Паляваньне на зуброў, альбо Ці можна выйграць прайграную вайну

Адстаўка кіраўнікоў вядучых дзяржаўных мэдыяў — гэта рэакцыя на прайграную інфармацыйную вайну.

Зьняцьцё з пасадаў кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, дырэктара СТВ Юрыя Казіяткі і галоўнага рэдактара газэты «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча — гэта своеасаблівы палітычны землятрус у дзяржаўных СМІ. Калі казаць пра Паўла Якубовіча, то гэта апошні зубар інфармацыйнай імпэрыі Лукашэнкі. Хоць ён цяпер і кажа, што сам прасіў аб адстаўцы, але гэта добрая міна пры дрэннай гульні. Бо, па-першае, адначасова, аднамомантна зьнятыя з пасады адразу тры кіраўнікі вядучых мэдыяў. Два іншыя ж аб адстаўцы не прасілі.

Па-другое, глядзіце, як сам Лукашэнка тлумачыць гэтыя свае рашэньні: «Якія б ні былі добрыя людзі, патрэбныя перамены... Трэба мяняць і якасьць, і ўнутраны зьмест, і зьнешнюю форму. Усё трэба мяняць і рухацца наперад, выкарыстоўваючы той патэнцыял, які назапашаны. Патрэбныя перамены».

То бок кіраўнік дзяржавы не хавае, што цяперашняй і якасьцю, і зьместам, і формай дзейнасьці дзяржаўных мэдыяў ён не задаволены.

Ці былі аналягічныя сытуацыі раней? Былі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, якія скончыліся драматычна, раззлаваны Лукашэнка адправіў у адстаўку першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Пяткевіч, якая кіравала ідэалёгіяй, інфармацыйнай палітыкай, піярам выбарчай кампаніі кіраўніка дзяржавы, і тагачаснага старшыню Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Бо палічыў, што яны правалілі ўсю прапагандысцкую працу.

Што здарылася цяпер? Чаго раптам? Здарылася. Але не цяпер, а трохі раней.

Цяперашнія адстаўкі — гэта аддаленае рэха вясновых акцый недармаедаў

Цяперашнія адстаўкі — гэта аддаленае рэха вясновых (2017 г.) акцый недармаедаў. Тыя падзеі паказалі ня толькі страту ўладамі манаполіі на інфармацыю. Больш важным было тое, што рэжым прайграў інфармацыйную вайну вакол тых падзей. Прайграў гучна, разгромна, з трэскам. Калі 2 млн спажыўцоў у сацыяльных сетках глядзелі онлайн-рэпартажы з вулічнай акцыі, то дзяржаўным тэлеканалам заставалася курыць бамбук. Тэлевізар перастаў перамагаць лядоўню. І гэта стала нечаканым шокам і моцным стрэсам для каманды Лукашэнкі.

Другі момант. Падчас прызначэньня новых кіраўнікоў Лукашэнка невыпадкова ўзгадаў расейскія тэлеканалы ў якасьці і добрага, і дрэннага прыкладу. За гэтай узгадкай хаваецца яшчэ адна прыкрая для ўладаў зьява. Беларускія дзяржаўныя мэдыі прайграюць ня толькі незалежным СМІ, але і расейскім тэлеканалам. Фэдэральныя каналы РФ аказваюць значна большы ўплыў на беларусаў, чым свая дзяржаўная тэлевізія, што засьведчылі шматлікія сацыялягічныя апытаньні. Адсюль такая хваравітая рэакцыя ўладаў на ток-шоў расейскіх тэлеканалаў і адносна жорсткі прысуд блогерам «Рэгнуму».

Таму Лукашэнка прыйшоў да высновы, што трэба нешта рабіць. Першым трапіў пад раздачу Вадзім Гігін зь ягонай перадачай «Дело принципа» на АНТ — самай лібэральнай праграмай на беларускім ТБ апошніх 20 гадоў. Перадачу закрылі яшчэ летам.

Самы просты, звыклы і зразумелы для ўладаў спосаб барацьбы з палітычнымі апанэнтамі — гэта заткнуць ім рот. Паводле інфармацыі БАЖ, колькасьць канфліктных сытуацый паміж журналістамі і ўладамі ў 2017 годзе была большая, чым за ўсе тры мінулыя гады разам узятыя. У 2017 годзе адбылося 101 затрыманьне журналістаў, у тым ліку 12 арыштаў, журналістам даводзілася праводзіць пад вартай да 25 сутак. Былі заблякаваныя сайты «Беларускі партызан» і «Хартыя-97».

Без рэпрэсій змагацца з апанэнтамі беларускія ўлады ня ў стане

Мяркуючы па ўсім, гэта — толькі пачатак. На калегіі Міністэрства інфармацыі 5 лютага міністар Аляксандар Карлюкевіч анансаваў «глябальныя карэкціроўкі» закону «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама дапаўненьні і зьмяненьні ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Адметна, што міністар інфармацыі па сутнасьці выступае ў ролі міністра МУС. Без рэпрэсій змагацца з апанэнтамі беларускія ўлады ня ў стане.

Ну і вось — зьмена кіраўніцтва вядучых дзяржаўных мэдый. Лукашэнка спадзяецца, што яны змогуць вярнуць давер насельніцтва да ўлады. Але нават з улікам рэпрэсій, ва ўмовах, калі 70% беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам, гэта задача малавыканальная. Кадравымі перастаноўкамі яе ня вырашыць.

А адпраўленыя ў адстаўкі Павал Якубовіч і Генадзь Давыдзька будуць кіраваць грамадзкімі арганізацыямі. Гэтак у савецкія часы партыйных функцыянэраў, якія правалілі справу, пасылалі кіраваць прафсаюзамі, ці вайскоўцаў — грамадзянскай абаронай. Карʼерны тупік, але там ад іх ужо ніякай шкоды. Напрыклад, вы што-небудзь чулі апошнім часам пра Сямёна Шапіру, якога прызначылі старшынём Фэдэрацыі хакею?