Увечары 6 сакавіка на дзяржаўным беларускім тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў 25-хвілінны «спэцыяльны рэпартаж» пад назвай «Звонок сябру». На тле пратэстаў супраць дэкрэту «пра дармаедаў» тэлеканал прыводзіць «запісы тэлефанаваньняў» аднаго зь лідэраў апазыцыі Міколы Статкевіча, настойліва нагадвае пра наступствы ўкраінскай «рэвалюцыі годнасьці».
«Напалоханы сабака гучна брэша», — Статкевіч пра «рэпартаж» БТ
«Радыеактыўны попел» на БТ: камэнтары і рэакцыі ў Беларусі
Украінскія палітолягі пра рэпартаж БТ: маніпуляцыі, прапаганда і выхаваньне страхам
Калі падсумаваць, у перадачы выкарыстаны набор ілжэфактаў, падмены паняцьцяў, штучнае перанясеньне сэнсу, замоўчваньне, стварэньне хлусьлівага кантэксту, які дыямэтральна супрацьлеглы рэальным фактам. Як, напрыклад, цытата хлопца з Гомелю:
У сюжэце БТ:
— Вы ўдзельнік акцыі?
— Ну ня ведаю, можа, і ўдзельнік якой-небудзь акцыі, я ня ведаю…
У жывым рэпартажы на Свабодзе:
— Вы ўдзельнік акцыі?
— Ну ня ведаю, можа, і ўдзельнік якой-небудзь акцыі, я ня ведаю. Як сказаць — удзельнік… Зараз скажу, што ўдзельнік, а заўтра мне — позву ў суд.
Your browser doesn’t support HTML5
Свабода прыводзіць яскравыя моманты «рэпартажу», у якім былі выкарыстаныя ў тым ліку кадры Свабоды ды іншых незалежных СМІ.
Улады добрыя, СМІ кепскія
«Рэпартаж» пачынаецца з прызнаньня: незадаволенасьць і пратэсты супраць дэкрэту «пра дармаедаў» ёсьць. Дыктар падкрэсьлівае, што акцыя, была несанкцыянаванай, але ня згадвае пра спробы атрымаць ва ўладаў дазволы на акцыі, якія не задавальняліся. Ды дыктар тлумачыць: «Дэкрэт ужываюць упершыню, выяўляюцца новыя нюансы, жыцьцёвыя сытуацыі, што немагчыма прадугледзець ніякім законам». Далей заяўляецца, што «ў кожным канкрэтным выпадку ўлады старанна разьбіраюцца, знаходзяць індывідуальны падыход». Пра тое, што з 470 тысяч «патэнцыйных дармаедаў» 300-350 тысяч не сплацілі збор і ім цяпер пагражаюць суды, штрафы і «суткі», ня згадваецца. Праблема, кажа дыктар, у «сродках масавай інфармацыі, што абслугоўваюць інтарэсы радыкальнай апазыцыі».
Сымбаль салідарнасьці — «знак бяды»
БТ зьвяртае ўвагу на адзін з сымбаляў, што ўжываліся на акцыях пратэсту: выяву ўзьнятага ўгору кулака. Міжнародны сымбаль салідарнасьці, які мае паходжаньне прынамсі са старадаўняй Асырыі і які быў папулярызаваны ў ХХ стагодзьдзі нямецкімі камуністамі «Рот фронт», дыктар называе «сымбалем найбольш драматычных падзеяў найноўшай гісторыі, а дакладней знакам бяды». Чамусьці сьцьвярджаецца, што сымбаль зьявіўся ў Югаславіі, хоць той жа «Рот фронт» існаваў яшчэ да абвяшчэньня Каралеўства Югаславія. У любым разе сьцьвярджаецца, што «Югаславію развалілі», але як канкрэтна зьвязаны з гэтым сымбаль салідарнасьці, не гаворыцца.
Апазыцыя — «фэйкавая»
За маршам пратэсту ў Менску, заяўляе дыктар, стаіць «Беларускі нацыянальны кангрэс», «фэйкавая структура пад правадыра». «Правадыром» называецца Мікола Статкевіч (БСДП «Народная грамада»), але ня згадваецца, што ў раду БНК увайшлі таксама Вацлаў Арэшка («Беларускі рух»), Максім Вінярскі («Эўрапейская Беларусь»), Зьміцер Дашкевіч («Малады Фронт»), Алесь Макаеў (рух «Разам»), Уладзімер Някляеў (рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць»), Генадзь Фядыніч (прафсаюз РЭП) і Станіслаў Шушкевіч (БСДП (“Грамада”)). Чаму такі рух «фэйкавы», не тлумачыцца. «Яшчэ адной фэйкавай структурай» называецца «Эўрапейская Беларусь», згадваюцца яе чальцы Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка і галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна, актывісты Максім Вінярскі і Яўген Афнагель.
