Карбалевіч: 23 лютага ў Беларусі афіцыйнае сьвята — Дзень абаронцаў Айчыны і Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік Беларусі павіншаваў усіх суайчыньнікаў з гэтым сьвятам. А па старой традыцыі, якая засталася яшчэ з савецкіх часоў, гэты дзень нефармальна лічыцца днём мужчын. Жанчыны віншуюць мужчын, разам п’юць гарэлку, і ўсе надзвычай задаволеныя.
Калі казаць пра гістарычныя падставы для гэтага сьвята, то яны даволі штучныя нават з гледзішча савецкіх канонаў. 23 лютага 1918 г. была апублікаваная адозва Савету народных камісараў на чале зь Леніным «Сацыялістычная айчына ў небясьпецы». Яна заклікала даць збройны супраціў нямецкім войскам.
А да ўласна беларускай гісторыі, да беларускіх нацыянальных традыцыяў гэтае сьвята ня мае ніякага дачыненьня. Таму нацыянальна арыентаваная супольнасьць не прызнае гэтае сьвята і заклікае яго не сьвяткаваць. У сацыяльных сетках ідуць дыскусіі наконт гэтага. Некаторыя людзі ідуць на катэгарычныя захады, выдаляюць усіх сяброў, якія сьвяткуюць гэтае сьвята.
да ўласна беларускай гісторыі, да беларускіх нацыянальных традыцыяў гэтае сьвята ня мае ніякага дачыненьня. Таму нацыянальна арыентаваная супольнасьць не прызнае гэтае сьвята і заклікае яго не сьвяткаваць
Аднак абсалютная большасьць беларусаў гэты дзень адзначаюць. Ня кожнае савецкае сьвята так шануецца. Мне цяжка ўявіць, які нармальны беларус будзе віншаваць сяброў ці знаёмых, напрыклад, з днём Кастрычніцкай рэвалюцыі ці днём 1 мая. А вось з 23 лютага жанчыны віншуюць знаёмых мужчын. Гэта дзень сьвяткуецца масава нароўні з Днём Перамогі, Новым годам ці 8 сакавіка. Чаму?
Бо ён успрымаецца ў масавай сьвядомасьці не як Дзень абаронцаў Айчыны, а як дзень мужчын. Бо віншуюць усіх мужчын, і тых, якія ня маюць ніякіх адносін да Ўзброеных сіл. Гэта адзіны дзень у годзе, калі можна віншаваць мужчын. Таму гэтая традыцыя такая і ўстойлівая.
І вось тут узьнікае важнае палітычнае і нават паліттэхналягічнае пытаньне. Ці варта дэмакратычным палітыкам нацыянальнай арыентацыі ісьці супраць большасьці, спрабаваць пераламіць тое, што існуе ў масавай сьвядомасьці? Пытаньне не такое простае. Невыпадкова вакол яго віруюць жарсьці ў інтэрнэце. Ва ўсялякім разе, бязь зьмены дзяржаўнай палітыкі гэта зрабіць немагчыма.
У якасьці кампраміснага можна разгледзець такі варыянт. Прызначыць Дзень вайсковай славы на нейкі іншы дзень, напрыклад Дзень бітвы пад Воршай 1514 г. — гэта 8 верасьня. А 23 лютага пакінуць як Дзень мужчын.
Глод: Спачатку пра тое, калі трэба сьвяткаваць. Гісторык Анатоль Сідарэвіч лічыць, што сапраўдны дзень Узброеных сілаў Беларусі — 20 сакавіка. У гэты дзень у 1992 годзе Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб стварэньні Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь» і прыняў закон «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь». Гэта значыць, сёлета варта было б адзначаць 25-ю гадавіну стварэньня Ўзброеных сілаў Беларусі.
Менавіта ад 1991 і 1992 году вядуць адлік сваёй гісторыі Ўзброеныя сілы большасьці постсавецкіх краінаў.
Некаторыя гісторыкі і палітыкі лічаць, што варта адрозьніваць Дзень вайсковай славы, ці Дзень абаронцы Айчыны, ад Дня Ўзброеных сілаў. Легендарныя бітвы (Грунвальд і Ворша) варта ўшаноўваць. Але дзень Узброеных сілаў павінен быць зьвязаны з датай стварэньня сучаснага рэгулярнага войска.
Гісторык Анатоль Сідарэвіч лічыць, што сапраўдны дзень Узброеных сілаў Беларусі — 20 сакавіка. У гэты дзень у 1992 годзе Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб стварэньні Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь» і прыняў закон «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь
А цяпер пра тое, чаму многія жыхары Беларусі сьвяткуюць 23 лютага. Рыхтуючыся да нашай размовы, я прагледзеў некалькі апытаньняў на вуліцах Беларусі. Выходзіць, што адзначаюць па даўняй, яшчэ савецкай завядзёнцы. Многія нават ня думаюць пра гістарычны падмурак гэтага сьвята. Бо пераважныя адказы такія: спраўляем сьвята, бо ў сям’і (альбо на працы) пераважна мужчыны; трэба трошку прыносіць сьвята ў нашае пахмурнае жыцьцё; так сьвяткавалі мае родныя, і я за імі; і што з таго, што іншы мужчына зь якой-небудзь прычыны не служыў у арміі?; я лічу, што ўсе мужчыны 23 лютага заслугоўваюць ад жанчын асаблівай павагі і шчырых віншаваньняў...
