Віцебская крама пячэ булкі «з гендэрным падыходам». ФОТА

Хлебная «разнастайнасьць»

У краме «Эўраопт», якая месьціцца ў Віцебску на Маскоўскім праспэкце, 60, пакупнікам прапануюць хлеб «Жаночы» і хлеб «Для мужчын».

У адказ на спробы распытаць, што за адмысловыя дамешкі ў кожным гатунку, гандляркі толькі рагочуць. І прапануюць пакупніцам самім прыдумаць аргумэнты, як заахвоціць мужоў спажываць «мужчынскі» хлеб. У арыгінале гэты хлебабулачны выраб называецца па-расейску — «Для мужчин», у адрозненьне ад гендэрнага антыпода, названага «Хлеб „Жаночы“», па-беларуску.

Нічога надзвычайнага ў «мужчынскай» выпечцы няма

Паводле прадавачак, назвы прыдумалі тэхнолягі тутэйшай пякарні, якая працуе тут жа, пры краме. Што да складу, то ў «мужчынскім» хлебе галоўныя інгрэдыенты — соль, вада і мука пшанічная.

Ён важыць 200 грамаў, але даражэйшы за хлеб «Жаночы» такой самай вагі. Хлеб «Для мужчын» каштуе 65 капеек, а «Жаночы» — 59 капеек, хоць склад ягоны значна багацейшы: тут ёсьць і семкі сланечніка, і льняное насеньне, і манка, і сушаная морква.

Хлеб «Жаночы» назвалі па-беларуску

Склад хлебу «Жаночага» куды больш разнастайны

Ад пакупнікоў ужо паступалі гумарыстычныя прапановы, каб распрацаваць адмысловую ўпакоўку ды прапаноўваць хлеб у якасьці падарункаў да 23-га лютага і 8-га сакавіка.