Але пазьней заяўляецца, што на маршы 17 лютага ў Менску не было лідэраў апазыцыйных партый і рухаў, хоць напраўду іх (Статкевіча, Някляева, Фядыніча, Севярынца і многіх іншых) там можна было пабачыць — нават на кадрах Свабоды, якія БТ прыводзіць пасьля гэткай заявы.
Забылі, што Статкевіча пасадзілі
Пра Статкевіча ж гаворыцца, што «безь яго даўно не абыходзіцца ніводная маштабная заваруха», але прыводзяцца ў прыклад толькі тры акцыі пратэсту: «Чарнобыльскі шлях-1996», «Марш свабоды-1999» і «Плошча-2010». Пасьля ён «выпаў з вулічнай абоймы». Па БТ ня кажуць, што ён «выпаў» у турму — быў асуджаны на 6 гадоў за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Таксама ня згадваецца, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году былі затрыманыя 8 зь 10 кандыдатаў у прэзыдэнты. Названыя вышэй актывісты «Эўрапейскай Беларусі», заяўляе дыктар, таксама «выпалі з абоймы», але пра затрыманьні і турму зноў ня згадваецца (пасьля Плошчы-2010 Саньнікаў і Бандарэнка сядзелі да красавіка 2012 году, Радзіна праз два месяцы па затрыманьні была адпушчаная пад падпіску пра нявыезд і зьехала зь Беларусі, Вінярскі быў арыштаваны на 15 сутак. Афнагеля не затрымлівалі, два апошнія не спынялі палітычнай актыўнасьці ў Беларусі пасьля Плошчы).
Статкевіча праслухоўвалі? Калі так, то ці законна?
У «рэпартажы» прыводзяцца нібыта тэлефанаваньні Статкевіча Бандарэнку. У аўдыё ёсьць відавочныя прыкметы мантажу, але пра мантаж вядоўца не папярэджвае. Тэлеканал не называе крыніцу паходжаньня аўдыё — невядома, ці законнае было праслухоўваньне, а калі законнае, то на якой падставе. Як доказ «рэжысуры народнага пратэсту» прыводзіцца абмеркаваньне аплаты праезду актывістаў з рэгіёнаў за свае грошы. Іншая размова, быццам Статкевіча з Аляксандрам Сманцарам, названым дыктарам «крымінальным бізнэсоўцам», які нібыта раіў Статкевічу ў 2010 годзе «заходзіць у Кабмін, садзіцца ў крэсла і націскаць кнопкі» (паўтараецца некалькі разоў), а цяпер фінансуе Статкевіча. Прыводзяцца зробленыя нібы ў Кіеве здымкі сустрэчы Статкевіча і Сманцара, але хто за імі сачыў, калі такая сустрэча сапраўды была, не гаворыцца. Прыводзіцца таксама фраза, у якой нібыта Статкевіч называе кагосьці «г**нюком».
Украіна як страшылка. Раптоўна Бандэра!
Больш за палову хранамэтражу рэпартажу займаюць кадры не зь Беларусі, а з Украіны. «Тым, хто скакаў на Майдане, цяпер вельмі кепска. Многія ўжо загінулі на франтах, многія ня могуць выжыць на тыя капейкі, што засталіся», — кажа ўкраінскі палітоляг Уладзімер Карнілаў, які ў 2017 годзе зьяўляецца толькі на сайтах, што падтрымліваюць «ДНР» і «ЛНР». Прыводзяцца і словы іншых «украінскіх палітолягаў», якія заяўляюць, што палітыкі здрадзілі пратэстоўцам на Майдане, празь які быў страчаны Крым. Аб прычынах Эўрамайдану не гаворыцца, як і пра тое, хто расстрэльваў «Нябесную сотню» і на якіх франтах гінуць украінцы. Пазьней прыводзяцца нават кадры байца на Данбасе зь бела-чырвона-белым сьцягам на плячах і эмблемай батальёну «Азоў» на фоне; згадваецца, што першым на Эўрамайдане загінуў беларус Міхал Жызьнеўскі, але заяўляецца, што «хто яго забіў, невядома» — нібы «не выключаецца вэрсія, што яго забілі свае», каб зрабіць «рытуальнай ахвярай».
