У аграгарадку на Гомельшчыне ня рады будучаму нашэсьцю «зэкаў»

Пад Сьветлагорскам на Гомельшчыне камунальнае сельгаспрадпрыемства «Хутар-агра» выбрана ў якасьці пляцоўкі для экспэрымэнту Міністэрства ўнутраных спраў па «сацыяльнай рэабілітацыі» былых нявольнікаў беларускіх турмаў. Ужо з 1 студзеня 2018 году гаспадарку маюць увесьці ў структуру крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС, каб вырабляць сельгаспрадукцыю дзеля ўласных патрэбаў і працаўладкоўваць спэцкантынгент. Карэспандэнт Свабоды наведаў аграгарадок Хутар.

МУС замяняе «Беларуснафту»

Пра перадачу «Хутара-агра» з новага году ў сыстэму МУС як пра вырашанае пытаньне паведаміў на мінулым тыдні начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў генэрал-маёр міліцыі Сяргей Дарошка. Дадаў нават, што бліжэйшым часам у крымінальна-выканаўчай структуры міністэрства будзе створана рэспубліканскае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе «людзі змогуць працаўладкавацца і весьці нармальны лад жыцьця».

Да лета 2016 году сельгаспрадпрыемства ў аграгарадку Хутар належала рэспубліканскаму вытворчаму абʼяднаньню «Беларуснафта». Перадавалася яно ў арэнду на паўстагодзьдзя, а гаспадарылі тут нафтавікі ўсяго два дзесяцігодзьдзі — з сакавіка 1996 году.

Сьвінакомплекс у Хутары

На датацыі нафтавага прадпрыемства, па сутнасьці, і створана вытворчая база «Хутар-агра»: сьвінакомплекс, малочна-таварныя фэрмы, участак перапрацоўкі мясной прадукцыі, каўбасны цэх, збожжасушыльны комплекс, мэхдвор. Летась новаствораную гаспадарку ўключылі ў раённую камунальную ўласнасьць, а цяпер перакідаюць у МУС. Вырашалася ўсё гэта на самым высокім узроўні, а ў «ніжняга» — саміх жыхароў вёскі Хутар — ніхто й не пытаўся.

Пярэбары

14 кастрычніка, на Пакравы, у вёсцы перавозілі бібліятэку — з асобнага будынка ў былы комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня.

Возяць кнігі хлапчукі

Шчыравалі тут найперш васьмі- ды дзевяціклясьнікі.

Бяз коніка і бібліятэка не абыходзіцца

Да перавозу далучыліся й двое дарослых мужыкоў. На фурманку нагрузілі ня толькі кнігі, але й стэляжы.

«Дык у бібліятэцы нібыта жаночая калёнія будзе», — тлумачыць адзін зь іх.

Вяскоўка Тацяна тлумачыць, што ў бібліятэцы яны ладзілі розныя сустрэчы, чытальніцкія канфэрэнцыі. Тут месьціўся й «Пакой роднай вёскі» з экспанатамі побыту хутаранскіх жыхароў — куфрам, кроснамі, калаўротам, драўляным ложкам ды іншымі памяткамі даўніны. А яшчэ былі фатаздымкі й сьпіс землякоў, якія ў Другую ўсясьветную вайну здабывалі перамогу і для сваёй вёскі — Хутара, якому ў 1942 годзе выпаў гэткі ж лёс, як і Хатыні.

Адна невялікая загана была ў старой бібліятэкі: недзе праз дах праточваўся дождж, пакінуўшы на столі блізу квадратнага мэтру свайго ўзору.

Былы садок пяройдзе «зэкам»

Другі адрас, дзе маюць пасяліць «зэкаў», — былы дзіцячы садок на вуліцы Кірава, побач з шматкватэрным домам з аднаго боку, сельскай амбуляторыяй і школаю — з другога. Двухпавярховы дзіцячы садок тыповай пабудовы закрылі, перадаўшы яго функцыі мясцовай школе.

На вуліцы Кірава

«Ня хочацца, каб з Хутара зрабілі «зону»

Па дарозе да «зэкаўскага садка» цікавімся ў маладых хутаранцаў: як ставяцца яны да такога нечаканага суседзтва?

Ліцэіст Міхаіл зь сябрукамі апасаецца за крымінагенную сытуацыю ў вёсцы:

«Галоўнае, каб красьці гэтыя зэкі не пачалі. Нам ужо бацькі казалі, што такое можа быць і каб мы нікуды ня ўлезьлі».

Зрэшты, некаторыя вяскоўцы ўсё яшчэ маюць спадзеў, што МУС ня возьме пад сваё крыло КСУП «Хутар-агра».

«Ня чуў, каб нешта вырашылася. Прыяжджаў яшчэ ў жніўні міністар Шуневіч, аглядаў нашу гаспадарку. Але ж пакуль не было афіцыйнага паведамленьня, што дакумэнты падпісаныя. Дык чаго загадзя гадаць?» — разважае сталага веку вясковец.

Іншыя пэнсіянэры наагул лічаць за лепшае не выказвацца на гэтую тэму, трымаючыся звыклага прынцыпу: «Ат, мы пэнсіянэры, нам ужо ўсё адно, што тут будзе, а чаго ня будзе».

Новымі насельнікамі, якія зьявяцца ў Хутары ўжо праз два з паловай месяцы, занепакоеныя большасьць маладых і сталых вяскоўцаў, з кім давялося размаўляць.

