На месцы былога музэю Вялікай Айчыннай вайны на менскай Кастрычніцкай плошчы кампанія Dana Holdings прапанавала збудаваць бізнэс-цэнтар, які, на думку аўтараў, спалучаў бы клясычны і сучасны стылі. Указ аб будаўніцтве падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Але ідэя спадабалася далёка ня ўсім — на petitions.by супраць праекту падпісаліся больш як 4000 карыстальнікаў.
Архітэктары студыі LEVEL80 architects прапанавалі тры альтэрнатыўныя праекты забудовы плошчы і прадставілі іх на сайце podvigminsk.info. Аўтары альтэрнатыўнага праекту пішуць, што ідэю Dana Holdings лічаць недарэчнай: будынак занадта вялікі, «прыціскае» маштабамі Палац прафсаюзаў, а таксама «пошла» імітуе клясыку, спалучыўшы яе з сучаснымі элемэнтамі. Да таго ж пляцоўку нельга разглядаць асобна ад плошчы і забудовы вакол яе.
Дызайнэры прапанавалі тры канцэпцыі фасаду: «кансэрватыўную» з элемэнтамі канструктывізму, «прагрэсіўную» з хаатычным разьмяшчэньнем вокнаў на фасадзе і «дынамічную» са складаным няроўным контурам будынка.
Сам будынак яны прапануюць зрабіць, калі глядзець зьверху, «расьсечаным» па дыяганалі на дзьве трохкутныя часткі з гандлёвай вуліцай пасярэдзіне. Або, у выпадку «дынамічнага» дызайну, — будынак літарай П з унутранай плошчай і гандлёвай галерэяй.
Падрабязнае апісаньне і абгрунтаваньне праектаў >>>
Тым, хто ня згодны з варыянтам Dana Holdings, архітэктары прапануюць падпісаць згаданую вышэй пэтыцыю і дзяліцца інфармацыяй зь сябрамі. А гарадзкім уладам яны раяць не дазваляць будаўніцтва паводле праекту Dana Holdings і зладзіць адкрыты міжнародны архітэктурны конкурс. Кампаніі-забудоўніку яны раяць прыслухацца да думкі грамадзянаў.
Варыянт Dana Holdings: