626 тысяч піянэраў і акцябратаў: адкуль іх нагналі?

«Яны ўсё ж вымусілі дачку павесіць піянэрскую анучку з камунісцкімі колерамі сабе на шыю», — у піянэрах па афіцыйных зьвестках 4 зь 10 дзяцей адпаведнага ўзросту, у акцябратах — да 9 зь 10.

Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя адзначыла Дзень Канстытуцыі Беларусі прыняцьцем у свае шэрагі новых чальцоў арганізацыі. БРПА — гэта акцябраты і піянэры адначасна. Арганізацыя кажа пра сябе як пра найбуйнейшую дзіцяча-моладзевую непалітычную грамадзкую арганізацыю краіны. Пры гэтым лідэры БРПА разам з кіраўнікамі БРСМ маюць працоўныя месцы ў будынку былога ЦК ВЛКСМ Беларусі на вуліцы Карла Маркса, што ў цэнтры Менску.

Піянэрка з 75-гадовым «стажам»

Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя летась адзначыла 25-годзьдзе сваёй новай беларускай гісторыі. На 1 студзеня гэтага году БРПА налічвала 626 тысяч дзяцей. Зь іх 232 тысячы — акцябраты ўзростам 7–9 гадоў, і 393 тысячы — піянэры ў веку ад 10 да 18 гадоў. Сваю арганізацыю кіраўнікі называюць найбуйнейшай дзіцяча-моладзевай арганізацыяй краіны, створанай выключна на добраахвотнай аснове. Мэта дзейнасьці — грамадзка-патрыятычная: «Дапамагчы кожнаму піянэру стаць Грамадзянінам, сваімі справамі і ўчынкамі прыносіць карысьць сабе, сям’і, Радзіме», — кажа Марына Багданава, намесьніца старшыні арганізацыі:

«Мы зьяўляемся прадаўжальнікамі лепшых традыцый, бо ня ўсё так было дрэнна зь піянэрскай арганізацыяй у савецкія часы. Піянэрскія дружыны дзейнічаюць амаль ва ўсіх установах адукацыі, але не на ўсе 100%. Гэта залежыць ад жаданьня на месцах стварыць піянэрскія дружыны, выключна на добраахвотнай аснове — мы нікога не абавязваем. Уступленьне ў акцябраты і піянэры да 14 гадоў адбываецца з дазволу бацькоў, а пасьля 14 — па жаданьні саміх дзяцей. З 14 гадоў чалавек атрымлівае пашпарт, з гэтага ўзросту наступае адміністрацыйная адказнасьць, — то, натуральна, гэта самастойны чалавек. Але сябрам арганізацыі можа быць любы грамадзянін краіны незалежна ад узросту. У нас ёсьць піянэрка, якая ўступіла ў арганізацыю 19 мая 1941 году».

«Месца, куды ўпала зорка, назвалі „нулявы кілямэтар“ — пачатак усіх дарог у цэнтры сталіцы, на Кастрычніцкай плошчы»

Сучасная гісторыя і атрыбутыка беларускіх акцябратаў-піянэраў істотна розьніцца ад гісторыі і зьнешніх сымбаляў іхніх савецкіх папярэднікаў. У легендзе пра беларускіх акцябрат, у прыватнасьці, гаворыцца:

«У далёкія-далёкія таямнічыя часы жылі такія ж хлопцы, як вы — адважныя і цікаўныя. Яны жылі ў цудоўнай краіне сярод зялёных лясоў, сініх азёр і рэк. Адно іх толькі засмучала — яны не маглі пакідаць горад, у якім жылі, таму што дарог яшчэ не было... Але аднойчы ўвосень, у кастрычніку, калі зоркі на небе былі ў зэніце, начное блакітнае неба разрэзала падаючая зорка. Яна была зусім маленькая і павалілася проста ў горад, на адну з плошчаў сталіцы... Месца, куды ўпала зорка, назвалі „нулявы кілямэтар“ — пачатак усіх дарог у цэнтры сталіцы краіны, на Кастрычніцкай плошчы, а адважных дзяцей — акцябраты».