Карацей, сьвяткуюць з найлепшых памкненьняў, каб павіншаваць мужчын (не абавязкова каханых) і трошкі адпачыць, і забыцца на нейкі час пра цяжкую рэчаіснасьць. Пра гэта калісьці добра напісала нябожчыца Валерыя Навадворская: «Зьмест сьвята для савецкага народу ніколі ня быў вызначальны, галоўнае было — зьмест бутэлькі і наяўнасьць закускі».
Падабаецца нам гэта ці не, але насамрэч многія беларусы інэртна ідуць за традыцыямі, і ім зусім ня важна, адкуль гэтыя традыцыі ўзяліся і што яны сымбалізуюць.
А цяпер хачу вярнуцца да прапановы Валера Карбалевіча пакінуць 23 лютага як Дзень мужчын. У гэтым ёсьць свая рацыя. І вось чаму. Праглядаючы меркаваньні людзей пра гэты дзень, я заўважыў такі найбольш часты адказ: «На мой погляд, гэта сьвята ўсіх мужчын, бо іншага падобнага ў іх няма. Сапраўдны мужчына павінен ня толькі з аўтаматам у руках абараняць сваю Радзіму, але і быць мэтанакіраваным, мужным, адказваць за свае словы і ўчынкі, берагчы сваю сям’ю, жыць яе клопатамі». Бачыце, што людзі кажуць: іншага сьвята ў мужчын няма.
Але ж у шмат якіх краінах Міжнародным мужчынскім днём лічыцца 19 лістапада. Менавіта ў гэты дзень адзначаюць дасягненьні мужчын у грамадзкім і сямейным жыцьці, а таксама іх стаўленьне да жанчын. Упершыню яго адсьвяткавалі ў 1999 годзе жыхары Трынідаду і Табага. Але да Беларусі гэтае сьвята яшчэ, падобна, не дайшло.
Цыганкоў: Тэма 23 лютага кожны год вельмі гарачая, я б сказаў, канфліктная, хоць само сьвяткаваньне на сёньня пазбавілася нейкага ідэалягічнага сэнсу і засталося проста традыцыяй, зь якой большасьць пагадзілася. Больш за тое, улада гэта падтрымлівае, СМІ.
Але цікава, што ў Беларусі калі кажуць, што ёсьць нейкая традыцыя, якую цяжка парушыць ці зьмяніць, то не заўсёды гэта сапраўды так. Ну вось, напрыклад, традыцыя сьвяткаваць 14 лютага, дзень сьвятога Валянціна ці Дзень закаханых. Яшчэ 25 гадоў большасьць беларусаў проста нічога ня ведала пра гэты дзень. Ён прыйшоў да нас з Захаду ў 1990-я гады і літаральна за 5–10 гадоў стаў настолькі агульнанародным сьвятам, што пераважная большасьць адзначаюць яго, дораць сэрцайкі ў школах. Ну, а дарослыя адзначаюць са сваімі каханымі.
Або 7 лістапада: нават на фоне таго, што яно застаецца ў Беларусі дзяржаўным сьвятам, фактычна яго ўжо ніхто не адзначае. А скажы каму ў 1985 годзе, што некалі, гадоў празь дзесяць, 7 лістапада ня будзе адзначацца, ніхто пра яго асабліва ня будзе ні памятаць, ні ведаць, — не паверылі б. Але калі ў Беларусі ў 1995 годзе вярнулі гэтую дату ў сьпіс афіцыйных сьвяточных дзён, то сапраўды мала беларусаў тады ўспаміналі гэты дзень.
Так што ў фармаваньні так званых агульных сьвятаў няма нічога ўстойлівага, што было б нязьменна
Так што ў фармаваньні так званых агульных сьвятаў няма нічога ўстойлівага, што было б нязьменна. Я паглядзеў, што ёсьць у шмат якіх краінах Дзень таты. У ЗША ён адзначаецца ў чэрвені. І калі б структуры, напачатку грамадзкія, потым СМІ, зьвярнулі ўвагу на такі дзень і сталі актыўна яго прапагандаваць, то, калі б гэта не сустракала рашучага ідэйнага супрацьстаяньня, ён бы паціху, як той Дзень сьвятога Валянціна, уваходзіў у беларускае жыцьцё.
А так з 23-м лютага заўсёды будзе такая супярэчнасьць, зьвязаная з тым, што ўсё-ткі адбылося ў гэты дзень, з ідэалягічнай накіраванасьцю гэтага сьвята. І людзі заўсёды ўспамінаюць, з-за чаго яно зьявілася, і ведаюць, што там нічога не адбылося, што магло б мець дачыненьне да Беларусі. Гэта заўсёды будзе канфліктаваць з жаданьнем асноўнай масы насельніцтва мець нейкі мужчынскі дзень, каб ён быў адпаведнікам 8-га сакавіка. Магчыма, усё больш людзей будуць адмаўляцца сьвяткаваць 23-га, але пакуль ня будзе прапанавана альтэрнатывы, то даволі доўга большасьць будзе ўсё ж такі яго адзначаць.