Жыхар Дрыбіна Андрэй Юркоў запатрабаваў ад мясцовых чыноўнікаў зьняць з каляднай елкі чырвоную зорку.
Савецкі сымбаль на ялінцы — гэта блюзьнерства, давёў сваю пазыцыю раённым ідэолягам дрыбінец.
«Пад гэтай зоркай былі закатаваныя тысячы сьвятароў і разбураныя тысячы храмаў за савецкім часам», — напісаў у сваім звароце да чыноўнікаў Андрэй Юркоў.
«У дадатак гэта блюзьнерства са сьветлай памяці мільёнаў нявінных ахвяраў камунізму, — адзначыў ён. — Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь патрабую прыняць захады прадухіленьня гэтага дзікунства».
Галоўную ялінку раёну паставілі непадалёк ад райвыканкаму. Паводле Андрэя Юркова, у мінулыя гады чырвонай зоркі на дрэве не было. Замест яе была калядная.
«Сёлета набылі новую штучную елку, каб было, як той казаў, па-багатаму, і паставілі яе з чырвонай зоркай. Гэта ж дзікунства — на Раство выкарыстоўваць чырвоную зорку. Гэта ж сьвята Нараджэньня Хрыстовага, а ня Дзень Перамогі», — кажа пра сытуацыю Юркоў.
«Зразумела, тут ня варта шукаць палітычнага падтэксту. Ялінка, відаць, расейскай вытворчасьці, і разам зь ёю ішла ў камплекце чырвоная зорка, а паколькі веданьне традыцыяў у чыноўнікаў своеасаблівае, то яны і начапілі гэты савецкі сымбаль, асабліва ня думаючы пра яго гісторыю», — выводзіць Андрэй Юркоў.
У аддзеле ідэалёгіі райвыканкаму паведамілі, што пытаньне, на якім засяродзіў увагу Юркоў, разглядаецца на пасяджэньні выканкаму.