Легенда аб «Творцы і маленькім чалавеку» — важатым

У адрозьненьне ад акцябрат, беларускія піянэры маюць адразу некалькі легендаў свайго паходжаньня. Адна зь іх называецца «Легенда аб Творцы і маленькім чалавеку»:

«Было гэта ў пачатку жыцьця... сядзеў на вяршыні гары вялікі Творца і глядзеў уніз на Зямлю. Было яму вельмі сумна. Што ж я зрабіў ня так? Чаму яны так ненавідзяць адзін аднаго?.. І раптам Творца ўбачыў, як на гару спрытна караскаецца Маленькі Чалавек. Трэба ж, які малады і які настойлівы! Твар адкрыты, сур’ёзны, а вочы добрыя-добрыя. Пастой! Куды ты сьпяшаесься? Як цябе клічуць? — Няма калі мне, о Вялікі! Там, ля вогнішча, чакаюць мяне дзеці! А імя маё — важаты!»

Ёсьць легенды і пра іншыя знакі і сымбалі піянэрыі: вогнішча, сьцяг, гальштук. Чырвона-зялёны гальштук ужо не сымбалізуе чырвоную кроў і еднасьць піянэраў-камсамольцаў і камуністаў. Ускінутая ўгору рука — ня сымбаль узвышэньня грамадзкага над асабістым, а проста піянэрскае прывітаньне. Акцябрацкі і піянэрскі значкі — бязь Леніна, з абрысамі Беларусі ў чырвона-зялёным аздабленьні.

БРПА — арганізацыя грамадзкая, будынкі — дзяржаўныя

Марына Багданава падкрэсьлівае, што БРПА — грамадзкая арганізацыя, і пэдагогі-арганізатары ў навучальных установах працуюць з акцябратамі-піянэрамі на грамадзкіх асновах. Уступаючы ў арганізацыю, дзеці плацяць разавы ўзнос, які «па сілах» зрабіць кожнаму дзіцяці. Пры гэтым кіраўніцтва Цэнтральнай рады БРПА месьціцца ў будынку былога ЦК ВЛКСМ на вуліцы Карла Маркса, што ў цэнтры Менску і побач з прэзыдэнцкай адміністрацыяй, кажа Марына Багданава:

«На Карла Маркса знаходзіцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, і мы — Цэнтральная рада Беларускай рэспубліканскай піянэрскай арганізацыі — таксама там знаходзімся. Мы не арандуем памяшканьня — так склалася гістарычна».

«Грамадзкая арганізацыя», за якую агітуюць дзяцей у школах

Ці сапраўды ініцыятыву і жаданьне стаць акцябратамі ці піянэрамі выказваюць самі дзеці і іх бацькі? Пра гэта пытаюся ў бацькоў школьнікаў. Цікаўлюся таксама іх думкаю пра грамадзкі статус БРПА-БРСМ. Маці вучня 6 клясы менскай гімназіі № 23 Алена кажа:

«Пра грамадзкія арганізацыі ўжо паводле назвы можна меркаваць, што яны заснаваныя і дзейнічаюць за сродкі і сіламі грамадзкасьці. Гэта значыць, што, акрамя юрыдычнай працэдуры складаньня статуту, сходу заснавальнікаў, рэгістрацыі яны маюць абавязак мець юрыдычны адрас. Гэта значыць — альбо мець уласнае памяшканьне, альбо арандаваць яго, выплочваючы вялікія на сёньняшні дзень грошы. БРПА-БРСМ — як так разумею — атрымала будынак каля прэзыдэнцкай адміністрацыі ў падарунак ад дзяржавы, бо не арандуе яго, але мае там свае памяшканьні. Якая яшчэ грамадзкая арганізацыя ў краіне атрымала ад дзяржавы такі падарунак, а галоўнае — за якія заслугі? Альбо за якую яшчэ грамадзкую арганізацыю, акрамя акцябратаў-піянэраў, дзяцей агітуюць у школах? То якая ж гэта тады грамадзкая арганізацыя — яна наўпрост зьвязаная зь дзяржаўнымі структурамі. І тут сапраўды можна казаць пра „пераемнасьць традыцыяў“, бо толькі ў савецкія часы камуністы-камсамольцы будавалі сабе лепшыя будынкі за грошы падаткаплатнікаў.

