У менскім аэрапорце затрымалі расейскіх сьпевака і мадэль. Яны кажуць пра «цырк са зьдзекамі»

Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак шэрагу расейскіх СМІ, 2 чэрвеня ў Нацыянальным аэрапорце Менск затрымалі расейскую мадэль Алену Ваданаеву і расейскага сьпевака Алекса Маліноўскага, прычынай стала нібыта спроба незаконна вывезьці з краіны буйную суму грошай.

Паводле словаў Маліноўскага і Ваданаевай, іх трымалі ў аэрапорце 11 гадзінаў, бо яны мелі пры сабе больш за 30 тысяч даляраў, але пайшлі не па чырвоным калідоры (дзе трэба дэкляраваць буйныя сумы грошай), а па зялёным (празь які можна праносіць без дэкляраваньня да 10 тысяч даляраў). Але пара сьцьвярджае, што яны толькі пераступілі лінію зялёнага калідору, бо супрацоўнік мытні запатрабаваў у іх пашпарты, а яны шчыра назвалі яму суму.

Ваданаева кажа, што «супрацоўнікі мытні вельмі непрафэсійна сябе паводзілі, учынілі цырк са зьдзекамі, адмаўляліся запрасіць консула». З парай была 12-гадовая дзяўчынка, дачка іхнай знаёмай, але ім не далі магчымасьць паведаміць маці дзяўчынкі пра прычыны затрымкі.

У Маліноўскага канфіскавалі 30 тысяч даляраў і 55 тысяч расейскіх рублёў (каля 970 даляраў). Суд па іхнай справе мае адбыцца ў Менску ў аўторак. Ваданаева і Маліноўскі прапусьцілі свой самалёт, але зьляцелі на іншым. На сёньня яны знаходзіцца ў Кіеве.

Афіцыйных камэнтароў беларускага боку на момант публікацыі няма. Але беларускі бок нібыта паведаміў на ўмовах ананімнасьці расейскім СМІ, што 2 чэрвеня валюту ў названых асобаў не канфіскоўвалі, а канфіскоўвалі толькі ў зусім іншых людзей зусім іншыя сумы.