Партыя БНФ, рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду» ня бралі ўдзелу ў арганізацыі першых «Маршаў недармаедаў». Але цяпер падкарэктавалі свае пазыцыі.
Рух «За свабоду» далучыўся да арганізацыйнага камітэту кампаніі «Мы не дармаеды», які ўжо вызначыў графік новых акцыяў пратэсту супраць дэкрэту № 3. У плянах — акцыі ў 10 гарадах, могуць дадацца і іншыя гарады. Завяршальныя акцыі — 15 і 25 сакавіка ў Менску.
Cустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі сказаў Свабодзе, што цяпер удакладняецца час і месца яшчэ адной акцыі — у Віцебску. Фармат акцыяў будзе вырашацца з рэгіянальнымі актывістамі «па сытуацыі», але некаторыя дэталі агульныя.
На акцыі ў Бабруйску, кажа ён, была выпрацаваная такая фармулёўка дзеяньняў: пратэстоўцы зьбіраюць подпісы і зьвяртаюцца да мясцовых уладаў з патрабаваньнем спыніць дзеяньне дэкрэту для ўсіх жыхароў адпаведнага населенага пункту — гарвыканкамы, кажа Рымашэўскі, могуць прыняць такое рашэньне.
У ліку патрабаваньняў таксама павінны быць заклікі да дзейных дэпутатаў падтрымаць пратэст сваіх выбарцаў, а калі не — то каб такіх дэпутатаў адклікаць. Таксама ў рэгіёнах будуць прапаноўваць далучацца да менскай акцыі пратэсту 15 сакавіка.
«Мы разумеем, што нашымі пратэстамі мы ставім ультыматум уладам, — кажа Рымашэўскі. — Трэба, каб не дзясяткі — сотні тысяч подпісаў былі сабраныя, каб гэтымі подпісамі паставіць перад выбарам беларускія ўлады і пэрсанальна Лукашэнку: ісьці насустрач патрабаваньням народу ці выступаць супраць народу. Калі адказ будзе нэгатыўны, можна будзе ставіць далейшыя патрабаваньні. Мы плянуем яшчэ шэраг акцыяў на вясну. 15 сакавіка будзе толькі пачаткам масавага абуджэньня, акцыяў за правам людзьмі звацца».
Беларусы зьвярталі ўвагу на тое, што сярод патрабаваньняў «недармаедаў» не гучалі заклікі вярнуць грошы тым, што ўжо сплаціў збор. Рымашэўскі ж кажа, што скасаваньне дэкрэту будзе аўтаматычна значыць, што дзяржава павінна вярнуць грошы «тым, хто захоча іх прыняць». Ён дапускае, што могуць быць і тыя, хто захоча «альтруістычна ахвяраваць гэтыя грошы дзяржаве».
У аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» разам з БХД увайшлі АГП, «Справядлівы сьвет», БСДП(Г), «Зялёныя» і іншыя, а таксама рух «За свабоду», які першапачаткова да маршаў ставіўся скептычна. Але ў аргкамітэт не ўвайшлі БНФ і кампанія «Гавары праўду».
«Асноўныя нашы арганізацыйныя высілкі сёньня скіраваныя на 25 сакавіка, — кажа Свабодзе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Мы лічым гэтую акцыю надзвычай важнай, можа, ключавой цягам усёй вясны. Але я асабіста зьбіраюся быць на акцыі 15 сакавіка. Нашы людзі таксама там будуць».
«Мы бачым, што людзі вырашаюць быць сьмелымі, бачым, што трэба сёньня абʼядноўвацца супраць гэтага дэкрэту і іншых несправядлівых законаў і дзеяньняў улады, і ня толькі вулічным пратэстам, — кажа кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году, адна зь лідэраў кампаніі „Гавары праўду“ Тацяна Караткевіч. — Мы ведаем, што толькі 11% заплаціла, астатнія ня плоцяць. Гэта таксама рашэньне, якое патрабуе нейкай волі. А яшчэ было б лепш, каб большасьць людзей выказала сваю пазыцыю пісьмова.
Мы падтрымаем гэта. Нашы актывісты на месцах, дзе будуць абвешчаныя вулічныя пратэсты, я думаю, далучацца. Але мы думаем, што кожны дзень дарагі. Трэба ўдзельнічаць ва ўсіх мэтадах, каб гэты дэкрэт скасавалі.
25 сакавіка мы адназначна пойдзем на акцыю, а 15-га — будзем глядзець, прымаць рашэньне. У нас цяпер вельмі вялікі графік рэгіянальных паездак — мы лічым, што і гэта вельмі важна.
Яшчэ ёсьць шмат людзей, якія нават баяцца пераступіць ганак раённых адміністрацыяў, каб выказаць сваю пазыцыю, яны баяцца пісаць нават звароты ў падатковую... Сёньня кожнае дзеяньне любога чалавека, якое пазначае яго грамадзянскую пазыцыю, робіць яго мацнейшым. І што „Гавары праўду“ падстаўляе плячо — гэта вельмі важна».