўзабаве пасьля вызваленьня Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны аднавілі свае прыяцельскія стасункі. Паводле Гершанкова, Беражны нібыта казаў яму, што, быўшы ў Расеі, займаўся пытаньнямі зь нерухомасьцю.
«Займаўся такімі “трукамі” ў Расейскай Фэдэрацыі», — так выказаўся абвінавачваны.
Сьледзтва, аднак, такой інфармацыяй не валодае.
Гершанкоў настойваў: плян забойства Ларыёнава прадумаў Беражны. Будучую ахвяру ён адшукаў у сьпісах даўжнікоў за камунальныя плацяжы.
Абвінавачваны называў некалькі этапаў, на якіх саўдзельнік паведаміў яму, што зьбіраецца гаспадара кватэры пазбавіць жыцьця.
На пытаньне суду, ці не ўзьнікала думка пераканаць Беражнога іначай абысьціся з Ларыёнавым, падсудны пэўна не адказаў. Пэўнасьці не было і ў адказах Гершанкова, ці спрабаваў ён адмаўляцца ад саўдзелу ў злачынстве.
«Я быў толькі кіроўцам»,— цьвердзіў ён.
«Ларыёнава я бачыў жывым два ці тры разы. Беражны не казаў, як зьбіраецца забіць Ларыёнава. Яго везьлі забіваць у машыне Беражнога. Ён казаў, што мае патрэбу ў дапамозе пахаваць чалавека. Як зьбіраецца яго забіць, напэўна, не абмяркоўвалася», — блытаючыся, казаў абвінавачваны.
Гершанкова і Беражнога бачылі на могілках, на якіх пазьней яны закапалі цела Ларыёнава, дзьве жанчыны. Яны на працэсе выступяць сьведкамі. Была і заява ў міліцыю, што на гэтых могілках зьявілася таямнічае пахаваньне.
Амаль на кожнае пытаньне суду Гершанкоў адказваў фразаю: «Дакладна ня памятаю». Свае паказаньні даваў дужа размыта і няўпэўнена.
Жонка ня ведала пра забойствы
Калі гаворка зайшла пра ўдзел у злачынствах жонкі, Тацяны Гершанковай, то абвінавачваны стаў пераканаць суд, што яна ня мела дачыненьняў да махінацыяў, якія прывялі да забойства гаспадароў кватэр.
«Калі Тацяна і была замешаная ў эпізодах без трагічнага завяршэньня, то ўсе гутаркі вёў я. Многіх рэчаў я ёй не гаварыў», — даводзіў суду Гершанкоў.
«Там, дзе былі забойствы, Тацяна наагул ня ведала пацярпелых, — настойваў ён, — Гэта былі пацярпелыя Беражнога, і Тацяна пра іх абсалютна нічога ня ведала».
Тацяна Гершанкова ў сьпісе абвінавачваных пазначаная другой, адразу за сваім мужам, з тым жа наборам інкрымінаваных злачынстваў.
Тацяна Гершанкова ў клетцы сядзіць за мужчынамі апошняй. Яна пазірае ў залю рэдка, але падоўгу ўглядаецца ў прысутных. Твар хавае за доўгімі валасамі. Перад ёю стаіць міліцыянт. Паказаньні мужа слухае нібыта безуважна і спакойна.
Няма пэўнасьці, што ахвяраў закопвалі памерлымі
Яшчэ аднаму падсуднаму, Барысу Калесьнікаву, інкрымінуецца разбой, дапамога ва ўчыненьні забойства ды выкраданьні чалавека.
Абвінавачваны хавае твар пад марлевай павязкай. Ён катэгарычна супраць, каб у прэсе згадвалі ягонае імя. На адным з пасяджэньняў пагражаў сябе скалечыць – ускрыць вены. Непакоіцца, што яго журналісты сфатаграфуюць. Сядзіць перад Гершанковай. Як і яе, Калесьнікава затуляе постаць міліцыянта.
Хударлявага выгляду мужчына на пачатку судовага пасяджэньня 20 сьнежня двума пальцамі паказаў тым, хто прыйшоў на працэс, знак перамогі. У адзін з момантаў допыту Гершанкова Калесьнікаў ускочыў зь месца і заявіў, што яму абрыдла слухаць ягоную «хлусьню».
«У мяне пара хутка пойдзе з галавы ад ягоных словаў», — прамовіў Калесьнікаў.
Сямён Беражны на ранейшых пасяджэньнях не адмаўляў таго, што ён забіваў гаспадароў кватэраў. Ён ня мог пэўна сказаць, ці былі ягоныя ахвяры мёртвымі, калі іх закопвалі. Паводле яго, завадатарам у злачыннай групе быў Гершанкоў.
Выкрылі групоўку ў 2015 годзе, калі адпрацоўваліся захады пошуку бязь вестак зьніклых. Справа «чорных рыэлтараў» лічыцца расстрэльнай. Працэс у справе абяцае быць доўгім.