«Гэта ненармальна, што сюды стануць звозіць усякага роду крымінальнікаў», — лічыць маладая маці, кіруючыся на ровары ў бок шматкватэрнага дому.

Вяскоўца ў гадах, які назваўся Аляксандрам, таксама дужа непакоіць пэрспэктыва засяленьня Хутара «спэцкантынгентам».

«Гэта для вёскі згубна, я так лічу. Хутар быў спакойны. А то ж пачнуць па дварах ды гародах шастаць. Жэрці захочуць — і палезуць. Народ у страху пачне жыць, людзі будуць баяцца», — кажа ён.

Суразмоўца дадае, што над вёскай і без таго нямала было экспэрымэнтаў — і раней, і ў апошнія гады.

«Да нас багата прыяжджала працаваць з гораду, а свае вяскоўцы бадзяліся. Цяпер крыху й сваіх набралі. Але ж ня ўсе занятыя. Спэцыялісты патрэбныя, а не «кантынгент».

Вада на замку

У спадарыні Людмілы да будучых насельнікаў вёскі стаўленьне таксама насьцярожанае:

«Гэта ж людзі непрадказальныя. У нас жа тут нават сталоўкі для іх няма. Лазьня не працуе. Зробяць для іх нешта ці не, хто ж яго ведае. Лепш бы вёску даглядалі. На вуліцы Савецкай вадзяную калёнку на замок зачынілі — ужо й вядра вады не заслужылі. Казалі старшыні нашага Баравікоўскага сельскага савету, дык ён адмахваецца: „Указаньне такое“».

«Сюды ж нармальныя людзі не прыедуць»

Вяскоўцы, якія працуюць, не даюць веры, што «зэкі» падымуць КСУП на нейкі новы ўзровень.

«Не, гаспадарку яны не падымуць, хутчэй наадварот, — кажа мясцовы мэханізатар, які ўжо два дзесяцігодзьдзі запар правёў за стырном айчыннага трактара. — Нас не пытаюць — ні сходу ніякага не было, анічога. Але нам ня хочацца, каб з Хутара зрабілі „зону“. Ужо ўвечары жанкам хоць на вуліцу не выходзь — за семʼі боязна».

Трактарыст заўважае, што ў рэгіёне нямала паўвымерлых вёсак:

«Засяляйце іх і падымайце, стаўце там экспэрымэнты. Сюды ж нармальныя не прыедуць — нармальныя вернуцца да сваіх семʼяў. Прывязуць тых, каго называюць «перакаці-поле».

Сярэдніх гадоў хутаранец Руслан, які прыехаў да маці ў адпачынак, лічыць, што ад задуманага экспэрымэнту моцна патыхае лягернай сыстэмай сталінскіх часоў.

«Нашаму ціхаму й спакойнаму Хутару гэта дакладна не патрэбна», — перакананы Руслан.

Ветракі круцяцца ўхаластую

Вёска Хутар па беларускіх мерках мае сярэдні памер — каля трохсот сядзібаў і звыш 600 жыхароў. Пры ўезьдзе ў вёску круціць лопасьцямі-ветразямі аэрадынамічнае збудаваньне, якое зьнешне нагадвае ветраны млын. Такі ж вятрак, але меншых памераў, усталяваны й на другім канцы вёскі, дзе сьвінакомплекс.

Вятрак і бэтонная агароджа з калючкай

«Гэта ж толькі макеты, — кажуць мясцовыя жыхары. — Калісьці вёска мела цэлыя тры ветраныя млыны. Цяпер энэргія ідзе па правадах, а агароджу фэрмаў дадаткова абнесьлі калючкай».

У «Хутары-агра» цяпер занятыя звыш дзьвюх сотняў працаўнікоў. Сельгаспрадпрыемства, як сьцьвярджаў ягоны дырэктар Віктар Бусел падчас візыту сюды кіраўніка МУС ды іншых чыноўнікаў, моцна стаіць на нагах. Месячная выручка — 350–400 тысяч рублёў. Гаспадарка ня мае даўгоў, сама плаціць людзям заробак, сярэдні памер якога за першае паўгодзьдзе склаў 536 рублёў.

Дырэктар казаў пра гатовасьць узяць на працу яшчэ з паўсотні чалавек, а калі пашыраць вытворчасьць, то і болей. Ад супрацоўніцтва з Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС аграгаспадарка нібыта таксама будзе мець пэўны плюс — гарантаваны рынак збыту, бо прадукцыю адсюль зьбіраюцца накіроўваць на патрэбы пэнітэнцыярных установаў. Плюс, канечне, сумнеўны, але ён быў названы.

Са свайго боку, міліцэйскае ведамства, паводле Ігара Шуневіча, праз працаўладкаваньне мае «зьніжаць рэцыдыў», дапамагаць людзям «уліцца ў грамадзтва, атрымліваць заробак, будаваць семʼі, гадаваць дзяцей, сплачваць пазовы дзяржаве».

Але пакуль «Хутару-агра» бракуе ня столькі «зэкаў», колькі спэцыялістаў: галоўнага інжынэра ды інжынэра па мэханізацыі працаёмкіх працэсаў, галоўнага эканаміста, апэратара штучнага асемяненьня жывёлін, вэтэрынарнага лекара. І гэта пры тым, што аграгарадок Хутар усяго за дваццаць кілямэтраў ад раённага цэнтру — Сьветлагорску.

Лясная вуліца ў аграгарадку