Тое ж самае тычыцца і дзейнасьці гэтай арганізацыі ў школах. Наша гімназія беларускамоўная і знаходзіцца ў цэнтры гораду. Сюды дзяцей прывозяць з розных куткоў Менску менавіта дзеля таго, каб яны маглі вучыцца па-беларуску. Таму бацькі ў пераважнай большасьці маюць актыўную жыцьцёвую пазыцыю і добра ведаюць ролю бальшавізму ў гісторыі краіны. Таму ў нашай гімназіі пра акцябратаў-піянэраў нават і гаворкі ніхто ня вёў. Але зьмянілася дырэктарка, і клясная кіраўніца раптам пачала запытваць у дзяцей, хто б хацеў стаць піянэрам, і каб перапыталі ў бацькоў, ці даюць яны дазвол. У нашай клясе такіх ахвочых, натуральна, не знайшлося, але ў самой гімназіі кажуць, што нешта такое ўсё ж такі зьявілася».

«Вымусілі маю дачку павесіць піянэрскую анучку з камунісцкімі колерамі сабе на шыю»

У школе з гэткім жа нумарам 23, якая месьціцца на ўскраіне Менску, становішча з піянэрыяй амаль супрацьлеглае. Ня ўсім бацькам удаецца нават дамагчыся, каб дзяцей не прымалі ў гэтую арганізацыю. Гаворыць бацька 12-гадовай Анэлі Зьміцер Марчук:

«У нашай школе дзяцей прымалі пагалоўна, проста гвалтам заганялі. Спачатку агітавалі за акцябрат-піянэраў, а пасьля проста ўсіх заганялі. Я пайшоў да дырэктаркі і кажу, што навошта вы агітуеце за акцябратаў, піянэраў? Калі гэта грамадзкія арганізацыі, то чаму не агітуеце за іншыя арганізацыі таксама? Да прыкладу, за Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, за Малады фронт, за Маладых дэмакратаў ці якія іншыя? У дзяцей павінна быць альтэрнатыва, і чаму вы яе дзяцей пазбаўляеце?

Мая былая жонка дала згоду, каб дачку прынялі ў піянэры, але я маёй думкі ніхто не пытаў і яна нікому была не цікавая. Хіба гэта законныя дзеяньні адміністрацыі? Я пазьней высьвятляў — толькі адна дзяўчынка з клясы, дзе вучыцца дачка, нікуды не ўступіла. Я сам чалавек веруючы, і ў яе бацькоў перапытаў таксама, ці яны вернікі. А яны кажуць, што не, ня веруючыя, але ведаем, колькі крыві на руках у бальшавікоў, а гэтыя дзіцячыя арганізацыі — іх пасьлядоўнікі, таму нам яны не патрэбныя. І я цалкам іх падтрымліваю.

Я запытваўся ў знаёмых, ці адбываецца такі масавы загон дзяцей у прабальшавіцкія арганізацыі ў іншых школах. Дзякуй Богу, не ўва ўсіх. Я хацеў зразумець, чым жа выклікана гэткае ўпартае ідалапаклонства перад камуністычнымі д’яблавымі ідаламі ў гэтай школе? Няўжо дзеля таго, каб выказаць падзяку галоўнаму бальшавіцкаму ідэолягу краіны, бо гэтая школа самая дарагая з усіх? Як бы там ні было, вынік такі, што Бог карае людзей і краіну за ідалапаклонства. І, нягледзячы на мае забароны, яны ўсё ж вымусілі маю дачку павесіць піянэрскую анучку з камунісцкімі колерамі сабе на шыю! Вось так настаўнікі і кіраўнікі школы выхоўваюць у дзяцей непавагу да бацькі! Такім чынам яны вымушаюць дзяцей парушаць адну з 10 запаведзяў, каб шанавалі сваіх бацькоў! Не баяцца гнявіць ні Бога, ні людзей, ад чаго Божае пракляцьце і пакараньне не мінула гэтую школу! Менавіта ў гэтай школе перад ганкам загінуў вучань пад коламі аўтамабіля падчас бацькоўскага сходу, пра што быў розгалас у СМІ ў лістападзе 2012 году».

Інфаграфіка вялікім памерам

Фотарэпартаж з прыёму ў піянэры і акцябраты