На пачатку верасьня 2014 году Вярхоўны Суд вызначыў уладальнікам гандлёвага знаку «Белсат» на тэрыторыі Беларусі Андрэя Белякова — кіраўніка кампаніі ў продажы абсталяваньня для прыманьня спадарожнікавага і кабэльнага тэлебачаньня.
Рашэньнем суду Telewizja Polska S.A. абавязаная спыніць выкарыстаньне гандлёвага знаку «Белсат» пры трансьляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адмовіцца ад яго выкарыстаньня на інтэрнэт-сайце тэлеканалу, які таксама даступны на тэрыторыі Беларусі. Польскі бок таксама павінен быў выплаціць Белякову 9 988 800 недамінаваных рублёў.
Аднак, кажа Андрэй Белякоў, за прамінулы час сытуацыя ніякім чынам не зьмянілася. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды пацьвердзіў, што сёньняшнія непрыемнасьці зь ператрусамі і канфіскацыяй тэхнікі і абсталяваньня ў «Белсатау» пачаліся пасьля ягонай чарговай заявы:
«Сапраўды, гэта так. Яны ж мне грошай не аддалі, нават судовых выдаткаў не кампэнсавалі. Гэтая Агнешка (дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы. — РС) усё „зажала“, ні капейкі не дала. За тыя 2,5 года нічога не атрымалі, нават праз акружны суд Варшавы нічога зь яе не ўдалося выціснуць. Сядзіць на грашах, як у той казцы, а плаціць даўгі ня хоча».
Андрэй Белякоў сьцьвярджае, што «польскі Белсат» нахабна парушае ягоныя правы інтэлектуальнай уласнасьці. Што, уласна кажучы, і пацьвердзілі беларускія і міжнародныя судовыя інстанцыі:
«Правілы выкарыстаньня таварнага знаку парушаюць, грошай не выплочваюць, нават на судовыя расходы. То бок занялі такую цікавую пазыцыю, хоць Вярхоўны Суд вырашыў спрэчку на маю карысьць. А яны цалкам усё ігнаруюць — і рашэньне нашага суду, і акружнога суду Варшавы, і мадрыдзкія пагадненьні. Нічога не выконваецца. Таму трэба як мінімум вярнуць грошы, якія я на іх змарнаваў. Дарэчы, яны ж на мяне самі першыя ў 2012 годзе з позвай і напалі. Так што сытуацыя такая».
Цікаўлюся ў спадара Белякова, як хутка адрэагавала сталічная міліцыя на ягоную заяву.
«Ня памятаю, калі падаваў заяву дакладна, але сёлета. Больш ніякіх дэталяў ня ведаю, асабліва ў той частцы, якім чынам можна прымусіць сплаціць мне грошы. Але прынамсі працэс пайшоў...».
Андрэй Белякоў перакананы, што выкарыстаньне «Белсатам» падобнага гандлёвага знаку наносіць шкоду ягонай камэрцыйнай дзейнасьці.
Гандлёвы знак «Белсат» быў зарэгістраваны кампаніяй Telewizja Polska S.A.у 2002 годзе ў Польшчы. На наступны год падобны гандлёвы знак зарэгістравала ў Беларусі фірма «Хайтэкмаркет». У 2006 годзе права на гандлёвы знак «Белсат» у Беларусі было саступлена Андрэю Белякову.