У Магілёве грамадзкі актывіст Аляксей Паўлоўскі пачаў зьбіраць подпісы пад зваротам, каб вярнулі ў продаж беларускі часнык. Магілёвец цьвердзіць: мясцовыя крамы прадаюць толькі прывазны — кітайскі. У тым, што няма беларускага, ён вінаваціць міністра сельскай гаспадаркі і просіць прыцягнуць яго да адказнасьці. Сваю кампанію збору подпісаў прафсаюзьнік назваў «За беларускі часнык».
Аляксей Паўлоўскі пачаў збор подпісаў ля адной з крамаў пэрыфэрыйнага спальнага раёну абласнога цэнтру. Мясцовыя жыхары зь неахвотаю падпісваліся пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі ды дэлегатаў пятага Ўсебеларускага народнага сходу. Пры гэтым многія, каго актывіст прасіў расьпісацца, абураліся, што беларускага часныку няма ў продажы.
«Як вы лічыце, ці нармальная такая сытуацыя, калі да выбараў беларускі часнык каштаваў 25 тысяч рублёў, а потым ён зьнік, і цяпер прадаецца толькі кітайскі па шэсьцьдзесят тысяч?», — запытваў Аляксей Паўлоўскі мінакоў.
«Гэта няправільна. Нам кітайскае не патрэбнае, — адрэагаваў на пытаньне актывіста мужчына сталага веку. — У нас свая зямля ўрадлівая, і пажадана мець усё сваё».
«Можа, яны вязуць куды наш часнык прадаваць? — выказала меркаваньне наступная суразмоўніца Паўлоўскага. — Я ў краме ўсё кітайскі бачу. Свайго ніколі ня бачыла, толькі на базары бабкі гандлююць ім».
«Дык а чаму яго няма?», — запыталася сама старая ў Паўлоўскага.
Зварот да кіраўніка дзяржавы Аляксей Паўлоўскі напісаў з іроніяй. Адсутнасьць беларускага часныку ў продажы актывіст называе «дывэрсіяй супраць беларускага народу і аўтарытэту наноў абранага прэзыдэнта».
«Для чэснага беларуса часнык, як скварка і чарка, як боршч і шклоўскія гуркі, — нацыянальны прадукт, — цытуе актывіст фрагмэнт свайго ліста. — Без часныку і пальцам пханая каўбаса — не каўбаса. Часнык таксама панацэя ад грыпу і вампіраў, якія ў Беларусі ня рэдкасьць».
Нямала было мінакоў, якія падпісаліся, але задуму Паўлоўскага лічылі дробязнай. На іхную думку, у мікрараёне, дзе яны жывуць, існуюць больш важныя праблемы. Напрыклад, кепскія дарогі.
«Я, вядома ж падпісалася, бо гэта непарадак. Але лепей прайдзіце па раёне і паглядзіце, якія ў нас дарогі. Пасьля дажду не прайсьці па ім ад дома да дома, — абураецца адна з жыхарак раёну. — А часнык... Дык у кожнага другога цяпер дача. Каму трэба, той галоўку часныку купіць за любыя грошы. А вось морква сёлета не ўрадзіла і ў крамах дарагая. Але чаму яна дарагая? Мы ж вырошчваем сваю, беларускую».
Ніводзін зь мінакоў не назваў Паўлоўскаму, хто ж вінаваты ў тым, што беларускаму часныку заступіў дарогу ў беларускія крамы кітайскі. Сам актывіст тлумачыць сваю ініцыятыву тым, што яму сорамна, што няма ў продажы часныку. Прафсаюзьнік вінаваціць у гэтым чыноўнікаў.
Інфляцыя, яны запэўніваюць, замалая, але пасьля выбараў цэны на часнык вырасьлі ў два з паловай разы
«За беларускі часнык я стаў зьбіраць подпісы, бо сорамна мне і жыхарам нашай краіны, што пры такой элегантнай перамозе ў прэзыдэнцкіх выбарах празявалі нашы чыноўнікі высадку такога простага прадукту, які нават не баіцца замаразкаў, і цяпер закупляюць задорага і прадаюць нашым жыхарам. Інфляцыя, яны запэўніваюць, замалая, але пасьля выбараў цэны на часнык вырасьлі ў два з паловай разы».
У гароднінных крамах і сапраўды айчыннага часныку на паліцах няма. Гандлююць кітайскім. У некаторых гэтага прадукту наагул няма. Крамніцы тлумачаць: буйныя гаспадаркі часнык не вырошчваюць.
«На сёньняшні дзень у нас няма часныку. Ёсьць цыбуля, морква, буракі, акрамя часныку», — каротка адказала прадавачка адной з гароднінных крамаў Магілёва.
Ейная каляжанка зь іншай крамы была больш гаваркая. На пытаньне, ці ёсьць у продажы беларускі часнык, адказала: «Ён быў, але хутка скончыўся. Чаму ў нас не вырошчваюць яго? Вырошчваюць — фэрмэрскія гаспадаркі. Цяпер у нас ёсьць часнык, але кітайскі. Я ня памятаю, колькі каштаваў наш беларускі, але кітайскі — 60 тысяч. Гэта нават таньней, чым бабулькі прадаюць на базары», — падсумавала крамніца.
Сёлета ўраджай ніякі. Падгарэла дужа ўсё, і часнык найперш
У фэрмэрскіх гаспадарках кажуць, што сёлета часнык не ўрадзіў. У адной з такіх гаспадарак, даведаўшыся пра збор подпісаў у абарону беларускага часныку, адрэагавалі так: летась трэба было зьбіраць подпісы, каб беларусы куплялі айчыны часнык, бо ён тады ўрадзіў, і фэрмэры ня ведалі, куды яго падзець, а цяпер няма чаго прадаваць.
«Культура гэтая выгадная, але сёлета засуха сваю ролю адыграла. Сёлета ўраджай ніякі. Падгарэла дужа ўсё, і часнык найперш, — тлумачаць сытуацыю адна з фэрмэрак. — Летась было дужа шмат часныку, і яго ніхто не хацеў браць. Нашы людзі пасьпелі прывыкнуць да прыгожага і добрага. Кітайскі часнык з выгляду прыгожы, бялюткі, а наш беларускі саступае яму па таварнасьці».
За першы дзень Аляксей Паўлоўскі сабраў больш за семдзесят подпісаў у абарону беларускага часныку. Пасьля збору подпісаў у мікрараёне актывіст паехаў у цэнтар гораду. Паводле прафсаюзьніка, там людзі актыўней заступаліся за беларускі прадукт. Зварот з подпісам, акрамя Аляксандра Лукашэнкі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, атрымае, кажа Паўлоўскі, і Лідзія Ярмошына. Паводле актывіста, яна забясьпечыла перамогу Лукашэнкі на выбарах, пасьля якіх зьнік з крамаў беларускі часнык.