У Менску адбылася прэзэнтацыя альбома-даведніка «Творчая суполка „Пагоня“». З густам аздобленае выданьне прымеркаванае да 25-годзьдзя дзейнасьці мастакоўскага згуртаваньня, якое на зломе эпох дало адчувальны штуршок усяму нацыянальна-вызвольнаму руху Беларусі.
Упершыню пад адной вокладкай сыстэматызаваныя зьвесткі больш чым пра 100 творцаў, якія загартоўваліся ў суполцы ад моманту яе заснаваньня ў 1990 годзе. Агулам у зборы больш за 230 старонак, ахопленыя самыя розныя жанры — жывапіс, графіка, скульптура, плякат, дэкаратыўнае мастацтва. Кожнаму герою прысьвечаны разварот зь біяграфічнымі зьвесткамі і ўзорамі аўтарскіх працаў, шмат дакумэнтальных фатаздымкаў, якія нагадваюць пра ролю «пагонічаў» у грамадзкіх працэсах.
Прадмову напісаў мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі, разгорнуты мастацтвазнаўчы экскурс зрабіла Тацяна Гаранская, з падсумаваньнем пражытага чвэрцьстагодзьдзя зьвярнуліся да чытачоў Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Генадзь Драздоў — кіраўнікі суполкі на розных гістарычных этапах. У храналягічным парадку пералічаныя ўсе асноўныя падзеі, выставы, пленэры і акцыі суполкі «Пагоня» за апошнія 25 гадоў, а таксама публікацыі ў мэдыях.
У залі сядзібы Партыі БНФ — «вэтэраны» і маладзейшыя чальцы «Пагоні», грамадзкія і палітычныя актывісты, дзеячы культуры. Кожнаму ёсьць што сказаць пра ўнёсак першапраходцаў у справу здабычы дзяржаўнай незалежнасьці. Няма тут толькі прадстаўнікоў Міністэрства культуры, афіцыйных СМІ, нават дэлегатаў ад роднага Беларускага саюзу мастакоў — сябры суполкі адпачатку атрымалі клішэ «іншароднасьці». Пры гэтым бальшыня выступоўцаў падкрэсьлівала, што пры іншым раскладзе прынагодная прэзэнтацыя выданьня павінна была праходзіць у найлепшых залях краіны з удзелам найвышэйшых пэрсонаў.
Пакуль жа, як канстатаваў, адкрываючы вечарыну старшыня творчай суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў, рэаліі зусім іншыя:
«Мы прэзэнтуем вынік нашай 25-гадовай працы. Шлях, пройдзены „Пагоняй“ за гэты час, без перабольшаньня, унікальны. Гісторыя нашай суполкі і гісторыя станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, па-сутнасьці, зьнітаваныя адной ніткай. І калі б мы сёньня жылі ў нармальнай краіне, то нашы мастакі выстаўляліся б ня ў гэтым сьціплым памяшканьні, а ў Палацы рэспублікі як мінімум. Пачатак нашай дзейнасьці паклаў яшчэ Лявон Баразна — першапатрыярх, які зьвярнуўся да беларушчыны, узьняўшы вялікі пласт нацыянальнай гісторыі, культуры. Яшчэ ў 1960-я ён стварыў грамадзкае абʼяднаньне аматараў беларускага мастацтва, да якога потым далучыліся Зянон Пазьняк, Яўген Кулік, Аляксей Марачкін, Мікола Купава і многія іншыя. Потым усё гэта перарасло ў магутны народны рух».
На правах гаспадара прэзэнтацыйнай пляцоўкі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў думку, што яшчэ трэба паглядзець, хто каго ў свой час «нарадзіў» — Беларускі Народны Фронт суполку «Пагоня» ці наадварот.
«Невядома яшчэ, можа быць, БНФ насамрэч пачаўся і выйшаў з мастацкай суполкі „Пагоня“. Таму што менавіта творы былі, застаюцца і, мабыць, доўга яшчэ будуць заставацца той магутнай зброяй у ідэйным, каштоўнасным змаганьні спачатку супраць савецкага таталітарызму, а пасьля супраць расейскага шавінізму і імпэрыялізму. І якраз у гэтым рэчышчы зьяўленьне такога выданьня надзвычай важнае, бо сёньня змаганьне за Беларусь знаходзіцца ў вельмі вострай фазе. Напаўненьне нашай культурнай прасторы, умацаваньне беларускай ідэнтычнасьці, праца на нацыянальную ідэю — тое, што ляжыць у аснове вашай творчасьці — гэта надзвычай важна для лёсу беларусаў як нацыі, важна для будучыні беларускай дзяржавы».
Было шмат успамінаў, як паўставала суполка «Пагоня», хто менавіта прапанаваў карыстацца гістарычным гербам для ідэйнага арыентыру. Усё пачалося яшчэ ў 1980-х на так званым «Паддашку» Яўгена Куліка, дзе зьбіраліся «мастакі-нацыяналісты». І калі збольшага акрэсьлілася ядро аднадумцаў, насьпела неабходнасьць выбраць творчы сымбаль. Вершніка прапанаваў Мікола Купава, хоць некаторым ягоным калегам тое прыйшлося не даспадобы.
