У 2014 годзе ён атрымаў 5 год узмоцненага рэжыму за выкарыстаньне «злачыннага мэханізму разьмеркаваньня кватэраў у шматпавярховых дамах».
З папраўчай калёніі № 2 гораду Бабруйску вызвалены па амністыі былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец, паведамляе «Камсамольская праўда» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах. Адбылося тое яшчэ ў канцы 2015 году. Афіцыйнага пацьверджаньня ці абвяржэньня ад праваахоўнікаў няма.
За тры гады, якія Піліпец правёў за кратамі, прайшло дзьве амністыі. Піліпца арыштавалі ў 2012 годзе, калі ён ужо не працаваў старшынём Гомельскага гарвыканкаму.
У 2014 годзе пасьля выкрыцьця «злачыннага мэханізму разьмеркаваньня кватэраў у шматпавярховых дамах» суд прысудзіў яму 5 гадоў турэмнага зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму. Такі ж самы вырак атрымаў і іншы фігурант справы, супрацоўнік Упраўленьня капітальнага будаўніцтва Ігар Адарчанка. Трох іншых фігурантаў справы аб злоўжываньні службовым становішчам вызвалілі ў залі суду «паводле амністуючых матываў».
Падчас суду Піліпец казаў пра «жудасныя, а часам і забароненыя законам мэтады, якія выкарыстоўваліся пры расьсьледаваньні», і заявіў, што кіраўніцтва краіны і Аляксандра Лукашэнку наўмысна ўвялі ў зман, утаіўшы сапраўдныя абставіны справы з продажам кватэраў.