У Маскоўскім судзе Менску агалошаны прысуд экс-гендырэктару баскетбольнага клюбу Цмокі-Менск Канстанціну Шараверу.
Экс-гендырэктар прызнаны вінаватым у завалоданьні маёмасьцю праз злоўжываньне службовым становішчам. Шаравера асуджаны на 5 з паловай гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Таксама суд прысудзіў спагнаць з экс-гендырэктара 358 тысяч рублёў. Па адным з 4 артыкулаў Шаравера апраўданы.
На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці будзе ён абскарджваць прысуд, Канстанцін Шаравера адказаў, што пакуль гэтага ня ведае. З жалезнай клеткі былы спартовец падзякаваў прысутным спартоўцам і сябрам за маральную падтрымку.
«Ня веру ў ягоную віну. Мне падалося, што ў судзе яна не была даказаная. Ён гэта рабіў ня дзеля сябе, а дзеля клюбу», — сказаў Свабодзе былы супрацоўнік клюбу Мікалай Іванавіч.
Яшчэ два прысутныя высокага росту таксама былі незадаволеныя прысудам, але сваіх імёнаў не назвалі.
Адвакат Шараверы Ігар Каратчэня сказаў, што рашэньне наконт абскарджваньня прысуду будзе прынята пасьля азнаямленьня з пастановай суду.
Працэс над Канстанцінам Шараверам, заснавальнікам і былым гендырэктарам баскетбольнага клюбу «Менск-2006» (цяпер «Цмокі-Менск»), праходзіў са сьнежня 2015 году, прычым каля 6 месяцаў у закрытым рэжыме.
Канстанцін Шаравера адпачатку не прызнаў віны і адмовіўся даваць паказаньні.
У закрытым рэжыме суд заслухаў некалькі дзясяткаў сьведак-спартоўцаў, у тым ліку дзейных. Спачатку па справе праходзіла і грамадзянская жонка Шараверы, былая супрацоўніца клюбу. Пасьля кампэнсацыі нанесеных стратаў яе вызвалілі ад адказнасьці.
Канстанцін Шаравера быў апраўданы судом па адным з чатырох інкрымінаваных яму артыкулаў — частка 3 артыкула 424. Гэта завалоданьне маёмасьцю праз злоўжываньне ў асабліва вялікім памеры ў складзе групы.
З 2014 году Шаравера пад вартай. Калі прысуд вядомаму спартоўцу ўступіць у сілу, ён зможа выйсьці на волю праз тры з паловай гады.