«Канечне, у тыя, яшчэ савецкія часы, гэта была ў пэўным сэнсе правакацыя. Але гэта была цалкам лягічная назва, якая вынікала з усяго нашага лёсу, з нашага штодзённага клопату. Дзеля справядлівасьці, калі той жа Яўген Кулік нават не сумняваўся, што я магу прапанаваць нейкі іншы варыянт, нават пакпіў — ну што яшчэ можа прапанаваць Купава — то некаторыя палічылі, што мы хочам перацягнуць коўдру выключна на сябе, і выйшлі з суполкі на этапе яе стварэньня. То бок, ужо тады паўсталі пэўныя ідэалягічныя разыходжаньні, якія акрэсьлілі ўсю неаднароднасьць тагачаснага дый цяперашняга грамадзтва».
Сьцены сядзібы Партыі БНФ упрыгожаныя працамі сябраў суполкі «Пагоня». Іх ня так шмат, бо не дазваляюць памеры памяшканьня. Аляксей Марачкін — з тых, хто быў сярод пачынальнікаў мастакоўскага руху. У «прэзыдыюме» над ім — партрэт сябры і паплечніка Яўгена Куліка. Кажа, што выбар працы не выпадковы:
«Недарэмна я выстаўляю партрэт Яўгена Куліка. Ён якраз зь ліку тых першапраходцаў, тых патрыётаў, тых нацыяналістаў (звычайна пасьля гэтага дадаюць — у лепшым сэнсе гэтага слова, але ніякіх рэвэрансаў, бо мы этнанацыяналісты і змагаемся за сваё), хто быў на пачатку, хто трымаў гэты сьцяг. Ён увесь час нам гаварыў: давайце яднацца, паасобку мы нічога ня зробім. І гэта было слушна. Нават гэты альбом адзін, два ці тры чалавекі ня здолелі б выдаць у такім абʼёме. Што значыць аднаму сабраць некалькі тысяч даляраў? Па сёньняшнім часе гэта зусім няпроста. А калі мы разам і нас сто чалавек, усё становіцца магчыма. Мы ўжо гатовыя нават думаць з нашымі сябрамі, дызайнэрамі, што ў пэрспэктыве можам спакойна займацца перавыданьнем. Якое яно будзе — цяжка сказаць, але галоўнае, што мы паверылі ў свае сілы».
Мастацтвазнаўцу Тацяну Гаранскую, жонку ня так даўно памерлага мастака Віктара Маркаўца, небеспадстаўна называюць «летапісцам» творчай суполкі. На яе рахунку дзясяткі водгукаў, рэцэнзій на выставы і пленэры, яна больш за 40 гадоў прайшла поруч са знакавымі асобамі «Пагоні». Шмат каго сёньня ўжо няма на гэтым сьвеце. Таму яна першай справай прапанавала ўшанаваць усіх, хто не дажыў да гэтай важнай імпрэзы — такіх у пайменным пераліку ўжо блізу трох дзясяткаў. Некаторыя адышлі трыма пакаленьнямі, як Яўген, Генрых і Ян Ціхановічы.
«Гэтая падзея — адна з галоўных у маім жыцьці. Усё, што было дагэтуль, — прыступкі, падыходы да нечага важнага. Калі побач такія волаты, як Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Уладзімер Сулкоўскі, Віктар Шматаў ды многія іншыя, не выпадала ні збочваць, ні падаць на калені, а рушыць толькі наперад. І калі Яўген Кулік даверыў мне занатаваць ягоныя ўспаміны, гэта быў той момант, калі я зразумела: настаў час і мне сказаць сваё слова... У мяне калясальны мастацтвазнаўчы архіў, але я фізычна не магла быць удзельніцай усіх падзеяў, таму зьвярнулася ў Саюз мастакоў. На жаль, мне сказалі, што патрэбныя матэрыялы даць ня могуць, давялося зьбіраць матэрыялы літаральна па крупінках. Праца была карпатлівая, расьцягнулася на паўтара года, але не хацелася нечага прапусьціць. Цяпер мы можам годна глядзець у вочы адзін аднаму...».
Укладальнік альбома-даведніка «Творчая суполка „Пагоня“» — Ігар Марачкін. Рэдактар — Зьміцер Санько, у рэдакцыйнай калегіі таксама Эдуард Агуновіч, Ягор Батальёнак, Лявон Грышук, Віктар Мікіта, Усевалад Сьвентахоўскі, Георг Скрыпнічэнка, Леў Талбузін, Алесь Цыркуноў ды іншыя вядомыя асобы.
Адметна, што Яўген Кулік, які ўсе гады заставаўся завадатарам «пагонічаў», і ў 2002-м адышоў у іншы сьвет, ніколі так і ня быў кіраўніком суполкі. Гэтую місію за мінулыя чвэрцьстагодзьдзя выконвалі Аляксей Марачкін (1990–1998 і 2007–2011), Мікола Купава (1998–2004), Леў Талбузін (2004–2007) і Генадзь Драздоў (ад 2011-га і па сёньня).