Забітыя скульптар Леанід Богдан з жонкай. Падазраюць 17-гадовага ўнука

Леанід Богдан за працай над памятным каменем

У Слоніме «падчас спрэчкі сваякоў» былі забітыя мясцовы скульптар Леанід Богдан і ягоная жонка. Пра гэта ў ліку першых паведаміла Радыё Рацыя.

Пазьней міліцыя апублікавала аповед пра дэталі забойства, які, паводле зьвестак СМІ, тычыцца здарэньня з Богданамі. Паводле міліцыі, 17-гадовы ўнук жорстка забіў сваіх бабулю і дзядулю, у якіх жыў у Слоніме.

Канфлікт адбыўся, калі дзядуля і бабуля знайшлі ўнукаву электронную цыгарэту і прынялі яе за прыстасаваньне для ўжываньня наркотыкаў. Унук раззлаваўся, узяў нож і мэталёвы шуфель, імі забіў бабулю і моцна параніў дзядулю. Дзядуля маліў выклікаць хуткую, але ўнук узяў у гаражы сякеру і дабіў дзядулю.

Пасьля ўнук выкінуў адзеньне і сякеру ў балота ля ракі Шчары, пайшоў у Сьвята-траецкі сабор і распавёў сьвятару пра нібыта рабаўнікоў у масках, якія ўварваліся ў дом і ўчынілі забойствы. Міліцыя на месцы злачынства выявіла, што рабаўнікоў не было, затрымала ўнука і распачала крымінальную справу за двайное забойства.

Дзядуля і бабуля мелі дастаткова грошай, унук вучыўся ў гімназіі зь сярэднім балам каля 7. Маці хлопца зьехала ў Арабскія Эміраты, дзе цяпер жыве з новай сям’ёй, бацька працуе ў Менску.

***

Леанід Богдан, паводле Радыё Рацыя нярэдка бясплатна дарыў свае работы гораду і людзям. У ліку ягоных работаў бюсты і выявы Гражыны Адама Міцкевіча, Міхала Казіміра Агінскага, Францішка Скарыны, паэтаў Анатоля Іверса, Валянціна Таўлая, Алега Лойкі і іншых выбітных людзей, мастак рабіў мэмарыяльныя шыльды Язэпа Стаброўскага і Міхала Казіміра Агінскага, мэмарыяльны камень на месцы Слонімскага замчышча.