Затым дыктар пераходзіць да падзеяў Другой усясьветнай вайны — заяўляецца, што «Хатынь спалілі бандэраўцы» (насамрэч, паводле афіцыйна прынятай вэрсіі, — 118-ы батальён шуцманшафту, у якім большую частку складалі не ўкраінскія нацыяналісты, а палонныя савецкія афіцэры і ўласаўцы). І пераносіцца назад у сучаснасьць: згадваецца пагром расейскага банку ў Кіеве, у якім сярод украінцаў бралі ўдзел беларускія дабраахвотнікі Васіль Парфянкоў і Эдуард Лобаў; затрыманьне беларускага дабраахвотніка з падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве ды іншых, якіх называюць «баевікамі, што расстрэльваюць мірнае насельніцтва Ўкраіны». Сьцьвярджаецца, што Тактычная група «Беларусь» нібыта «хоча ваяваць у Беларусі», хоць тая заяўляе крыху іншае: «У выпадку „крымскага сцэнару” Беларусі дапамогуць украінскія добраахвотнікі».
Анархіст «рыхтаваў тэракт»?
Аўтары «рэпартажу» зьвяртаюць увагу на ўдзел у акцыях супраць дэкрэту «пра дармаедаў» прадстаўнікоў анархісцкага руху, «за плячыма якіх цэлы шлейф цёмных спраў». У «пацьвярджэньне» прыводзяцца кадры нейкіх вулічных боек — час і месца не называюцца, на кадрах замазаная дата. Робіцца заява пра раней невядомае затрыманьне (нібы 3 ліпеня 2014 году ў Бабруйску быў затрыманы анархіст Сяргей Раманаў, які ехаў на Дзень Незалежнасьці ў Менску з тратылам). Чаму пра «падрыхтоўку тэракту» не гаварылася цягам амаль трох гадоў, невядома. Бацька Сяргея Раманава пасьля выхаду рэпартажу перапытаў у карэспандэнта «Нашай Нівы»: «Што за глупствы? Тэракт? Я таму башку скручу, хто гэта ўсё прыдумаў». Пазьней ён распавёў сваю вэрсію затрыманьня сына.
Але ад гэтай тэмы рэпартаж хутка пераходзіць да падзеяў ва Ўкраіне, дзе дзейнічалі нібы «натхняльнікі» беларускіх анархістаў — баевікі з «павязкамі са свастыкамі» (свастыку ўгледзелі ў сымбалі батальёну «Азоў» — вэртыкальна перакрэсьленай літары N). Беларускія анархісты, сьцьвярджае БТ, «бяруць ва Ўкраіне ад 500 да 3000 даляраў на выступ» (не ўдакладняецца, на чалавека ці на ўсю акцыю).
«Анансаваныя» тэракт і правакацыі на «Маршы недармаедаў»?
«Ці дасьць Статкевіч удзельніку мітынгу гарантыю, што яму ня стрэліць у сьпіну нейкі кантужаны на Данбасе дабраахвотнік з „Правага сэктару”?», «Ці дасьць Статкевіч гарантыю, што той жа кантужаны не прыхопіць на мітынг выбухоўку, якая выбухне ў натоўпе?» і «Хто дасьць гарантыю, што анархісты з „кактэйлямі Молатава” ня зладзяць у Менску другую Адэсу?» — пытае дыктар, сьцьвярджаючы, што на Майдане «стрэламі ў сьпіну паклалі сотні людзей», а «гранаты з зоны АТО выбухаюць практычна штодзень» (пад гэтую фразу прыводзяцца кадры забойства Паўла Шарамета, хоць пра гэта ня кажуць). Дыктар заяўляе, што «дагэтуль ня могуць вызначыць, хто гэта зрабіў» (гэта так), а ўкраінец Уладзімер Карнілаў сьцьвярджае, што першымі стралялі «з гатэлю „Ўкраіна”, з нумароў дэпутатаў „Свабоды”», а «значная частка „Нябеснай сотні” — ахвяры «баевікоў Майдану».
Ці сапраўды ёсьць пагроза правакацыяў і тэрактаў на «Маршах недармаедаў», дыктар ня кажа, але беларускія сілавікі пра такое пакуль публічна не папярэджвалі.
P.S. Пратэсты, дармаеды, Статкевіч… цялятка!
Прыблізна на 7 хвіліне 27 сэкундзе, пасьля кадраў менскіх пратэстаў і заяў пра пэнсію Статкевіча ў «рэпартажы» раптоўна зьяўляецца цяля: маўляў, «вайсковая хітрасьць» Статкевіча заключаецца ў тым, што «ласкавае цялятка дзьвюх матак сьсе» (прымаўка агучаная па-беларуску). Пасьля фота цяляці зноў дэманструюцца кадры менскіх пратэстаў, Эўрамайдану і баявых дзеяньняў на Данбасе.