На тле аптымістычных заяваў афіцыйных асобаў сухая статыстыка адлюстроўвае складаную сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў краіне. Як палова насельніцтва выжывае на 350 рублёў у месяц? Чаму, насуперак патрабаваньням Аляксандра Лукашэнкі ліквідаваць беспрацоўе, яно насамрэч расьце? Як Беларусь дасьць рады замежнаму доўгу, які ўсё расьце?
Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Барыс Жаліба.
Як палова насельніцтва выжывае на 350 рублёў у месяц?
Валер Карбалевіч: «Бурлівая ў палітычным сэнсе вясна скончылася. Улады супакоіліся. Галоўнымі тэмамі, якія яны абмяркоўваюць, сталі хакей, увогуле спорт, перанос заняткаў у школе на 9 гадзіну, а таксама пытаньне бясплатнага туалету на менскім вакзале. Прадстаўнікі ўраду па выніках чатырох месяцаў году ўпэўнена заяўляюць, што крызіс скончыўся, эканоміка пайшла ў рост.
Але вось апошняя статыстыка. Сярэднедушавы даход 49% беларусаў складае менш за 350 рублёў. Як можна гэта пракамэнтаваць?»
Леанід Злотнікаў: «Цяперашні крызіс — гэта крызіс неэфэктыўнай эканамічнай сыстэмы. У выніку скарачаецца спажываньне. Падае розьнічны тавараабарот. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на харчаваньне ідзе 40,5% даходаў. Але, паводле маіх падлікаў, гэтая лічба складае каля 50%.
Статыстыка паказвае, што на душу насельніцтва прыпадае дзесьці 200–250 даляраў даходаў. Але пакупніцкая здольнасьць даляра панізілася ў параўнаньні з красавіком 2016 году на 14%. Таму ў рэальнасьці на душу насельніцтва прыпадае дзесьці 170–190 даляраў даходаў. Цяжка ўявіць, як людзі ўхітраюцца жыць на такія малыя даходы».
Барыс Жаліба: «Лукашэнка паставіў задачу павысіць сярэдні заробак да канца году да 500 даляраў, або 1 тыс. рублёў. Але гэта эканамічна не абгрунтаваная задача. Каб дасягнуць такіх лічбаў, трэба, каб апошнія тры кварталы заробкі расьлі на 10% у квартал. Дык і прадукцыйнасьць працы павінна расьці адпаведна. Але гэтага эканамічным шляхам дасягнуць немагчыма.
Сёньня ў Менску сярэднія заробкі ўжо складаюць 1 тысячу рублёў, а ў правінцыі сярэдні заробак — каля 700 рублёў. З улікам росту цэнаў можна канстатаваць, што з пачатку году рэальнага росту заробкаў няма».
Чаму, насуперак патрабаваньням Аляксандра Лукашэнкі ліквідаваць беспрацоўе, яно насамрэч расьце?
Карбалевіч: «Вядома, што Лукашэнка загадаў да 1 траўня ліквідаваць беспрацоўе ў Беларусі. І 1 траўня міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч адрапартавала, што ўсе, хто хацеў, атрымалі працу. А тыя, хто бяз працы, самі ня хочуць працаваць. Але вось на апошнім паседжаньні ўраду прэмʼер Кабякоў адзначыў, што беспрацоўе з пачатку году вырасла.
„На рынку працы захоўваецца дысбалянс. За першыя чатыры месяцы на 7,6 тысячы чалавек звольнена больш, чым прынята на працу“, — сказаў Кабякоў.
Дык якая ж рэальная сытуацыя на рынку працы?»
Злотнікаў: «Эканоміка не разьвіваецца па заданьні прэзыдэнта. Памятаеце, як нейкі час таму Лукашэнка даваў заданьне панізіць сабекошт прадукцыі. Цяпер ён патрабуе павысіць прадукцыйнасьць працы, павысіць заробкі, ліквідаваць беспрацоўе. Гэта такое шапказакідальніцтва, валюнтарызм, які ні на што не абапіраецца. Гэта сьведчыць пра тое, што нашы ўлады не разумеюць, што такое эканоміка і як яна працуе».
Жаліба: «Улады самі заблыталі сытуацыю па гэтым пытаньні. Афіцыйна ў нас беспрацоўе складае 0,9%. Але мінулым годам Белстат праводзіў выбарачнае абсьледаваньне хатніх гаспадарак і зрабіў высновы, што сапраўднае беспрацоўе складае 5,8%.
Кабякоў кажа, што за чатыры месяцы на 7,6 тысячы чалавек звольнена больш, чым прынята на працу. Але вось сайт naviny by, спасылаючыся на Белстат, прыводзіць іншую статыстыку. Лічбы, якія прыводзіць Кабякоў, — гэта дадзеныя толькі за красавік. А за чатыры месяцы звольнена больш, чым прынята на працу, на 18,6 тысячы чалавек.
Каб стварыць адно нармальнае працоўнае месца, трэба ўкласьці 20–30 тысяч даляраў. А кваліфікаванае працоўнае месца каштуе ў 10 разоў болей. Таму да справаздачы міністра працы перад прэзыдэнтам трэба ставіцца скептычна. Мы ведаем, як ствараліся гэтыя працоўныя месцы. Людзям прапаноўвалі зьбіраць каменьне на палях ці месьці вуліцы».
Як Беларусь управіцца з ростам замежнага доўгу?
Карбалевіч: «Паводле афіцыйнай інфармацыі, з пачатку году дзяржаўны доўг краіны скараціўся, а замежны дзяржаўны доўг вырас. Як тут разабрацца ў гэтым?»
Злотнікаў: «Дзяржаўны доўг крыху вырас, а валавы доўг (гэта дзяржаўны доўг плюс карпаратыўныя пазыкі) крыху панізіўся. Замежны дзяржаўны доўг афіцыйна складае каля 14 млрд даляраў. Але, па маіх ацэнках, ён заніжаны. Бо ня ўлічвае абавязаньняў ураду і дзяржаўных органаў (напрыклад, мясцовых выканкамаў) па даўгах дзяржпрадпрыемстваў, якія ў большасьці ня могуць сплаціць свае пазыкі. З улікам гэтага дзяржаўны доўг складае 23 млрд даляраў. Тут усё вельмі заблытана. Але існуе тэндэнцыя да нарастаньня даўгоў. Улады бяруць новыя даўгі, каб вярнуць старыя. Будуецца фінансавая піраміда».
Жаліба: «Мы менш зьвяртаем увагу на ўнутраны дзяржаўны доўг, а ён апошнімі гадамі рос, бо зьнешнія крыніцы пазык былі абмежаваныя. Міністэрства фінансаў актыўна прадавала аблігацыі, і іх добра куплялі, у тым ліку фізычныя асобы. Бо даходнасьць іх была вышэйшая, чым банкаўскіх дэпазытаў. І пры гэтым не бярэцца падаходны падатак. Мінфін іх выкупляе дакладна ў тэрмін, бо інакш мог бы здарыцца дэфолт. І вось унутраны доўг крыху зьменшыўся.
У суме вонкавы і ўнутраны дзяржаўны доўг дасягнуў 29% валавога ўнутранага прадукту. Для Беларусі гэта досыць высокі ўзровень. І кожны год палову доўгу дзяржава вяртае, а палову — рэфінансуе, то бок бярэ новыя даўгі, каб вярнуць старыя».
Злотнікаў: «За чатыры месяцы гэтага году дзяржава пазычыла на ўнутраным рынку 360 млн даляраў, а вярнула — 390 млн даляраў. І яшчэ лічба. Калі ў 2010 годзе 2% бюджэту ішло на вяртаньне даўгоў, то ў 2016 годзе на гэта ішло 10% бюджэту».